Прыро́да ’рэальнасць, існасць, не створаная чалавекам’, ’прыродныя асаблівасці’, ’натура, характар’; ’мясцовасць па-за горадам’, ’паходжанне; спадчыннасць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., ТС, Жд., Нар. лекс., Сл. ПЗБ), ’род, кроўная радня’ (ТС), зборн. прыро́ддзе ’парода, род’ (Жыв. сл.). Укр. приро́да, рус. приро́да, польск. przyroda, в.-луж. přiroda, н.-луж. pśiroda, чэш. přiroda (ужо ст.-чэш.), славац. príroda, серб.-харв. при́рода, славен. priroda, балг. при́рода, макед. природа. Аддзеяслоўны назоўнік ад прырадзі́ць < радзіць (гл.), параўн. прыраджэ́нне ’ўласцівае ад нараджэння; натура’ (Нас.). Паводле Махэка₂ (494) першапачаткова тое, што ўрадзілася ў гэтым годзе, прырост збожжа, жывёлы (гл. прыро́д). Даволі позна фіксуецца ў славянскіх мовах: у чэшскай мове вядома з XIV ст. побач з přirozenie і přirozenost (гл. Андзел, Зб. Крапіве, 37); у польскай з XIX ст. у якасці заменніка przyrodzenie (Банькоўскі, 2, 948); у рускай мове слова ўпершыню адзначаецца ў 1704 г. Гэта дазваляе паставіць пытанне аб калькаванні лац. nature ’прырода’ < лац. nasci (дзеепрым. natus) ’нарадзіцца’, прынамсі, у першым значэнні, першапачаткова кніжнымі ўтварэннямі, параўн. ст.-бел. прироженье, пасля збліжанымі з народнымі тэрмінамі тыпу ст.-бел. природокъ ’прыплод’ і назоўнікамі ўро́да, врода ’ўрадлівасць’. Праславянскі характар слова дапушчальны (параўн. Сной₂, 578: *priroda ’ўсё, што нараджаецца, расце, множыцца’), аднак семантыка застаецца да канца нявысветленай (параўн. Німчук, Давньорус., 14).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)