Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тырка́н ‘чорны таракан, Blatta orientalis’ (глыб., Жыв. НС). Фанетычны варыянт да таркан, тарака́н, гл.

Тыркаце́ць (тыркоце́ць) ‘тарахцець, трашчаць’ (жытк., Жыв. НС). Фанетычны варыянт да туркацець ‘тс’, дзеяслова інтэнсіўнага дзеяння ад ту́ркаць1 (гл.).

Ты́ркаць1 ‘тыкаць’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ‘утыкаць што-небудзь вострае’ (Нас.), ‘саджаць’ (Нас., Юрч. СНЛ), ‘закладаць, насаджваць (снапы ў азярод)’ (рагач., калінк., Сл. ПЗБ), ‘засоўваць (грэбень у валасы)’ (рагач., Сл. ПЗБ), ‘бадзяцца, валэндацца’ (Зайка Кос.), тыркаты ‘поркаць, утыкаць’ (Клундук), ты́ркнуць ‘усунуць, тыкнуць’ (Нас.), ‘паказацца, з’явіцца’ (Сцяшк.), тыркану́цца ‘высунуцца’ (Бяльк.), тырну́ць ‘высунуць, выставіць, паказаць’ (Юрч. СНЛ), сюды ж ты́ркаць нос ‘заглядваць’; утыркну́ць ‘уткнуць’, ‘спешна, на хаду падаць што-небудзь’ (Нік., Оч.) — у сувязі з апошнім параўн. харв. tȓk, серб. тр̑к: у тр̑ку ‘на бягу’, тр̏ка ‘беганіна’. Гукапераймальнае (рухапераймальнае) утварэнне ад тырк ‘штоўх, пыр’ (Нас.), ‘тырк’ (Байк. і Некр.), якое можна супаставіць з літ. tùrk‑terėti ‘штурхнуць’ (Буга, Rinkt., 1, 490). Карскі следам за Шахматавым на фоне ўсх.-слав. *trъk‑ разглядае як выпадак т. зв. трэцяга поўнагалосся (Карскі 1, 258) — экспрэсіўна пераўтворанае то́ркаць (Фасмер, 4, 132). Варбат (Исслед., 64) бачыць у рус. ты́рнуть ‘усунуць’ (пры торкнуць, гл.) ступень падаўжэння рэдукцыі ў дзеясловах на ‑*ati і некаторых дзеясловах на ‑*nǫti.

Ты́рла ‘месца на пашы, дзе стаіць жывёла (авечкі, каровы, коні) у час гарачыні або ноччу’ (ТСБМ), ‘месца збору і адпачынку касцоў’ (Ян.), тырло ‘месца, дзе ў поўдзень дояць кароў’ (П. Місько). Параўн. укр. ти́рло, те́рло, ти́рво ‘месца на пашы для збору жывёлы’, ‘такавішча’, рус. ты́рло ‘агароджанае месца, стойла для скаціны’. Паводле Фасмера (4, 132) і ЕСУМ (5, 572), запазычанне з рум. tîrlă ‘загон для авечак’, якое ўзыходзіць да серб. тр́ло ‘зімовае памяшканне для жывёлы’, дыял. трла̀ ‘тс’, харв. tŕlo ‘тс’, балг. тъ́рло, макед. трло ‘летні загон для авечак’, генетычна звязаных з прасл. tьr̥ti ‘церці’ > це́рці (гл.); мяркуемая зыходная форма *tьrdlo (Куркіна, Этимология–1976, 30). Сюды далучаюць таксама формы аналагічнага паходжання са значэннем ‘нераст, нерасцілішча’, ‘цёрла, церніца’ і інш., што ўзводзяць да прасл. *tŕ̥dlo (Борысь, 627) або да прасл. *tŕ̥lo, параўн. ст.-слав. тръло (ESJSt, 16, 991).

Тырмазы́ ‘калыска, якую бралі ў час жніва’ (шкл., ЛА, 3). Параўн. тормозова́ць ‘тузаць’ (ТС), укр. дыял. тормоси́ти ‘цягаць, тузаць, трасці’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне з дыялектнай фанетыкай (пераход а > ы; с > з) ад тармасі́ць (гл.), канчатак, як у тычаны ‘трыножнік для падвешвання калыскі ў полі’ (Касп.), гл.

*Тырно́ўка, тырны́вка ‘свята паміж Пакровамі і днём св. Міхаіла’ (Клім.), тэрно́ўка, тарно́ўка ‘свята, дзень Параскевы Сербкай, 14/25 кастрычніка’ (Талстая, Полес.). Назва выводзіцца з імені святой Параскевы Тырнаўскай, балг. св. Петка Търновска ад г. Търново ‘Тырнава (у Балгарыі)’, культ якой зліўся з культам св. Параскевы Сербскай пад агульнай назвай пя́ценка (гл.), падрабязней гл. Талстая, Полес., 558.

Тырпа́чык ‘зламаны ножык’ (Бяльк.). Відаць, варыянтная мясцовая форма да тарпа́чык, памянш. ад тарпа́к (гл.), адзначанага толькі як ‘спружыноўка’ побач з трапач ‘тс’ (рас., Шатал.), што можа разглядацца як форма з метатэзай ад трапаць (гл.); дзеяслоў тырпа́чыць ‘рэзаць, шаткаваць’ (Ян.), зафіксаваны ў іншай мясцовасці, пры трыпачыць ‘апрацоўваць зямлю спружыноўкай’ (рас., Шатал.) сведчыць на карысць такога паходжання. Дапускае магчымасць пры пачатковай змене к > т, напр., *карпачык ад карпаць2 ‘укараціць’ (гл.) або іншамоўны ўплыў — ад’ідэацыя іншых слоў, параўн. тур. tırpan ‘серп, каса’, гл. і наступнае слова.

Тырпуга́, тэрпуха́ ‘мянташка’ (Сл. Брэс., Касп.), трапуга́ ‘тс’ (ДАБМ), тэрпу́ха, тэрпу́га, трыпу́га ‘тс’ (зах.-палес., ЛП); сюды ж тырпу́жыты ‘мянціць касу’ (там жа). Няясна; параўноўваюць з укр. карп. терпу́г, терпу́га ‘піла’, торпу́жити ‘церці, шліфаваць’, рус. терпу́г ‘напільнік, рашпіль’, дапускаюць запазычанне з цюркскіх моў, параўн. тур. törpü, азерб. төрпу, ст.-цюрк. törpüg ‘піла’, ‘напільнік, рашпіль’, törpi ‘абстругваць’ (Фасмер, 4, 49; ЕСУМ, 5, 558). Аднак абмежаваны арэал ужывання на захадзе ўсходнеславянскай тэрыторыі і пераважна аддзеяслоўнае паходжанне назваў рэаліі ставіць пад сумненне прынятую этымалогію, ва ўсякім разе, дапускае мажлівасць збліжэння з трапаць (гл.), польск. дыял. tyrpać ‘торгаць, біць, штурхаць’, укр. те́рти ‘церці’, параўн. терпу́га ‘апілкі’ (ЕСУМ, 5, 558), што вяртае да вядомай этымалогіі Міклашыча (353).

Тырр, тыр-р — выклічнік, выражае грукат хутка ад’язджаючага воза, раптоўны гром, нечаканы трэск ад падзення дробных прадметаў, гук пры разбіванні посуду, адначасовы стрэл з ружжаў (Нас.), перадае стук па штыкецінах: палкыю па кольліх тыр‑р (мсцісл., Нар. лекс.). Гукапераймальны імітатыў з інтэнсіўным значэннем, утвораны шляхам падваення апошняга гука, параўн. укр. вурр — пра гырканне сабакі пры звычайным вур (Смаль-Стоцкі, Приміт., 62, 148). Гл. таксама тыр-тыр.

Ты́рса ‘від кавылю, кавыль валасісты, Stipa capillata’ (ТСБМ), тырса́ ‘стэпавая трава Stipa’ (Ласт.). Параўн. укр. ти́рса ‘кавыль перысты, Stipa pennata’, рус. ты́рса ‘кавыль валакністы’, ти́рса ‘каласоўнік, мятліца’, польск. tyrsa ‘кавыль’, ‘калаўротнік, пустазелле’. Паводле Лаўчутэ (Балтизмы, 12), глухі варыянт літ. dìrsė, dìrsa ‘каласоўнік, Bromus L.’. Параўн. ды́рса, гі́рса (гл.), варыянт з пачатковым т‑, хутчэй за ўсё, русізм або ўкраінізм, не вядомы народнай мове (гл. Кіс.).

Тырса́ ‘апілкі’ (ТСБМ, Нар. Гом.; парыц., Янк. Мат., ТС; ветк., Ск. нар. мовы), ‘пілавінне’ (рэч., Нар. сл.; капыл., Жыв. сл.; бых., слаўг., касцюк., лун., ЛА, 1), тріса́ ‘тс’ (стол., там жа); ты́рса ‘пілавіны, апілкі, смецце’ (Бяльк., Ян., Растарг., Мат. Маг., Мат. Гом., ПСл; ганц., Сл. ПЗБ; слуц., карм., клім., чэрык., чач., лельч., ЛА, 1); тырс ‘тс’ (чач., ЖНС), ты́рша ‘пілавінне’ (калінк., ЛА, 1, Сл. ПЗБ), ты́рста ‘тс’ (Арх. ГУ). Параўн. укр. ти́рса ‘тс’, рус. ты́рса ‘тс’. Безумоўна, звязана з це́рці (гл.), с (ш) пасля зычнага асновы мае ўзмацняльную функцыю, падобную да аналагічнай у пырса ‘пілавінне’ ад пырсь, пырскаць, гл. Рэдкія дыялектныя формы кі́рса, кірса́ ‘тс’ (гом., ЛА, 1) адлюстроўваюць фанетычныя з’явы варыянтнасці t на поўдні Беларусі, дзе захоўвалася (гл. Векслер, Гіст., 228), параўн. старое літ. tirti ‘спрабаваць, даследаваць тручы, паціраючы’ (Смачынскі, 689).