Разгільдзя́й ’нядбайны, безадказны ў працы, справах чалавек’ (ТСБМ), разгільдзя́істы ’нядбайны, безадказны’ (Юрч. СНЛ). Запазычана з рус. разгильдя́й, якое, паводле Фасмера (3, 433), утворана аналагічна растрепа́й ’абарванец’ ад загаднай формы (таксама Праабражэнскі, 2, 175) і, магчыма, звязана з рус. ги́ль ’лухта, глупства’. Папоў (Из истории, 35) прапануе версію паходжання ад татарскага ўласнага імя Уразгильды, Уразгильдей, Разгільдей, Разгільдяй.
Разгламаздзі́ць ’разабраць, расплесці’ (Юрч. СНЛ), разгламазда́чыць, разгламаздзя́чыць ’разгрувасціць’ (Юрч. СНЛ), разгломоздзи́ць ’раструшчыць’ (Нас.), гламза́ ’неакуратная асоба’, гламжэ́нне ’псаванне, неакуратная работа’ (Юрч. СНЛ). Здзіўляе фармальнае падабенства з гламазда́ ’расцяпа, нехлемяжы і пад.’ (гл.), але ў такім выпадку застаюцца незразумелымі семантычныя сувязі. Апошнія формы можна параўнаць з літ. glamužỹs ’кіпа’, ’стос’, glámžymas ’камячанне’, glámžyti ’камячыць’. Фармальнае падабенства прымушае меркаваць і пра сувязь з гро́мазд (гро́мызд, гро́мыст) ’вялікія непатрэбныя рэчы, хлам’ (Юрч.; мсцісл., Нар. сл.), рус. гро́мо́зд ’куча непатрэбных рэчаў, хлам’, громозди́ть ’бязладна класці’, польск. gromaździć ’нагрувашчваць’, якія звязаны з грамада́ (гл.), а ‑л‑ на месцы ‑р‑ узнікла пад уплывам слова гламазда.
Разгля́блы ’разлезлы’ (ваўк., Сл. ПЗБ). Ад *расхля́блы, параўн. хлябы ’упалыя бакі (у каня, каровы)’ у выніку азванчэння ‑х‑. Гл. хля́ба.
Разго́гаць ’разбіць’, разго́гацца ’разбіцца’ (Нас.). Да го́гаць ’біць адно аб другое’, го́гнуць ’стукнуць’, го́ганне ’удар аднаго звонкага прадмета аб другі’ (Нас.), укр. го́гіт ’іржанне’, ’моцны і працяглы гук, шум’. Гукапераймальныя ўтварэнні, параўн. ЭССЯ, 6, 194–195. Звонкі варыянт у раско́каць ’разбіць’ (што звязана з кока ’яйка’, ко́кнуць, гл.).
Разго́ены ’раскіданы’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Няясна. Магчыма, звязана з гайно́ (гл.).
Разго́йшыць ’растраціць’ (дзятл., люб., ганц., Сл. ПЗБ). Экспрэсіўнае ўтварэнне на базе го́йсаць ’бегаць’ (гл.). Параўн. літ. išgaišìnti ’растраціць’ (няпоўная калька?).
Разго́н 1 ’гвалтоўнае рассейванне тлуму’, ’рух з паступова нарастаючай скорасцю’ (ТСБМ), ’размах’ (Касп.), ’разбег’ (ашм., Стан.). Ад раз- і гнаць, ганяць (гл.).
Разго́н 2 ’пасаг маладой у выглядзе гаспадарчай маёмасці, статак’ (Федар.). Магчыма, семантычная інавацыя на базе разагнаць, разагна́цца, г. зн. даць асновы і стымул для далейшага развіцця сямейнай гаспадаркі. У песні чаргуецца з прыгон, параўн.: Wyżań swuoj razhòn, wyżań swuoj pryhòn, / katory da minie nahnàła (там жа). Розныя тыпы пасагу?
Разгон 3 ’расліна расходнік, Glechoma hederacea L.’ (Касп.). Відаць, сінанімічнае ўтварэнне да асноўнай назвы.
Разго́раць ’расстарацца’ (Мат. Гом.). Да аго́раць, гл. агораны.
Разго́ўтацца ’разагнаць сон, прачнуцца’ (Бяльк.; бялын., Янк. 3.). Гл. агоўтацца.
Разграшы́ць ’дазволіць’ (чач., ЖНС). Іранічнае асваенне рус. разреши́ть ’тс’.