Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Пры́гаць, пры́гнуць ’скакаць, скокнуць’ (Бяльк.), прыга́ць ’тс’ (Янк. 2); таксама перан. пры́гаць ’знаходзіцца ў перыядзе цечкі (пра карову)’ (чач., ЛА, 1). Агульная ўсходнебеларуская лакалізацыя зафіксаваных форм паказвае на запазычанне з рус. пры́гать. У рускай мове лічыцца ўласным утварэннем ад прасл. кораня *pryg‑ < *prūg‑, які з’яўляецца працягам і.-е. *preu̯‑/*prou̯‑/*prŭ‑ з фармантам ‑g‑ (Чарных, 2, 77). Без гэтага фарманта корань (часткова ў назалізаванай форме) рэалізуецца таксама ў назоўніку пружы́на, прыметніку пры́ткі 1 (гл.), дзеяслоўнай аснове рус. пряг‑ (< *pręg‑, параўн. напрягать). Роднасныя неславянскія ўтварэнні знаходзяць перш за ўсё ў балтыйскіх мовах з пачатковым s‑: літ. sprùgti, (is)sprùkti, sprùkstu ’ўцячы, выслізнуць’, лат. sprùga, sprūgt, sprùku ’тс’ (Фасмер, 3, 390–391; Чарных, 2, 77; там жа гл. іншыя, больш далёкія паралелі і крытычны агляд папярэдняй літ-ры). Гл. таксама пры́жыць 2.

Прыга́ць, пріга́ць ’прагна есці’ (жытк., Нар. словатв.; ТС). Дыялектны фанематычны варыянт дзеясловаў пра́гнуць, прэ́гці (гл.).

Прыгаша́ць ’прыбіраць, прыгожа адзяваць’ (Ласт.). Да незафіксаванага *го́шыць/*гашы́ць ’прыводзіць у належны стан; гатаваць, рыхтаваць і пад.’, параўн. ст.-рус. гоши(ти) ’рыхтавацца’ (берасцяная грамата XII ст., Зализняк, Древненовг., 318), гошити ’рабіць, рыхтаваць’ (наўг., Сразн., помнік XVI ст.), рус. смал., пск., наўг., цвяр., ярасл. гоши́ть ’гатаваць, рыхтаваць; збіраць у дарогу; назапашваць’, укр. закарп. гоши́ти, гоші́ти ’падпільноўваць каго-небудзь; што-небудзь вельмі любіць’, гоши́тися, гоші́тися ’гатавацца; узбуджацца’. Філін (Происх., 593) лічыў гошити старажытным паўночна-заходнім лексічным дыялектызмам, які быў вядомы і на крайнім паўднёвым захадзе. Звязваюць таксама з гоноши́ть ’нагрувашчваць, збіраць’, гоноши́ться ’рыхтавацца’ (так ЕСУМ, 1, 578), што не падаецца пэўным (параўн. у гэтым кантэксце прасл. *gonositi ў ЭССЯ, 7, 25–26). Этымалогія беспрэфіксальных форм няясная. Ва ўсякім выпадку, не мае рацыі апеляцыя да вельмі сумнеўнага *го́ха ’харчовыя прыпасы’ (ЕСУМ, 1, 578). Параўн. рус. пск., цвяр. пригоша́ть, пригоши́ть ’гатаваць, рыхтаваць на запас’, пск. приго́ха ’страва; харчовыя прыпасы’. На семантыку наўг. приго́ха ’прыгожая дзяўчына, жанчына; прыгажуня’, як і бел. прыгашаць ’прыбіраць, прыгожа адзяваць’, паўплывала, безумоўна, семантыка лексем з коранем прыго́ж‑. Гл. Антропаў, Palaeoslavica, XII, 1, 2004, 141–142.

Прыгла́баць ’прыбраць да рук’ (Байк. і Некр.). Прэфіксальнае ўтварэнне да гла́баць ’забіраць, рабаваць’ (гл.). Гл. таксама ЕСУМ, 1, 518 (пад глаби́на).

Прыго́да ’нечаканы выпадак; цікавае, незвычайнае або рызыкоўнае здарэнне’ (ТСБМ, Шпіл., Нас., Гарб., Мал., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Ян., ТС), ’падстава, прычына’ (Мік., Гарэц.); з працягам семантыкі прыго́д ’хваравіты стан, перапуду выніку нечаканага здарэння, выпадку’ (Нар. Гом.) і вытворны прыметнік прыго́длівы ’нешчаслівы, непаспяховы’ (Шпіл.). Сюды ж дэсемантызаванае прыго́да, якое ўжываецца ў значэнні неазначальнага займенніка: — Де ваш аграном? — Прыгода его знае, не знаю (Ян.), ст.-бел. пригода ’выпадак; нечаканы выпадак, у выніку якога што-небудзь здарылася; абставіны’. Узыходзіць да прасл. *prigoda < *prigoditi (гл. прыгадзі́ць), прэфіксальнае да *goditi. Магчымае развіццё семантыкі можа выглядаць наступным чынам: ’дапамагчы, спатрэбіцца і пад.’ → ’дапамагчы пры выпадку’ → ’выпадак’. Укр. приго́да ’патрэба, карысць; прыгода, здарэнне; няшчасце, няшчасны выпадак’, рус. зах.-бранск. приго́да ’прыгода’, смал. ’бяда, нягода, няшчасце’, ст.-рус. пригода ’выпадак; непрыемнасць, няшчасце; пярэчанне’, польск. przygoda, каш. prëgoda, чэш. příhoda ’здарэнне, выпадак’, славац. prihoda, в.-луж. příhoda, н.-луж. pśigoda ’тс’, серб.-харв. при̋года ’(зручны) выпадак’, балг. прѝго̀да ’выпадак; зручнасць’. Таксама сюды ж утварэнні з захаваннем першаснай семантыкі прасл. *prigoditi (sę): прыго́да ’дапамога; выгада’ (Нас., Мал.), прыго́да ’патрэба’ (мін., Шн. 2; ваўк., Арх. Федар.; Нар. Гом.) у выразе: быць (стаць) у прыгодзе ’згадзіцца, спатрэбіцца’ (ТСБМ, Нар. Гом.), стаць у (вялікай) прыгодзе ’спатрэбіцца пры выпадку, спатрэбіцца ў цяжкім становішчы, пры незвычайным здарэнні’ (Янк. БФ), прыго́дны ’такі, які падыходзіць да чаго-небудзь, які можа спатрэбіцца, здатны, які прыносіць карысць; прыдатны для выкарыстання’ (Байк. і Некр., ТСБМ), прыго́длівы ’статны, прыгожы’ (Нар. Гом.). Гл. Копечны, Zákl. zásoba, 290–291; БЕР, 5, 706.

Прыго́жы ’прыемны, гожы, сімпатычны’ (ТСБМ, Шпіл., Нас., Мік., Ласт., Байк. і Некр., Яруш., Растарг.; чэрв., Сл. ПЗБ), пріго́жый ’тс’ (Бяльк.). Сюды ж вытворныя рознасуфіксальныя назоўнікі: прыгажо́сць, прыго́жасць ’уласцівасць прыгожага; што-небудзь прыгожае, чароўнае; хараство; прыгожае (агульнае паняцце); прыгожы знешні выгляд; прыгажуня’, толькі мн. л. прыгажо́сці ’прыгожыя мясціны; тое, што робіць уражанне сваім прыгожым выглядам’, у значэнні выклічніка ’выклікае захапленне, адабрэнне і пад.’ (Шпіл., Байк. і Некр., Яруш., ТСБМ), прігажо́сьць, прыго́жысьць ’прыгажосць’ (Бяльк.). Працягвае ст.-бел. пригожии ’прыгодны, прыдатны, адпаведны, належны’ (Сл. Скарыны), прэфіксальнае ўтварэнне ад го́жы (гл.).

Прыго́н перан. ’грамадскі лад, заснаваны на прыгонным праве; прыгонніцтва; дармавая прымусовая праца сялян на памешчыка ў часы прыгоннага права; паншчына; збор працаўнікоў, якіх прыгналі на паншчыну’ (Мік., Мядзв., Др.-Падб., Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Касп., ТСБМ, ЛА, 3), прыго́н, пріго́н ’прыгон, паншчына’ (клім., Бяльк.), прыго́н, прыгуо́н ’тс’ (Сл. ПЗБ), прыго́ншчына ’прыгонніцтва’ (Нік. Очерки), прыго́ннік ’прыгонны селянін; працаўнік, якога прыгналі на паншчыну; працаўнік, якога нанялі на пэўны тэрмін працаваць 2–3 дні ў тыдзень’ (Нас., Ласт., Байк. і Некр., Касп.), прыго́нка, прыго́нніца ’прыгонная сялянка; працаўніца, якую прыгналі на паншчыну’ (Нас.); параўн. з процілеглымі значэннямі: прыго́ннік ’памешчык, які карыстаўся прыгонным правам, меў прыгонных сялян; рэакцыянер’ (ТСБМ), прыго́ншчык ’той, хто прыганяе або назірае за працай на паншчыне, падганяе да працы’ (Нас., Байк. і Некр.). Ст.-бел. пригнати, пригоняти, пригнатися, пригонатаи ’наглядчык’ (Сл. Скарыны). Да прыганя́ць (гл.).

Пры́горніца ’загнетак’ (ПСл). Да прыгарну́ць ’прысыпаць’, гл. гарну́ць, гарта́ць.

Прыго́ўтацца (прыго́ўтаціса) ’супакоіцца’ (пруж., Сл. ПЗБ). Прэфіксальнае ўтварэнне ад незафіксаванага *го́ўтацца. Няясна. Цікава, што арэал распаўсюджання роднасных форм (верагодна, агульны) — паўднёварускі і ўкраінскі: кур., арл., разан., варонеж. прыголта́ться ’прызвычаіцца, асвоіцца; прыцярпецца’, варонеж. ’налажыцца; прыстасавацца’, укр. приго́втатися ’асвоіцца, азнаёміцца’ < приго́втати ’прывучыць; асвоіць, азнаёміць’. Параўн. аго́ўтацца (гл.).

Прыгро́за ’пострах’ (Нас., Яруш.). Бяссуфікснае ўтварэнне ад прыгразі́ць, што да гразі́ць (гл.), параўн. дзеепрым. прыгражо́ны ’запужаны’ (брасл., Сл. ПЗБ).

Прыгру́ніць ’прымусіць, змусіць; падагнаць; прымусіць хутчэй рабіць што-небудзь’ (Шат.). Да гру́ніць з той самай семантыкай. Сюды ж прысл. грунь, угру́нь ’бягом, вельмі хутка (бегчы)’ (Гарэц.), грунём ’вельмі хутка; бягом; бегчы з усёй моцы’ (барыс., бых., клім., бялын., Бяльк., Нар. сл., Нар. словатв.), якія працягваюць зыходнае для вытворных прасл. *grǫdnь ’асаблівы конскі алюр; рысь’ (ЭССЯ, 7, 148). Семантычнае развіццё можа выглядаць наступным чынам: ’конскі алюр’ → ’вельмі хуткі, імклівы рух’ → ’прымушэнне рабіць хутчэй’ і г. д.