Прыго́да ’нечаканы выпадак; цікавае, незвычайнае або рызыкоўнае здарэнне’ (ТСБМ, Шпіл., Нас., Гарб., Мал., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Ян., ТС), ’падстава, прычына’ (Мік., Гарэц.); з працягам семантыкі прыго́д ’хваравіты стан, перапуду выніку нечаканага здарэння, выпадку’ (Нар. Гом.) і вытворны прыметнік прыго́длівы ’нешчаслівы, непаспяховы’ (Шпіл.). Сюды ж дэсемантызаванае прыго́да, якое ўжываецца ў значэнні неазначальнага займенніка: — Де ваш аграном? — Прыгода его знае, не знаю (Ян.), ст.-бел. пригода ’выпадак; нечаканы выпадак, у выніку якога што-небудзь здарылася; абставіны’. Узыходзіць да прасл. *prigoda < *prigoditi (гл. прыгадзі́ць), прэфіксальнае да *goditi. Магчымае развіццё семантыкі можа выглядаць наступным чынам: ’дапамагчы, спатрэбіцца і пад.’ → ’дапамагчы пры выпадку’ → ’выпадак’. Укр. приго́да ’патрэба, карысць; прыгода, здарэнне; няшчасце, няшчасны выпадак’, рус. зах.-бранск. приго́да ’прыгода’, смал. ’бяда, нягода, няшчасце’, ст.-рус. пригода ’выпадак; непрыемнасць, няшчасце; пярэчанне’, польск. przygoda, каш. prëgoda, чэш. příhoda ’здарэнне, выпадак’, славац. prihoda, в.-луж. příhoda, н.-луж. pśigoda ’тс’, серб.-харв. при̋года ’(зручны) выпадак’, балг. прѝго̀да ’выпадак; зручнасць’. Таксама сюды ж утварэнні з захаваннем першаснай семантыкі прасл. *prigoditi (): прыго́да ’дапамога; выгада’ (Нас., Мал.), прыго́да ’патрэба’ (мін., Шн. 2; ваўк., Арх. Федар.; Нар. Гом.) у выразе: быць (стаць) у прыгодзе ’згадзіцца, спатрэбіцца’ (ТСБМ, Нар. Гом.), стаць у (вялікай) прыгодзе ’спатрэбіцца пры выпадку, спатрэбіцца ў цяжкім становішчы, пры незвычайным здарэнні’ (Янк. БФ), прыго́дны ’такі, які падыходзіць да чаго-небудзь, які можа спатрэбіцца, здатны, які прыносіць карысць; прыдатны для выкарыстання’ (Байк. і Некр., ТСБМ), прыго́длівы ’статны, прыгожы’ (Нар. Гом.). Гл. Копечны, Zákl. zásoba, 290–291; БЕР, 5, 706.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)