Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Про́шукі ’скрытыя, тайныя дзеянні, накіраваныя на дасягненне заганных ці злачынных мэт’ (ТСБМ). Да шукаць (гл.). Калька рус. происки ’тс’ < искать ’шукаць’.

Про́шча1 ’месца (крыніца, камень) у лесе, сярод балота, надзеленае надзвычайнай сілай; святое месца’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Касп., Доўн.-Зап.), ’капліца’: абракацца хадзілі людзі ў прошчу (светлаг., SOr, 39, 356); ’багамолле’ (Нас.). Укр. про́ща ’паломніцтва; адпушчэнне грахоў; надмагільная прамова’, рус. про́ща ’адпушчэнне грахоў, цудоўнае выздараўленне’, ст.-рус. проща ’тс’. Паводле Фасмера (3, 387), узыходзіць да *prostja ад prostъ (гл. просты), першапачаткова ў значэнні ’вольны’, параўн. ст.-бел. простый ’свабодны, вольны’, у тым ліку ’вольны ад хваробы, грахоў’, чэш. prostiti ’вызваліць’, ст.-рус. простити ’зрабіць здаровым’, укр. прости́ти ’дараваць’, што паўплывала на першасную семантыку слова (гл. ЕСУМ, 4, 606).

Про́шча2 ’неахайніца’ (Касп.). Этымалагічна ўзыходзіць да просты (гл.), г. зн. ’непрыбраная, недагледжаная жанчына’; да семантыкі параўн. проставалосая ’з непрычасанымі валасамі на галаве’, да фанетыкі ст.-бел. прощъ ’проста, прама’. Параўн. яшчэ прасцяк, прастуха і да т. п.

Про́шчыня ’палатно, вытканае ў 2 панажы’ (пін., Шатал.), прошчыне́ ’тс’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), про́шчынʼа́, прошчыне́ ’тэхніка ткання на дзвюх нічанках і двух панажах, калі кожная нітка ўтка пераплятаецца з кожнай ніткай асновы пад прамым вуглом’ (Уладз.). Да просты (г. зн. просты від пляцення) з суф. ‑y‑ або ‑ja (*prostja) і з суф. *‑yni > ыня, як у рус. простыня́ < *prostyni (аб суфіксе гл. Слаўскі, SP, 1, 139 і наст.).

Про́шыб ’памылка’ (Сцяшк. Сл.). Дэрыват з нулявым суфіксам ад дзеяслова *прашыбаць, параўн. рус. прошиби́ть ’прабіць, праламіць’, ’памыліцца, зрабіць промах’. Да шыбаць, ашыбаць (гл.).

Про́-. Націскны варыянт прыстаўкі пра- (гл.)