Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лі́пцы ’прыманка з жабы, на якую ловяць ракаў’ (ваўк., Сл. паўн.-зах.). Відавочна, узыходзіць да прасл. lip‑ьcь < ‑lipati > лі́пнуць, хаця адпаведнікі ў іншых слав. мовах не знойдзены.

*Ліпчы́ца, лыпчы́ца ’гладун гладкі, Herniaria glabra L.’ (драг., Нар. лекс.). Да лі́пнуць (гл.). Расліна названа паводле паўзучасці сваіх сцяблін, якія, рассцілаючыся, нібы прыліпаюць да зямлі.

Ліпя́нка ’сыраежка’ (раг., Сл. паўн.-зах.). Няясна. Магчыма, гэта перанос назвы з нейкіх ліпкіх грыбоў.

Лі́ра ’даўнейшы народны беларускі струнны музычны інструмент з клавішамі і корбай’ (ТСБМ, Маш., Яруш.), ле́ра, ле́рэя ’тс’ (ТС, Сцяшк., Бяльк.), рэля (БелСЭ, 6). Паводле Слаўскага (4, 276), запазычана з польск. мовы, у якой lira паходзіць з лац. lyra < ст.-грэч. λύρα ’ліра, лютня’. Формы ле́ра, ле́рэя, відавочна, звязаны з ням. Leier; яны маглі ўзнікнуць на польскай тэрыторыі (параўн. польск. lejer), а пасля ўступіць у кантамінацыю з ліра. Сюды ж лірнік ’вандроўны беларускі музыка-пясняр, які акампаніруе сабе на ліры’ (ТСБМ), ’цымбаліст’ (Яруш., Інстр. I), лірніцкія (песні) ’жабрацкія’ (светлаг., Мат. Гом.).

Ліру́тны ’падобны’ (шчуч., Сцяшк. Сл.). З вяру́тны (гл.). Аб пераходзе в > л гл. Карскі 1, 340–341.

Лі́рыка ’адзін з родаў мастацкай літаратуры’, ’сукупнасць лірычных твораў’, ’чуллівасць, перажыванні, настрой’ (ТСБМ). Як і польск. liryka (XIX ст.), паходзіць з франц. (poésie) lyrique, ням. Lyrik ’лірыка’ < лац. lyrica ’ода, лірычная песня’ < ст.-грэч. λυρικός ’лірычны паэт’ < λύρα ’ліра, сяміструнны інструмент’. Крукоўскі (Уплыў, 85) мяркуе, што бел. лірыка паходзіць з рус. мовы.

Ліс ’драпежная жывёла з сямейства сабачых, Vulpes vulpes’, ліса́ ’самка ліса’, ’футра гэтай жывёлы’, лісіца, лісіцка ’ліс, ліса’ (ТСБМ, Касп., Нас., Бяльк., Шат., Сцяшк., Яруш., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.); ліс, ліса — ’пра хітрага, ліслівага чалавека’, ’падліза’ (Нас., ТСБМ). Укр. лис, лиса́, лиси́ця, рус. лис, лиса, лиси́ца, арханг. лиса́ва; польск. lis, lisiec, lisa, lisica, liszka, ст.-польск. liszyca, палаб. laiskə; н.- і в.-луж. liška, чэш., славац. liška, lišiak, ст.-чэш. lisa, славен. lisíca, lisják, lȉs, серб.-харв. ли̑с, лѝсица, лиси̏ца, lesica, ли̏ска, ли́сац, лѝсјак, liśȃk, лиса і з XVIII ст. ли́ха > ли́ја, ли̑х, ли̑ј, макед. лиса, лисица, лисец, лишʼица (та) ’тс’, лишка ’звер’; балг. лиса, лисица, ст.-слав. лиса ’ліс, ліса’. Прасл. lisъ, lisica; для зах.-слав. варыянта liš‑ъka Слаўскі (4, 292) не выключае праформу lixa, паралельную да lisa (супраць чаго Трубачоў (Этимология–73, 179)). Відаць, прасл. lisa генетычна звязана з літ. lãpė, лат. lapsa, ст.-прус. lape, лац. volpēs, vulpēs (< *u̯ləps), ст.-грэч. ἀλώπηξ ’ліс (а)’, ст.-інд. lōpāśá‑, ’шакал’, с.-перс. rōpās, брэтон. louara, арм. ałues ’ліс’, літ. vilpišỹs ’дзікі кот’, якія можна аднесці да і.-е. асновы *u̯l̥pek̑‑ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 139), а для прасл. выводзіцца *u̯leipk̑‑ > lisa або *u̯leip‑soi/‑sā ў аўтараў: Бернекер, 1, 724; Фасмер, 2, 500; Скок, 2, 306; Бязлай, 2, 143–144. У гэтай праформе *u̯l̥pek̑‑ (Трубачоў, там жа) з’яўляецца верагодным удзел двух семантычна блізкіх каранёў: і.-е. *u̯el‑ ’драць, ірваць’ (> ’красці’, ’хітрыць’ і pek̑‑ ’драць, шчыпаць’ — такім чынам, праформа магла б абазначаць ’хітрая драпежніца’ (ліса і дзікі кот). Мартынаў (Регион. особенности…, Гомель, 1985, 135) прасл. lisъlisiti (параўн. каш. lësëc ’ісці па следу’) суадносіць з прагерм. *leisleisan ’трапіць на след’ і з прасл. lьstь ’хітрасць’; семантычны пераход lisъ ’хітры’ > ’ліс’ адбыўся на слав. моўнай глебе. Сюды ж ліс‑мікіта (гульня), лісава́нік ’воз’ (мін., КЭС).

Ліса́1 ’маленькія санкі, падсанкі’ (Бяльк.), пін. ’насціл з дошак на санях’ (Нар. лекс.). Да ліс (гл.). Узнікла ў выніку пераносу значэння. Параўн. сучкі ’тс’ (гл. Лабко, Бел.-польск. ізал., 73–75).

Ліса2 ’самаробныя драбіны з сукаватай верхавіны’ (КЭС, лаг.). Да леса́ < лес (гл.).

Ліса́віцца ’падлізвацца, ліслівіць’ (ТС), рус. смал. лисаваться, лисавиться ’лашчыцца’. Да ліса́вы (гл.). Параўн. таксама рус. арханг. лисава ’ліса’.

Лі́савы ’лісіны’ (ТС). Рэгіяналізм з адносна-якасным значэннем, утвораны з суфіксам, які мае прыналежнае значэнне.

Ліса́вы ’ліслівы, хітры’ (Шат., Ян., ТС; лід., лях., Сл. ПЗБ; хойн., нараўл., Мат. Гом.), ліса́вый ’тс’ (Бяльк.); ’ветлівы, свойскі, абыходлівы, ласкавы, рахманы’ (Сцяшк., Юрч.; барыс., Жд. 2; лун., Шатал.; Ян.; браг., Нар. словатв.; лід., смарг., шчуч., Сл. ПЗБ), в.-дзв. лісіва́ты ’ліслівы, хітры’, іўеў. ліса́вянькі ’ласкавы’ (Сл. ПЗБ). Укр. палес. лиса́вий, ст.-укр. лисавый (XVII ст.), рус. смал. лиса́вый ’ласкавы, пяшчотны’, арханг. лиса́ва ’ліса’; польск. lisawy (XVII ст.) ’рыжы, чырвоны’, ’бландзін’, чэш. lísavý ’ліслівы, пяшчотны’. Прасл. lisavъjь, якое аўтары «Эт. сл. слав. моў» (Трубачоў, Эт. сл., 15, 140) фармальна адносяць да lisa > ліс (гл.), утворанага пры дапамозе суфікса ‑avъ, і супастаўляюць, аднак, з дзеясловам lisati (), які Махэк₂ (335) выводзіць з lasiti (у выніку перастаноўкі галосных). Дапускаецца таксамі, што гэта экспрэсіўны варыянт дзеяслова lizati > лізаць (гл.). Польск. lisawy, магчыма, звязана са значэннем ’спаліць’, параўн. бел. лі́са злаві́ць ’падсмаліць світку ці іншую суконную адзежыну’, польск. кацеўск. liśić ’спаліць’, priliśić ’прыпаліць’.