Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бунт1 ’мяцеж’. Рус. бунт (з пачатку XV ст.), укр. бунт. Запазычанне з польск. bunt < ням. Bund саюз’ (’саюз’ > ’змова’ > ’бунт’). Дзеясловы бунтава́ць, рус. бунтова́ть, укр. бунтува́ти таксама лічацца запазычаннем з польск. buntować ’тс’. Бернекер, 101; Фасмер, 1, 241, 242; Брукнер, 49; Фасмер, RS, 6, 169; Шалудзька, Нім., 23; Рыхардт, Poln., 38; Кюнэ, Poln., 47. Гл. яшчэ Булыка, Запазыч., 51–52. Версія пра непасрэднае запазычанне з ням. не пераконвае (так Чарных, РЯШ, 1961, № 4, 97; Рудніцкі, 256). Да бунт < ням. Bund ’саюз’ семантычную паралель з іранскіх моў прыводзіць Абаеў, Зб. Баркоўскаму, 14.

Бунт2 ’вязка, звязак’ (Арх. Бяльк., слонім., Інстр. III, Касп.), ’вязка, мяшок’ (Нас.), бу́нцік (Гарэц.). Укр. бунт ’тс’. Рус. бунт ’кладка; мяшкі з мукой’, бунт пеньки. Запазычанне з польск. bunt ’тс’ (а гэта з ням. Bund ’тс’, да binden звязваць’). Магчыма і непасрэднае запазычанне з ням. Параўн. Брукнер, 49; Фасмер, 1, 241; Шанскі, 1, Б, 227; Рудніцкі, 256; Шалудзька, Нім., 23.

Бунтава́ць. Гл. бунт1.

Бунчу́к ’бунчук’ (вядомае ўжо з XVI ст.; Булыка, Запазыч.), рус. бунчу́к, укр. бунчу́к, польск. buńczuk, bończuk ’турэцкі сцяг’ і г. д. Запазычанне з цюрк. моў (крым.-тат. bunčuk ’ракавіны, бусы на шыі каня’, тур. bundžuk і да т. п.). Корш, AfslPh, 9, 493; Праабражэнскі, 1, 53; Локач, 29; Фасмер, 1, 242; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 22; Цімчанка, 155; Рудніцкі, 1, 256–257.

Бу́нька ’бочачка’ (Яруш.), ’збанок’ (ДАБМ, 822), ’гліняная пасудзіна без вушка’ (Інстр. I), гл. яшчэ Клім. Укр. бу́нька ’гліняны посуд, збан з вузкім горлам’, польск. bunia, buńka. Слова няяснага паходжання. Варш. сл. (1, 234) лічыць, што гэта трансфармацыя слоў bania, bańka. Рудніцкі, 257 (толькі ўкр. матэрыял), таксама думае пра дэфармацыю слова ба́нка. Няясныя і адносіны (у сэнсе магчымасці запазычання) паміж мовамі, дзе зафіксавана бу́нька. Параўн. яшчэ чэш. buňka ’ячэйка пчаліных сотаў’, якое таксама не мае этымалогіі (аб гэтым Махэк₂, 77), а таксама назвы пасудзін: чэш. obuň, obuňka, славац. oboňa, obôn(k)a, obonija і да т. п., якія Махэк₂ (408) лічыць няяснымі.

Буня́к ’пухір на целе’ (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1972, № 1, 85). Арашонкава і інш., там жа, з няпэўнасцю параўноўваюць з укр. буня́к ’чмель’, бу́нька ’пасудзіна з гліны’, літ. bùngti ’павялічвацца, рабіцца моцным’. Параўнанне з буня́к ’чмель’ магчымае, і буня́к ’пухір’ можа быць гукапераймальным (гл. бунава́ць; як паралель параўн. бульбата́цьбу́льбатка ’бурбалка’). Але не выключаецца і паходжанне ад бу́нька (гл.) ’бочачка, збанок’. Параўн. розныя значэнні слова ба́нька ’пасудзіна’. Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 67.

Бур ’свідравальная прылада’. Рус., укр. бур. Запазычанне з ням. Bohr (параўн. bohren ’свідраваць’) ці гал. boor, швед. borr. Бернекер, 102; Фасмер, 1, 242; Шанскі, 1, Б, 228; памылкова Рудніцкі, 257 (< ням. Bohrer).

Бу́ра (Сцяшк. МГ, Інстр. I, Бесар., БРС), бу́ря (Бяльк.). Рус. бу́ря, укр. бу́ря, польск. burza, чэш. bouře, ст.-слав. боурꙗ, серб.-харв. бӳра, балг. бу́ра, бу́ря і г. д. Прасл. *burʼa ’бура’. Сюды ж, відаць, прасл. *buriti (гл. бурыць). Спрэчным з’яўляецца пытанне, ці *burʼa — аддзеяслоўнае ўтварэнне ці не. У аснове гэтай групы слоў ляжыць, мабыць, і.-е. гукапераймальнае *bhou̯r‑, *bhur‑. Параўноўваюць з лат. baûŗuôt, нарв. būra ’рыкаць’, ст.-ісл. byrr ’спадарожны вецер’, лац. furō ’шалею’, грэч. φυρμός ’беспарадак’, ст.-інд. bhuráti ’рухаецца, валтузіцца’ і г. д. Траўтман, 28; Мейе, RS, 2, 65; Слаўскі, 1, 51; Фасмер, 1, 250; Праабражэнскі, 1, 55; Брукнер, 50. Параўн. яшчэ Махэк₂, 62. Няпэўна Шанскі, 1, Б, 236–237. Параўн. бу́рыць.

Бурава́л. Гл. пад бурва́лак1.

Бура́к (БРС, Шат., Нас., Сцяшк., Кіс., Гарэц., Бесар.). Рус. бура́к, укр. буря́к, бура́к, чэш. burák, польск. burak (borak). Відавочна, ад назвы колеру буры (гл.). Так Слаўскі, 50. Іншая версія выводзіць назву бурака з с.-лац. borāgo, італ. borragine (але гэтыя словы маюць іншае значэнне; Бернекер, 72; Брукнер, 49; Фасмер, 1, 243; Рудніцкі, 268). Магчымы ўплыў польскай мовы на ўсх.-слав. (Слаўскі, там жа; Булыка, Запазыч., 52). Зусім іначай Махэк₂, 77 (< buryňa, burgyňa ’бургундскі бурак’).

Буракі́1 (мн.) ’страва, прыгатаваная з буракоў’ (Інстр. I, Жд., Шат., Сцяц., Сцяц. Нар.), буракі́ ’тс’ (Касп.). Спецыяльнае ўжыванне мн. ліку ад бура́к (гл.) для абазначэння стравы (суп з пакрышаных буракоў). Падрабязна гл. Сцяц. Нар., 42–43. Чэкман (Baltistica, VIII (2), 1972, 153) лічыць, што бел. слова ўтворана па літоўскай мадэлі (параўн. літ. burõkai ’боршч’, kopū̃stai ’капусняк’).

Буракі2 ’складкі ў халявах ботаў’ (Шн.). Рус. дыял. бура́к ’халявы; кошык з бяросты’. Словы, якія не маюць пэўнай этымалогіі. Фасмер (1, 243), як відаць, лічыць значэнне кошык з бяросты’ першасным (у гэтым значэнні рус. бура́к, мабыць, запазычанне, але дакладная яго крыніца невядомая; указвалі на швед., італ. і чув. мовы; агляд версій гл. Фасмер, там жа).