Бу́нька ’бочачка’ (Яруш.), ’збанок’ (ДАБМ, 822), ’гліняная пасудзіна без вушка’ (Інстр. I), гл. яшчэ Клім. Укр. бу́нька ’гліняны посуд, збан з вузкім горлам’, польск. bunia, buńka. Слова няяснага паходжання. Варш. сл. (1, 234) лічыць, што гэта трансфармацыя слоў bania, bańka. Рудніцкі, 257 (толькі ўкр. матэрыял), таксама думае пра дэфармацыю слова ба́нка. Няясныя і адносіны (у сэнсе магчымасці запазычання) паміж мовамі, дзе зафіксавана бу́нька. Параўн. яшчэ чэш. buňka ’ячэйка пчаліных сотаў’, якое таксама не мае этымалогіі (аб гэтым Махэк₂, 77), а таксама назвы пасудзін: чэш. obuň, obuňka, славац. oboňa, obôn(k)a, obonija і да т. п., якія Махэк₂ (408) лічыць няяснымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)