Буракі́1 (мн.) ’страва, прыгатаваная з буракоў’ (Інстр. I, Жд., Шат., Сцяц., Сцяц. Нар.), буракі́ ’тс’ (Касп.). Спецыяльнае ўжыванне мн. ліку ад бура́к (гл.) для абазначэння стравы (суп з пакрышаных буракоў). Падрабязна гл. Сцяц. Нар., 42–43. Чэкман (Baltistica, VIII (2), 1972, 153) лічыць, што бел. слова ўтворана па літоўскай мадэлі (параўн. літ. burõkai ’боршч’, kopū̃stai ’капусняк’).

Буракі2 ’складкі ў халявах ботаў’ (Шн.). Рус. дыял. бура́к ’халявы; кошык з бяросты’. Словы, якія не маюць пэўнай этымалогіі. Фасмер (1, 243), як відаць, лічыць значэнне кошык з бяросты’ першасным (у гэтым значэнні рус. бура́к, мабыць, запазычанне, але дакладная яго крыніца невядомая; указвалі на швед., італ. і чув. мовы; агляд версій гл. Фасмер, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)