Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЕНІКАЛО́ПАЎ (Мікалай Сяргеевіч) (13.3.1924, г. Сцепанакерт, Азербайджан — 22.1.1993),

савецкі фізікахімік. Акад. АН СССР (1976, чл.-кар. з 1966). Скончыў Ерэванскі політэхн. ін-т (1945). У 1949—80 у Ін-це хім. фізікі, з 1985 дырэктар Ін-та сінт. палімерных матэрыялаў АН СССР, адначасова (з 1961) праф. Маскоўскага фізіка-тэхн. ін-та. Навук. працы па кінетыцы і механізме іоннай полімерызацыі, тэхналогіі палімерных кампазіцыйных матэрыялаў. Адкрыў новы элементарны акт полімерызацыі — перадачу ланцуга праз палімер (1961), магчымасць полімерызацыі пры высокім ціску ў спалучэнні з дэфармацыяй зруху рэчываў, якія цяжка ператварыць у палімеры інш. метадамі. Прапанаваў метады напаўнення тэрмапластаў мінер. напаўняльнікамі непасрэдна ў ходзе полімерызацыі. Ленінская прэмія 1980.

Літ.:

Н.С.Ениколопов, 1924—1993. М., 1994.

М.С.Енікалопаў.

т. 6, с. 390

ЕНІСЕ́Й (па-эвенкійску Іаанэсі літар. вялікая вада, рака),

рака ў Сібіры, у Краснаярскім краі (вярхоўі ў Рэспубліцы Тува), Расія. Адна з самых вялікіх рэк на зямным шары (7-е месца). Утвараецца пры зліцці Вялікага Енісея (Бій-Хем) і Малога Енісея (Ка-Хем) каля г. Кызыл. Даўж. 3487 км (ад вытокаў Малога Е. 4102 км), пл. бас. 2580 тыс. км². Упадае ў Енісейскі зал. Карскага м.

Цячэнне Е. падзяляецца на 3 ч.: верхняе (ад зліцця Бій-Хема і Ка-Хема да ўпадзення р. Абакан), сярэдняе (паміж рэкамі Абакан і Ангара), ніжняе (ад р. Ангара да вусця). У вярхоўі Е. цячэ па ўзгорыстым стэпе Тувінскай катлавіны пад назвай Верхні Е. (Улуг-Хем). Рэчышча падзелена на асобныя рукавы і пратокі, спакойныя плёсы чаргуюцца з перакатамі. Ад упадзення р. Хемчык на працягу 280 км Е. праразае хрыбты Зах. Саяна. Даліна тут вузкая. месцамі каньёнападобная, шыр. да 100 м. У рэчышчы шмат камяністых перакатаў і парогаў. Пры выхадзе Е. ў Мінусінскую катлавіну даліна расшыраецца, шмат астравоў. Паміж гарадамі Мінусінск і Краснаярск у адгор’ях Усх. Саяна даліна звужаецца, ніжэй Краснаярска даліна расшыраецца пасля ўпадзення р. Ангара, левы бераг нізінны, правы ўзвышаны. Пры перасячэнні адгор’яў Енісейскага кража Е. утварае Казачынскі і Асінаўскі парогі. Ніжэй г. Дудзінка цячэ па Паўн.-Сібірскай нізіне. У нізоўях разбіваецца на рукавы: шырыня рэчышча да 15—20 км, глыб. больш за 15 м. Асн. прытокі: Оя, Туба, Мана, Кан, Ангара, Падкаменная Тунгуска, Ніжняя Тунгуска, Курэйка (справа), Абакан, Сым, Турухан (злева). Жыўленне снегавое, дажджавое і грунтавое. Для б.ч. Е. характэрна высокае веснавое разводдзе і ўстойлівая асенне-зімовая межань, частыя летнія дажджавыя паводкі, у вярхоўях — вяснова-летняе разводдзе. Ледастаў у ніжнім цячэнні 3 канца кастр. да канца мая — пач. чэрв.; у сярэднім цячэнні з пач. ліст. да канца крас. — сярэдзіны мая; у горнай ч. з канца ліст.снеж. да канца красавіка. Е. — самая мнагаводная рака Расіі. Сярэднегадавы расход вады каля г. Ігарка 18 100 м³/с, у вусці — 19 800 м³/с.

На Е. Саяна-Шушанская, Майнская і Краснаярская ГЭС з вадасховішчамі. Суднаходства на вадасховішчах і ад г. Краснаярск да вусця. Для праводкі суднаў з ніжняга б’ефа ў Краснаярскае вадасховішча і назад пабудаваны суднапад’ёмнік. Да г. Ігарка (973 км ад вусця) паднімаюцца марскія судны. Рыбныя промыслы (асетр, сцерлядзь, омуль, селядзец, нельма, бялуга і інш.). У бас. Е. запаведнікі Саяна-Шушанскі і Слупы. Гал. гарады і парты: Кызыл, Саянагорск, Мінусінск, Абакан, Дзіўнагорск, Краснаярск, Енісейск, Ігарка, Дудзінка.

Літ.:

Гнедовский Б.В., Добровольская Э.Д. Вверх по Енисею. М., 1980;

Колесов А.Н. По Енисею. 3 изд. Красноярск, 1990.

В.П.Кісель.

т. 6, с. 390

ЕНІСЕ́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў,

заліў у Карскім м., паміж Гыданскім п-вам і п-вам Таймыр. Даўж. каля 225 км. шыр. каля ўваходу 150 км. глыб. 6—20 м. Упадае р. Енісей. Свабодны ад лёду 3 летнія месяцы. Прылівы паўсутачныя (да 0,4 м). Рыбалоўства (нельма, омуль), промысел цюленя, бялухі. На ўсх. беразе каля ўваходу ў Е.з. порт Дыксан.

т. 6, с. 391

ЕНІСЕ́ЙСКІ КРАЖ,

прыўзняты паўд.-зах. край Сярэднесібірскага пласкагор’я, у Краснаярскім краі Расіі. Распасціраецца на 700 км ад даліны р. Кан на ПнЗ па правабярэжжы р. Енісей, з якім перасякаецца, утвараючы Асінаўскі парог. Выш. да 1104 м (г. Енашымскі Палкан). Складзены з гнейсаў, крышт. сланцаў і вапнякоў, прарваных інтрузіямі гранітаў. На схілах цемнахвойная тайга з перавагай піхты. Радовішчы золата, жал. руды, баксітаў, магнезіту, тальку і інш.

Енісей каля г. Краснаярск.

т. 6, с. 391