Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЕНІНГРА́ДСКАЯ БЛАКА́ДА 1941—44,

гл. ў арт. Ленінградская бітва.

т. 9, с. 202

ЛЕНІНГРА́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПнЗ еўрап. ч. Рас. Федэрацыі. Утворана 1.8.1927. Мяжуе на ПнЗ з Фінляндыяй, на З — з Эстоніяй. Абмываецца Фінскім зал. Балтыйскага м., Ладажскім і Анежскім азёрамі. Пл. 85,9 тыс. км2. Нас. (без Санкт-Пецярбурга) 1679 тыс. чал. (1997), гарадскога 66%. Цэнтр — Санкт-Пецярбург. Найб. гарады: Гатчына, Выбарг, Ціхвін, Сасновы Бор, Волхаў, Кінгісеп.

Прырода. Берагавая лінія Фінскага зал. слаба парэзаная, за выключэннем раёна Выбаргскага зал. (шхеры). На большай ч. тэр. вобласці — нізіны (Прыбалтыйская, Прынеўская, Вуоксінская, Свірская і інш.) са слядамі дзейнасці ледавіковых вод. Паміж Фінскім зал. і Ладажскім воз. — Карэльскі перашыек з Лембалаўскім узв. (выш. да 179 м) у цэнтры. На 3 вобласці распасціраецца Балтыйска-Ладажскі ўступ (Глінт). На Пд ад яго размешчана Ардовікскае плато, у межах якога знаходзіцца Іжорскае ўзв. (выш. да 168 м). На ПнУ Вепсаўскае ўзв. (выш. да 291 м), на У Ціхвінская града. Карысныя выкапні: гаручыя сланцы, баксіты, фасфарыты, гліны, граніт, вапнякі, пяскі. Крыніцы мінер. вод. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-ра студз. 9—11 °C, ліп. 16—17 °C. Ападкаў 750—850 мм за год. Гал. рэкі: Нява, Свір, Волхаў, Луга, Сясь, Вуокса. Каля 1800 азёр. Глебы дзярнова-падзолістыя, балотныя, алювіяльныя, ёсць урадлівыя дзярнова-карбанатныя. Пад лесам 55% тэрыторыі. На Карэльскім перашыйку Ліндулаўскі лістоўнічны гай. Балоты займаюць каля 12% тэрыторыі. Ніжнясвірскі запаведнік.

Гаспадарка. Прам-сць Л.в. цесна звязана з Санкт-Пецярбургам. У галіновай структуры прам-сці вядучае месца займаюць паліўная, электраэнергетыка, машынабудаванне, лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая. Вядзецца здабыча гаручых сланцаў і торфу. Ленінградская АЭС, 8 ГЭС (Волхаўская, Свірская, Нарвенская, Вуоксінская і інш.), Кірышская ДРЭС. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены суднабудаваннем і суднарамонтам, вытв-сцю вузлоў для трактароў і металаліццём, вырабам абсталявання для цэлюлозна-папяровай і хім. прам-сці, машын для жывёлагадоўлі і кормавытворчасці. Металургічны комплекс грунтуецца на перапрацоўцы баксітаў і прывазных (з Кольскагі. п-ва) нефелінаў на гліназёмных з-дах, алюмініевым камбінаце. Нафтаперапр. прам-сць. Хім. прам-сць (вытв-сць двайнога суперфасфату, амафосу, сернай кіслаты, перапрацоўка сланцаў, быт. хімія, лесахім. прадукты). Развіта лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая прам-сць; лёгкая і харч. (у т.л. рыбная і рыбакансервавая) галіны. Прам-сць буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Вядучая галіна — жывёлагадоўля, пераважна малочна-мясная, свінагадоўля (племянныя пароды), птушкагадоўля. Зверагадоўля (блакітны пясец, норка). Конегадоўля. Пад с.-г. ўгоддзямі 745,4 тыс. га, у т.л. пад ворнымі землямі 423,8 тыс. га. У раслінаводстве каля ​2/з пасяўных плошчаў пад кармавымі культурамі. Вырошчваюць бульбу, агародніну, са збожжавых сеюць жыта, авёс, ячмень. Даўж. чыгунак 2780 км. Асн. чыг. вузлы: Санкг-Пецярбург, Выбарг, Гатчына. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 10 тыс. км. Суднаходства па Волга-Балтыйскім водным шляху, Беламорска-Балтыйскім і Сайменскім каналах, па Ладажскім і Анежскім азёрах, рэках Нява, Свір і інш. Марскія парты: Санкт-Пецярбург, Выбарг. Развіты трубаправодны транспарт. Турызм, Ленінградская і Выбаргская курортныя зоны.

В.М.Корзун.

т. 9, с. 202

ЛЕНІНГРА́ДСКАЯ СПРА́ВА,

назва серыі суд. працэсаў па абвінавачанні шэрагу буйных парт., сав. і гасп. работнікаў у здрадзе Радзіме і намеры ператварыць Ленінградскую парт. арг-цыю ў апору барацьбы супраць ЦК ВКП(б), сфальсіфікаваных органамі бяспекі СССР у канцы 1940 — пач. 1950-х г. Суд. працэс над гал. абвінавачанымі (вер. 1950) праведзены з парушэннем працэсуальных норм: 6 чал., у т.л. былыя чл. Палітбюро ЦК ВКП(б) М.А.Вазнясенскі, сакратар ЦК ВКП(б) А.А.Кузняцоў, старшыня СМ РСФСР М.І.Радзіёнаў, 1-ы сакратар Ленінградскага абкома партыі П.С.Папкоў, расстраляны, астатнія асуджаны на працяглыя тэрміны турэмнага зняволення. У Ленінградзе па гэтай справе рэпрэсіравана каля 2000 чал. Пазней усе асуджаныя па Л.с. рэабілітаваны, большасць пасмяротна.

т. 9, с. 203

ЛЕ́НІНСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКО́Ў.

У Мінскім р-не каля в. Ельніца. Пластавы паклад звязаны з флювіягляцыяльнымі адкладамі часу адступання сожскага зледзянення. Пяскі жоўтыя, светла-шэрыя, пераважна дробназярністыя, з праслоямі тонказярністага пяску, палевашпатава-кварцавыя, месцамі слабагліністыя. Разведаныя запасы 9,12 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 6,8—30,4 м, ускрышы (тонказярністыя пяскі, супескі) 0,2—5 м. Пяскі прыдатныя на выраб муровачных раствораў.

А.П.Шчураў.

т. 9, с. 203

ЛЕ́НІНСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКО́Ў.

У Добрушскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Леніна. Пластавы паклад звязаны з адкладамі палеаген-неагену. Пяскі белыя, шэрыя, месцамі жаўтаватыя, пераважна дробна- і сярэднезярністыя, кварцавыя, месцамі гліністыя, з лінзамі буйназярністых пяскоў. Разведаныя запасы 36,7 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,3—16,3 м, ускрышы (пяскі, марэнныя супескі) 0,2—9 м. Карысная тоўшча падсцілаецца алеўрытамі і тонказярністымі пяскамі. Пяскі прыдатныя як фармовачныя і на выраб шкла.

А.П.Шчураў.

т. 9, с. 203

ЛЕ́НІНСКІ,

пасёлак у Жабінкаўскім р-не Брэсцкай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Брэст. Заснаваны ў 1966. Цэнтр сельсавета і аграфірмы-калгаса «Рагазянскі». За 12 км на У ад горада і чыг. ст. Жабінка, 27 км ад Брэста. 1213 ж., 621 двор (1999). Торфабрыкетны з-д. Санаторый «Буг». Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 3 б-кі, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік прыроды рэсп. значэння — дуб-волат у парку «Ацячызна».

т. 9, с. 203

ЛЕ́НІНСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Салігорскім р-не Мінскай вобл. і Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 1960 у цэнтр. ч. Бел. Палесся паміж р. Случ і Лань. Пл. 42 тыс. га. Нізінныя, пераходныя і вярховыя балоты ў спалучэнні з сухадольнымі, верасовымі, чарнічнымі і імшыстымі хвойнікамі. На нізінных балотах чорнаальховыя і пушыстабярозавыя лясы. Невял. колькасць дуброў з прымессю ясеню і грабу. Водзяцца лось, казуля, дзік, ліс, янотападобны сабака, заяц-русак; баравая дзічына, вадаплаўныя і балотныя птушкі. Рэакліматызаваны рачны бабёр, рассялілася андатра. Шмат жывёл, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі (чарапаха балотная, зімародак звычайны, пугач, бугай вялікі, бусел чорны і інш.).

т. 9, с. 203

ЛЕ́НІНСКІЯ ПРЭ́МІІ,

у 1925—91 у СССР вышэйшыя ўзнагароды за дасягненні ў галіне навукі і тэхнікі, літаратуры, публіцыстыкі, журналістыкі, мастацтва і архітэктуры. Засн. ў 1925 як прэміі імя У.І.Леніна (у 1935—57 не прысуджаліся). Прысуджаліся к-тамі па Ленінскіх і Дзярж. прэміях СССР пры Савеце Міністраў СССР 1 раз у 2 гады. Асобам, якія атрымлівалі Л.п., прысвойвалася званне «Лаўрэат Ленінскай прэміі», уручаліся дыплом, ганаровы знак і пасведчанне.

Лаўрэаты Л.п. ў Беларусі. У галіне навукі і тэхнікі: 1957. А.К.Красін; 1962. М.Я.Мацапура; 1965. В.С.Нямчынаў, Р.І.Салаухін; 1966. М.А.Ельяшэвіч; 1978. У.П.Платонаў. У галіне літаратуры: 1962. П.У. Броўка; 1972. І.П.Мележ; 1978. М.Танк (Я.І.Скурко); 1986. В.У.Быкаў. У галіне мастацтва і архітэктуры: 1970. Ю.М.Градаў, В.П.Занковіч, Л.М.Левін, С.І.Селіханаў.

т. 9, с. 204

ЛЕ́НІНСКІ БОЙ 1942,

бой партызан атрадаў «Камарова», «Пятровіча», імя М.Ц.Шыша па разгроме ням.-фаш. гарнізонаў у г.п. Ленін Пінскай вобл. 12 вер. ў Вял. Айч. вайну. Са створаных партызанамі для гэтай аперацыі штурмавых груп (150 чал.) 3 былі размешчаны на шляхах магчымага адыходу праціўніка, 2 — у засадах на дарогах верагоднага падыходу падмацаванняў ворагу. У выніку раптоўнага нападу партызаны разграмілі гарнізон, вызвалілі зняволеных патрыётаў, захапілі трафеі і арганізавана адышлі. У гонар бою партызан у в. Ленін Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. пастаўлены помнік.

т. 9, с. 204

ЛЕ́НІНСКІ КАМУНІСТЫ́ЧНЫ САЮ́З МО́ЛАДЗІ БЕЛАРУ́СІ,

ЛСКМБ, гл. Камуністычны саюз моладзі Беларусі.

т. 9, с. 204