Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЕЙЦЫ́Т (ад грэч. leukos белы),

мінерал групы фельдшпатоідаў, алюмасілікат калію, KAlSi2O6. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі, больш за 625 °C пераходзіць у кубічную. Утварае крышталі і ўкрапіны ў пародзе. Колер белы, шэры. Бляск матавы на гранях і шкляны на ракавістым зломе. Цв. 5,5—6,0. Шчыльн. 2,4—2,5 г/см³. Крохкі. Трапляецца ў шчолачных пародах лейцыцітах, лейцытавых базальтах і інш. Сыравіна для вытв-сці алюмінію, паташу, калійных угнаенняў і інш. Радовішчы ў Расіі, Арменіі, Італіі, ФРГ, ЗША, Аўстраліі і інш.

т. 9, с. 192

ЛЕЙШМАНІЁЗЫ,

група інфекцыйных захворванняў скуры, якія выклікаюць жгуцікавыя прасцейшыя з роду лейшманій. Крыніца інфекцыі — грызуны і хворыя людзі; пераносчыкі — маскіты. Адрозніваюць 2 клінічныя формы — гарадскую і сельскую. Вылучаюць стадыі бугарка, язвы і рубцавання. Лячэнне тэрапеўтычнае.

Н.З.Ягоўдзік.

т. 9, с. 192

ЛЕЙШМАНІ́І (Leishmania),

род жгуцікавых сям. трыпанасамід атр. кінетапластыд. Унутрыклетачныя паразіты паўзуноў, некаторых млекакормячых (пясчанка, суслік і інш. грызуны, сабака) і чалавека. У чалавека паразітуюць 3 віды Л.: трапічная (L. tropica), бразільская (L. brasiliensis) і Донавана (L. donovani) — узбуджальнікі адпаведна скурнага, слізіста-скурнага і вісцэральнага лейшманіёзаў. Перадаюцца праз укусы маскітаў (з роду Флебатомус і інш.).

Памеры 2—7 мкм. У арганізме жывёл (на лейшманіяльнай стадыі) трапляюцца толькі бязжгуцікавыя, круглаватыя або авальныя формы Л. Яны маюць ядро (трофануклеус) і падобнае на кароткую палачку ўключэнне (блефарапласт). У арганізме маскіта Л. набываюць (на лептаманаднай стадыі) верацёнападобную форму і жгуцік, які адыходзіць ад блефарапласта.

Да арт. Лейшманіі: 1 — клетка з паразітамі — узбуджальнікамі скурнага лейшманіёзу; 2 — жгуцікавыя формы лейшманій у культуры.

т. 9, с. 192

ЛЕ́КАВЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, што выкарыстоўваюцца ў медыцыне і ветэрынарыі ў лекавых або прафілактычных мэтах. Больш за 10 тыс. відаў. На Беларусі больш за 130 відаў. Дзейныя рэчывы (алкалоіды, гліказіды, вітаміны, флаваноіды і інш.) Л.р. аказваюць фізіял. ўздзеянне на арганізм чалавека і жывёл ці маюць біял. актыўнасць да ўзбуджальнікаў розных захворванняў. Падзяляюцца на сардэчна-сасудзістыя, кроваспыняльныя, заспакаяльныя, жаўцягонныя, слабільныя, патагонныя, мачагонныя, вяжучыя, адхаркавальныя і інш. Выкарыстоўваюцца таксама ў харч., парфумернай, лакафарбавай, металургічнай прам-сці.

Літ.:Мурох В.И., Стекольников Л.И. Наш зеленый исцеляющий друг. Мн., 1985; Шмярко Я.П., Мазан І.П. Лекавыя расліны ў комплексным лячэнні. Мн., 1989.

У.П.Пярэднеў.

т. 9, с. 192

ЛЕ́КАВЫЯ СРО́ДКІ, лякарствы,

рэчывы, якія выкарыстоўваюць у мэтах дыягностыкі, прафілактыкі і лячэння захворванняў чалавека і жывёл. У якасці Л.с. выкарыстоўваюць мінер. рэчывы (напр., сульфат магнію, хларыд калію), прэпараты жывёльнага (напр., гепарын, гармоны), расл. паходжання (напр., валяр’ян, марфін, атрапін, гл. Лекавыя расліны), сінт. рэчывы (напр., навакаін, парацэтамол), прадукты мікробнага біясінтэзу (напр., антыбіётыкі, вітаміны), штучныя прэпараты, якія атрымліваюць метадам геннай інжынерыі (інсулін, самататрапін). Перад укараненнем у мед. практыку Л.с. першапачаткова вывучаюцца на лабараторных жывёлах, потым у клінічных умовах (на людзях). Паводле міжнар. класіфікацыі адрозніваюць 14 гал. груп Л.с., якія ўздзейнічаюць на стрававальны тракт і метабалізм (напр., жаўцягонныя сродкі, слабільныя сродкі), кроў і крывятворныя органы (напр., антыкаагулянты, кроваспыняльныя сродкі, проціанемічныя сродкі), сардэчна-сасудзістую сістэму (напр., сардэчныя гліказіды, гіпатэнзіўныя сродкі), урагенітальную сістэму і палавыя гармоны (напр., матачныя сродкі, мачагонныя сродкі, процізачаткавыя сродкі), касцёва-мышачную сістэму (напр., процізапаленчыя сродкі), ц. н. с. (напр., седатыўныя сродкі, нейраплегічныя і транквілізавальныя сродкі), дыхальную сістэму (напр., адхарквальныя сродкі, процікашлевыя сродкі), органы пачуццяў (напр., мясцоваанестэзіруючыя сродкі); прэпараты, якія выкарыстоўваюць у дэрматалогіі (напр., антысептычныя сродкі), гармоны для сістэмнага выкарыстання, акрамя палавых гармонаў (гарманальныя прэпараты), проціінфекцыйныя прэпараты (напр., антыбіётыкі, сульфаніламіды), проціпухлінныя (проціпухлінныя сродкі), проціпаразітарныя прэпараты (напр., антыгельмінтыкі) і група розных. У арганізм Л.с. ўводзяць рознымі шляхамі: праз рот, падскурна, унутрымышачна, унутрывенна і інш. Выпускаюцца ў выглядзе таблетак, парашкоў, раствораў, мазяў і інш. Для Л.с. устаноўлены паказанні і проціпаказанні. Пры ўжыванні некат. можа развіцца лекавая залежнасць (наркатычныя анальгетыкі, гармоны і інш.). У некат. людзей бывае павышаная адчувальнасць да асобных Л.с. — ідыясінкразія.

Літ.:

Машковский М.Д. Лекарственные средства: Пособие для врачей. Т. 1—2. 13 изд. Харьков, 1998;

Базисная и клиническая фармакология: Пер. с англ. Т. 1—2. М.; СПб., 1998;

Регистр лекарственных средств Росии: Энцикл. лекарств. М., 1999.

М.К.Кеўра.

т. 9, с. 192

ЛЕКАНО́РА (Lecanora),

род накіпных лішайнікаў сям. леканоравых. Каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмеранай зоне. На Беларусі 30 відаў: Л. разнастайная (L. allophana), грабавая (L. carpinea), пешчатнаватая (L. chlarotera) і інш. Трапляецца на кары дрэў і кустоў, камянях, субстратах антрапагеннага паходжання (апрацаваная драўніна, цэмент).

Слаявіна паверхневая ў выглядзе парошыстай, зярністай або бугрыстай корачкі. Пладовыя целы з добра развітым краем, сядзячыя або паглыбленыя ў слаявіну. Сумкі з 8 бясколернымі аднаклетачнымі спорамі. Размнажэнне сумкаспорамі, часам вегетатыўна (сарэдзіямі). Фікабіёнт — водарасці роду Protococcus.

У.У.Галубкоў.

Леканора разнастайная.

т. 9, с. 192

ЛЕ́КАЎ (Іван) (4.3.1904, Сафія — 4.8. 1978),

балгарскі мовазнавец. Чл.-кар. Балгарскай АН (1945), праф. (1945). Вучыўся ў Сафійскім і Ягелонскім (Кракаў) ун-тах. У працах, прысвечаных параўнальна-гіст. і тыпалагічнаму вывучэнню слав. моў, выкарыстоўваў матэрыял бел. мовы: «Характарыстыка агульных рыс у балгарскай і ўсходнеславянскіх мовах» (1942), «Старая супольнасць і новыя канвергенцыі ў развіцці беларускай і балгарскай моў» (1972), «Супастаўляльны аналіз беларускай і балгарскай моў у рамках роднасных адносін паміж дзвюма мовамі» (1976). Складальнік і рэдактар зборнікаў літ. тэкстаў на слав. мовах, у якіх упершыню змешчаны ўзоры бел. маст. прозы і паэзіі ў арыгінале для балгарскага чытача, у т.л. вершы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, А.Куляшова.

Г.А.Цыхун.

т. 9, с. 193

ЛЕ́КАХ (Сямён Навумавіч) (н. 1.10.1947, г. Глыбокае Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне металургіі. Д-р тэхн. н. (1987). Засл. вынаходнік Беларусі (1993). Скончыў БПІ (1969). З 1974 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па тэорыі і тэхналогіі плаўкі, крышталізацыі ліцейных сплаваў, рэцыклінгу металаў.

Тв.:

Ресурсосберегающие технологии получения высококачественных чугунов для машиностроительных отливок. Мн., 1991;

Внепечная обработка высококачественных чугунов в машиностроении. Мн., 1992 (разам з М.І.Бястужавым);

Экономное легирование железоуглеродистых сплавов. Мн., 1996 (у сааўт.).

т. 9, с. 193

ЛЕКЕ́Н (Lekain; сапр. Кен; Cain) Анры Луі

(31.3.1729, Парыж — 8.2.1778),

французскі акцёр; найбуйнейшы прадстаўнік асветніцкага класіцызму. Вучань і паслядоўнік Вальтэра. Зазнаў уплывы М.Барона і А.Лекуўрор. У 1740-я г. ўдзельнічаў у спектаклях прыватных т-раў. З 1750 акцёр «Камеды Франсэз» у Парыжы. Салонна-арыстакратычнай вытанчанасці акцёрскай ігры проціпастаўляў вобразы, напоўненыя грамадз. пафасам і велічнай прастатой. Лепшыя ролі ў трагедыях Вальтэра — Арасман («Заіра»), Магамет («Магамет»), Чынгісхан («Кітайскі сірата»), у творах А.М.Лем’ера — Лінсей («Гіперместра»), Вільгельм Тэль («Вільгельм Тэль»), Ж.Ф.Лагарпа — Уорык («Граф Уорык») і інш. Ажыццявіў рэформу ў галіне тэатр. касцюма, імкнуўся да гіст. і этнагр. дакладнасці ў адзенні персанажа.

т. 9, с. 193

ЛЕКІ́Ф (грэч. lērythos),

старажытнагрэчаская керамічная пасудзіна для алею. Мела вузкае горла, якое пераходзіць у раструб, нізкую ножку і верт. ручку. Форма Л. эвалюцыяніравала ад пасудзін з конусападобным тулавам (чорнафігурныя, 2-я пал. 6 ст. да н.э.) да пасудзін з цыліндрычным тулавам (чорнафігурныя і чырвонафігурныя, 5 ст. да н.э.). Л. з размалёўкай па белым фоне (пашыраны з сярэдзіны 5 ст.) былі звязаны з памінальным культам.

Лекіф. Каля 420 г. да н.э.

т. 9, с. 193