Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БО́ЙКА Уладзімір Андрэевіч

(9.4.1932, Мінск — 2.4.1996),

бел. мастацтвазнавец, літаратурны крытык, паэт, мастак. Скончыў БДУ (1955). У 1956—93 працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Родная прырода». Аўтар кніг пра выяўл. мастацтва, літ. партрэтаў мастакоў А.Глебава, В.Грамыкі, А.Кашкурэвіча, М.Савіцкага, У.Стальмашонка, А.Тычыны, пісьменніка А.Адамовіча і інш. У 1970—90-я г. аўтар і вядучы радыёцыкла «Выхавай у сабе прыгожае», тэлевізійнага цыкла «Роздум», тэлевізійных партрэтаў А.Бембеля, С.Катковай і інш. Сцэнарыст фільмаў «Паэзія графікі» (1971), «Прафесар прыгажосці» (1972, з А.Белавусавым), «Мастак Арлен Кашкурэвіч» (1976), «Васіль Быкаў. Праўдай адзінай» (1992). Аформіў і праілюстраваў літ.-маст. і навук. выданні: «Шляхі вялі праз Беларусь» В.Грыцкевіча і А.Мальдзіса (1980), «Народ і вайна» М.Тычыны (1985), Збор твораў у 5 тамах З.Бядулі (1985—89), «Нічога важней» (1987) і Выбраныя творы ў 4 тамах (т. 1, 1995) А.Адамовіча, і інш. Акварэлі, манатыпіі, малюнкі, калажы ўтвараюць цыклы «Міншчына», «Вільня», «Рыбачае (Крым)», «Калабрыйскія імгненні (Італія)» і інш.

Тв.:

Маўклівая размова. Мн., 1964;

Глебаў А.К. Мн., 1974;

Беларуская палітра дваццатага стагоддзя: Эцюды. Мн., 1976;

А.М.Тычына. Мн., 1978;

Бессмертие подвига: [Альбом]. М., 1980;

Алесь Адамович: [Альбом]. Мн., 1989.

Л.Д.Фінкельштэйн.

т. 3, с. 206

БО́ЙКА Юрый Рыгоравіч

(н. 6.3.1925, г. Саратаў, Расія),

бел. патолагаанатам. Д-р мед. н. (1964), праф. (1965). Скончыў Тбіліскі мед. ін-т (1948). З 1961 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па паталаг. анатоміі падстраўнікавай залозы і аб ролі сасудзістых расстройстваў пры ўзнікненні вострага запалення гэтай залозы.

Тв.:

Патологическая анатомия и патогенез острого панкреатита. Мн., 1970;

Клинико-анатомический анализ врачебных ошибок Мн., 1994.

т. 3, с. 206

БО́ЙЛЕР

(англ. boiler),

трубчасты цеплаабменнік для награвання вады ў сістэме цеплазабеспячэння і гарачага водазабеспячэння.

т. 3, с. 206

БОЙЛЬ (Boyle) Роберт

(25.1.1627, Лісмар, Ірландыя — 30.12.1691),

англійскі фізік і хімік. Адзін з заснавальнікаў Лонданскага каралеўскага т-ва. Адукацыю атрымаў у Жэнеўскай акадэміі (1638—44). Навук. працы па малекулярнай фізіцы і механіцы, па вывучэнні цеплавых, аптычных і акустычных з’яў. Адкрыў (1662) закон залежнасці аб’ёму газу ад ціску (гл. Бойля—Марыёта закон). Сфармуляваў паняцце хім. элемента (1661), залажыў асновы якаснага хім. аналізу.

Літ.:

Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки М., 1989. С. 95.

т. 3, с. 206

БО́ЙЛЯ—МАРЫЁТА ЗАКО́Н,

адзін з асноўных газавых законаў, паводле якога здабытак аб’ёму дадзенай масы ідэальнага газу на яго ціск пры пастаяннай т-ры ёсць велічыня пастаянная. Устаноўлены эксперыментальна Р.Бойлем (1662) і незалежна ад яго франц. вучоным Э.Марыётам (1676). Вынікае з кінетычнай тэорыі газаў, калі прыняць, што памеры малекул нязначныя ў параўнанні з адлегласцямі паміж імі і адсутнічае міжмалекулярнае ўзаемадзеянне. Для рэальных газаў выконваецца набліжана і тым лепш, чым далей ад крытычнага стану знаходзіцца газ.

т. 3, с. 207

БО́ЙЛЯ ПУНКТ,

пункт мінімуму на ізатэрме рэальнага газу, адлюстраванай у каардынатах p — pV, дзе p — ціск газу, V — аб’ём, які займае газ. Названы ў гонар Р.Бойля. У наваколлі Бойля пункта невял. ўчасткі ізатэрмаў рэальнага газу можна разглядаць як адрэзкі гарыз. прамых — ізатэрмы ідэальнага газу. Лінія, што злучае Бойля пункты на асобных ізатэрмах, наз. крывой Бойля. Пункт гэтай крывой, што ляжыць на восі pV (p=0), вызначае т-ру Бойля TB=3,375TK, дзе TK — крытычная тэмпература. Пры т-рах T < TK магчыма поўнае звадкаванне газу, пры T < TB — частковае.

т. 3, с. 206

БОЙН

(Boyne),

комплекс рытуальных археал. помнікаў эпохі неаліту (магчыма, 2500—2000 да н.э.) у лукавіне р. Бойн, за 40 км на Пн ад г. Дублін (Ірландыя). Складаецца з некалькіх курганоў, 5 хенджаў і 3 вял. калідорных грабніц: Нью-Грэйндж, Даўт і Наўт. Часам тэрмінам «Культура Бойн» наз. археал. матэрыялы з калідорных грабніц усёй Ірландыі. Характэрныя рысы — своеасабліва арнаментаваная кераміка (стыль Кэраўкіл) і касцяныя шпількі з макападобнымі і грыбападобнымі навершамі.

А.В.Іоў.

т. 3, с. 207

БО́ЙНАЯ, Буйная,

рака ў Беларусі, у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. і Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток Нёмана. Даўж. 27 км. Пл. вадазбору 78 км².

Пачынаецца на ПнУ ад в. Антонева Стаўбцоўскага р-на, на працягу ніжніх 10 км каналізаваная. У ніжнім цячэнні ў час разводдзя праз групу азёраў Юзкавічы магчымы пераліў у р. Чорная. У пойме меліярац. каналы.

т. 3, с. 207

БОЙ-ЖАЛЕ́НСКІ (Boy Żeleński; сапр. Жаленскі) Тадэвуш

(21.12.1874, Варшава — 3/4.7.1941),

польскі пісьменнік, тэатр. і літ. крытык, перакладчык. Вывучаў медыцыну ў Ягелонскім ун-це (1892—1900). Праф. Львоўскага ун-та (1939—41). Адзін з заснавальнікаў у Кракаве кабарэ элітарнага тыпу «Зялёны шарык» (1905). Аўтар сатыр. куплетаў (зб. «Слоўцы», 1913), сац.-псіхал. фельетонаў, выдадзеных у 10 т. (зб-кі «Выдумкі, выдумкі...», 1932, «Трохі міфалогіі», 1935, і інш.), біягр. аповесці «Марысенька Сабеская» (1937), кн. ўспамінаў «Ці ведаеш гэты край?..» (1931), манаграфій «Мальер» (1924), «Бальзак» (1934) і інш. Зб-кі «Флірт з Мельпаменай» (т. 1—10, 1920—32) — летапіс творчага жыцця т-раў Варшавы і Кракава. Гісторыі развіцця польск. л-ры прысвечаны кн. «Жывыя людзі» (1929), «Бранзавальшчыкі» (1930), «Урокі Фрэдра» (1934), паэт. анталогія «Маладая Польшча» (1939). Пераклады франц. класікаў склалі «Бібліятэку Боя» (каля 100 т.). Расстраляны фашыстамі ў Львове.

Тв.:

Pisma. Т. 1—28. Warszawa. 1956—75;

Listy. Warszawa, 1972;

Reflektorem w mrok. Warszawa, 1978.

М.М.Хмяльніцкі.

т. 3, с. 205

БОЙ-СКАЎТЫ́ЗМ,

гл. ў арг. Скаўтызм.

т. 3, с. 207