БО́ЗЕ—ЭЙНШТЭ́ЙНА РАЗМЕРКАВА́ННЕ,
функцыя размеркавання на ўзроўнях энергіі тоесных часціц з нулявым ці цэлалікавым спінам (базонаў) пры ўмове, што ўзаемадзеянне паміж часціцамі можна не ўлічваць. Вызначае ўласцівасці ідэальнага квантавага газу, які падпарадкоўваецца Бозе — Эйнштэйна статыстыцы.
Паводле Бозе-Эйнштэйна размеркавання ni = [exp((Ei-μ)/kT)-1]−1, дзе ni — сярэдні лік часціц у стане з энергіяй Ei, i — набор квантавых лікаў, якія характарызуюць стан часціцы, μ — хім. патэнцыял, k — Больцмана пастаянная, T — абс. т-ра. Бозе—Эйнштэйна размеркаванне выкарыстоўваецца пры разліках тэрмадынамічных характарыстык эл.-магн. выпрамянення і кандэнсаваных асяроддзяў пры нізкіх т-рах.
т. 3, с. 205
БО́ЗЕ—ЭЙНШТЭ́ЙНА СТАТЫ́СТЫКА,
фізічная статыстыка, якая апісвае фіз. ўласцівасці сістэм тоесных часціц з нулявым і цэлалікавым спінам (базонаў); адна з квантавых статыстык. Прапанавана Ш.Бозе для светлавых квантаў (фатонаў) і развіта А.Эйнштэйнам для часціц ідэальнага газу (1924).
Аснова Бозе—Эйнштэйна статыстыкі — Бозе—Эйнштэйна размеркаванне. Паводле Бозе—Эйнштэйна статыстыкі ў кожным квантавым стане сістэмы можа знаходзіцца любая колькасць базонаў. На падставе Бозе—Эйнштэйна статыстыкі тлумачацца макраскапічныя квантавыя эфекты звышправоднасці і звышцякучасці, а таксама залежнасць цеплаёмістасці цвёрдага цела ад т-ры, законы выпрамянення абсалютна чорнага цела і інш. фіз. з’явы, якія не мелі тлумачэння ў межах законаў класічнай фізікі. Пры высокіх т-рах і малой канцэнтрацыі часціц, калі эфекты спінавага несілавога ўзаемадзеяння можна не ўлічваць, Бозе—Эйнштэйна статыстыка пераходзіць у Больцмана статыстыку. Гл. таксама Фермі—Дзірака статыстыка, Статыстычная фізіка.
А.І.Болсун.
т. 3, с. 205
«БО́ІНГ»
(The Boeing Company),
адна з вядучых авіяракетных кампаній ЗША. Засн. У.Э.Боінгам у 1916 у штаце Дэлавэр як «Боінг эрплейн компані», з 1961 сучасная назва. Штаб-кватэра ў г. Сіэтл (штат Вашынгтон). Асн. пастаўшчык на сусв. рынак рэактыўных трансп. самалётаў пераважна серыі «Боінг», верталётаў, бамбардзіроўшчыкаў, самалётаў-запраўшчыкаў. Выпускаў цяжкія бамбардзіроўшчыкі B-17 («Лятаючая крэпасць», з 1935) і іх мадыфікацыю B-29 («Суперкрэпасць», з 1942). З самалёта гэтага тыпу ў 1945 скінута атамная бомба на Хірасіму. Стварае беспілотныя і верт. ўзлёту самалёты, гідрасамалёты, авіяц. і наземныя сістэмы апавяшчэння і кантролю, электронныя сістэмы і інш. 1-е месца ў свеце па вытв-сці пасажырскіх самалётаў (першы звышгукавы В707, 1959), найб. B-747 (выпускаецца з 1983). Вядучая кампанія ў распрацоўцы міжкантынент. балістычных ракет «Мінітмен» і ракетаносьбіта «Сатурн». Галаўная фірма па вытв-сці самалётаў, абсталяваных сістэмай АВАКС. Удзельнічае ў стварэнні крылатых, супрацьлодачных і супрацьспадарожнікавых ракет і ў касм. праграме «Шатл». Будуе аб’екты энергетыкі і аховы прыроды, распрацоўвае абсталяванне для абагачэння урану.
т. 3, с. 205
«БО́ІНГ»,
агульная назва самалётаў авіяц. карпарацыі ЗША «Боінг». Сярод іх шырокафюзеляжны пасажырскі самалёт B-747 (выпускаецца з 1983). Мае 4 турбарэактыўныя двухконтурныя рухавікі з цягай па 244 кН кожны. Перавозіць да 660 пасажыраў. Крэйсерская скорасць да 940 км/гадз, узлётная маса каля 380 т, далёкасць палёту без дазапраўкі да 13,5 тыс. км. B-747 «Джумба Джэт» — на 386 пасажыраў, узлётная маса каля 400 т, далёкасць палёту каля 13 тыс. км. Самалёты «Боінг» вызначаюцца надзейнасцю і эканамічнасцю.
т. 3, с. 205
БОЙ
(ваен.),
арганізаваная ўзбр. сутычка падраздзяленняў, часцей і злучэнняў бакоў, якія ваююць; асн. тактычная форма баявых дзеянняў з мэтай дасягнення перамогі над праціўнікам. Вядзецца з выкарыстаннем усіх наяўных відаў агню і манеўру на зямлі, у паветры і на моры.
Формы і спосабы вядзення бою мяняліся з развіццём баявой тэхнікі і якаснага складу войскаў. Да вынаходства пораху баі вяліся кіданнем стрэлаў, дзідаў, дроцікаў, камянёў і завяршаліся рукапашнай сутычкай пяхоты і конніцы. Са з’яўленнем у Еўропе ў 14 ст. агнястрэльнай зброі — агнём ружжаў і артылерыі і завяршаўся штыкавой рукапашнай сутычкай пяхоты. З аснашчэннем войскаў хуткастрэльнай артылерыяй, кулямётамі, з выкарыстаннем танкаў і авіяцыі вырашальнае значэнне для поспеху бою набыла каардынацыя дзеяння ўсіх родаў войскаў.
Сучасны наземны бой, у якім удзельнічаюць усе роды сухапутных войскаў пры падтрымцы авіяцыі (часам і ВМФ), наз. агульнавайсковым. Ён характарызуецца выкарыстаннем найноўшай зброі і разнастайнай тэхнікі, высокай манеўранасцю, хуткімі і рэзкімі зменамі становішча, вял. прасторавым размахам. Яго найважнейшыя прынцыпы: раптоўнасць нападу, актыўнасць і бесперапыннасць баявых дзеянняў, разгрупаванне сіл, канцэнтрацыя сродкаў на напрамку гал. ўдару, зладжанае ўзаемадзеянне родаў войскаў, якое дасягаецца выкарыстаннем радыёэлектронных сродкаў, у т. л. і касмічных. Асн. віды сучаснага бою: наступленне, сустрэчны бой, абарона, адыход. Спланаваная сістэма бою вял. маштабу і стратэг. значэння наз. бітвай ці аперацыяй. Паветраны бой — проціборства ў паветры самалётаў (або іх груп), верталётаў, якія знішчаюць праціўніка або адбіваюць яго атакі. Проціпаветраны бой вядуць часці ППА і інш. роды войскаў з мэтай знішчэння паветраных сіл праціўніка і прыкрыцця сваіх войскаў і аб’ектаў. Марскі бой — баявыя дзеянні караблёў флоту на моры і ў прыбярэжных раёнах дзеля знішчэння сіл флоту праціўніка або нанясення яму паражэння.
т. 3, с. 205
БОЙД-ОР (Boyd-Orr) Джон
(23.9 1880, Кілмаурс, Шатландыя — 25.6.1971),
брытанскі дыетолаг. Пэр (1948). Ганаровы чл. Нью-Йорскай АН. Адукацыю атрымаў ва ун-це Глазга. Заснавальнік і дырэктар н.-д. ін-та ў Роўэце (пасля 1-й сусв. вайны), праф. сельскай гаспадаркі ў Абердзінскім ун-це (1942—45). У 1945—48 першы дырэктар Арг-цыі па харчаванні і сельскай гаспадарцы ААН. Распрацаваў «нормы харчавання», абгрунтаваў неабходнасць сусв. харч. палітыкі. Нобелеўская прэмія міру 1949.
т. 3, с. 205
БО́ЙКА, маслабойка,
бандарны выраб; у беларусаў і інш. слав. народаў пасудзіна для збівання масла. Найчасцей — вузкая высокая кадачка з клёпак. У накрыўцы пасярэдзіне адтуліна для калатоўкі (біла), верхні канец якой выходзіў вонкі, а да ніжняга прымацоўвалі кружок з дзіркамі (пашыраны варыянт) ці крыжавіну (ударная частка).
Такой жа формы бойкі выдзёўбвалі з суцэльнай круглай калодкі. На Палессі былі вядомы бойкі цыліндрычнай формы гарызантальнага профілю (у выглядзе 2-доннай бочачкі, у якой было «акенца» з засаўкай); масла збівалі вярчэннем ручкі, што прыводзіла ў рух лопасці. Бойкі бытуюць і ў наш час.
В.С.Цітоў.
т. 3, с. 206
БО́ЙКА Анатоль Васілевіч
(4.3.1922, г. Сямёнаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна),
бел. геабатанік. Д-р біял. н. (1978). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1950). З 1950 у Ін-це лесу АН Беларусі і Бел. НДІ лясной гаспадаркі, з 1962 у Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі. Навук. працы па фітацэналогіі, вывучэнні прадукцыйнасці, кругавароту элементаў мінер. жыўлення ў лясных экасістэмах, уплыву прамысл. выкідаў на ўстойлівасць раслінных комплексаў, па пытаннях навук. абгрунтавання аховы і запаведання прыродных аб’ектаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Комплексные экспериментальные исследования ландшафтов Белоруссии. Мн., 1973 (у сааўт.);
Экспериментальные исследования природных комплексов Березинского заповедника. Мн., 1975 (разам з Я.А.Сідаровічам, А.Б.Майсеевай);
Экспериментальные исследования ландшафтов Припятского заповедника. Мн., 1976 (у сааўт.).
т. 3, с. 206
БО́ЙКА Барыс Барысавіч
(н. 6.8.1923, в. Ходараўка Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. фізік. Акад. АН Беларусі (1974, чл.-кар. 1969), д-р фіз.-матэм. н. (1965), праф. (1976). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1951). З 1960 у Ін-це фізікі, у 1975—93 дырэктар Ін-та фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі. Навук. працы па фіз. оптыцы, квантавай электроніцы і фізіцы цвёрдага цела. Распрацаваў палярызацыйны метад вывучэння працэсаў вязкага цячэння, стварыў шэраг новых варыянтаў квантавых генератараў, атрымаў і даследаваў новыя высокатэмпературныя звышправодныя матэрыялы. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.
Тв.:
Фотопластичность. Мн., 1957 (разам з С.І.Губкіным, С.І.Дабравольскім);
Отражение света от усиливающих и нелинейных сред. Мн., 1988 (разам з М.С.Пятровым).
т. 3, с. 206
БО́ЙКА Грыцько
(Рыгор Піліпавіч; 5.9.1923, г.п. Аленаўка Валнавахскага р-на Данецкай вобл., Украіна — 25.9.1978),
украінскі паэт. Скончыў Данецкі пед. ін-т (1949). Пісаў пераважна для дзяцей і юнацтва. Аўтар эб-каў вершаў «Мая Данеччына» (1950), «Бярозка» (1954), «Шахцёрачка» (1956), «Дзіва, дзіва, дзівосы» (1970), «Надзейная змена» (1975) і інш. Творы вызначаюцца тонкім гумарам, яснасцю і прастатой мовы, багаццем рытмікі, лірызмам. Многія вершы (больш як 400) пакладзены на музыку. На ўкр. мову перакладаў творы Я.Купалы, А.Александровіча, Э.Агняцвет, А.Бялевіча, М.Танка. На бел. мову вершы Бойкі перакладалі Александровіч, М.Арочка, М.Аўрамчык, С.Грахоўскі, Х.Жычка, Танк, Р.Хацкевіч.
Тв.:
Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1983;
Бел. пер. — Два Міколы. Мн., 1963.
В.А.Чабаненка.
т. 3, с. 206