БО́ЙКА Уладзімір Андрэевіч

(9.4.1932, Мінск — 2.4.1996),

бел. мастацтвазнавец, літаратурны крытык, паэт, мастак. Скончыў БДУ (1955). У 1956—93 працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Родная прырода». Аўтар кніг пра выяўл. мастацтва, літ. партрэтаў мастакоў А.Глебава, В.Грамыкі, А.Кашкурэвіча, М.Савіцкага, У.Стальмашонка, А.Тычыны, пісьменніка А.Адамовіча і інш. У 1970—90-я г. аўтар і вядучы радыёцыкла «Выхавай у сабе прыгожае», тэлевізійнага цыкла «Роздум», тэлевізійных партрэтаў А.Бембеля, С.Катковай і інш. Сцэнарыст фільмаў «Паэзія графікі» (1971), «Прафесар прыгажосці» (1972, з А.Белавусавым), «Мастак Арлен Кашкурэвіч» (1976), «Васіль Быкаў. Праўдай адзінай» (1992). Аформіў і праілюстраваў літ.-маст. і навук. выданні: «Шляхі вялі праз Беларусь» В.Грыцкевіча і А.Мальдзіса (1980), «Народ і вайна» М.Тычыны (1985), Збор твораў у 5 тамах З.Бядулі (1985—89), «Нічога важней» (1987) і Выбраныя творы ў 4 тамах (т. 1, 1995) А.Адамовіча, і інш. Акварэлі, манатыпіі, малюнкі, калажы ўтвараюць цыклы «Міншчына», «Вільня», «Рыбачае (Крым)», «Калабрыйскія імгненні (Італія)» і інш.

Тв.:

Маўклівая размова. Мн., 1964;

Глебаў А.К. Мн., 1974;

Беларуская палітра дваццатага стагоддзя: Эцюды. Мн., 1976;

А.М.Тычына. Мн., 1978;

Бессмертие подвига: [Альбом]. М., 1980;

Алесь Адамович: [Альбом]. Мн., 1989.

Л.Д.Фінкельштэйн.

т. 3, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)