Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ОЛТ (Olt),

рака ў Румыніі, левы прыток р. Дунай. Даўж. 709 км, пл. басейна каля 25 тыс. км². Пачынаецца ва Усх. Карпатах, цячэ па Трансільванскім плато, праз Паўд. Карпаты (у цясніне), па Ніжнедунайскай раўніне. Упадае ў р. Дунай 2 рукавамі каля г. Турну-Мэгурэле. Веснавое разводдзе, летнія дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады каля 160 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На О. гарады Фэгэраш, Рымніку-Вылча, Слаціна.

т. 11, с. 433

О́ЛТМЕН ((Altman) Сідні) (н. 8.5.1939, г. Манрэаль, Канада),

амерыканскі хімік і біёлаг. Чл. Нац. АН ЗША (1990), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1988). Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т (1960). З 1971 у Іельскім ун-це (з 1980 праф.). Навук. працы па біяхіміі нуклеінавых кіслот. Адкрыў адначасова з Т.Р.Чэкам рыбазімы — ферментатыўна актыўныя рыбануклеінавыя к-ты (1983). Нобелеўская прэмія 1989 (разам з Чэкам).

Б.В.Корзун.

С.Олтмэн.

т. 11, с. 433

О́ЛТУШ,

вёска ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл., на беразе Олтушскага возера. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на Пд ад горада і чыг. ст. Маларыта, 67 км ад Брэста. 739 ж., 250 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, 2 амбулаторыі, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Олтушская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 11, с. 433

О́ЛТУШСКАЕ ВО́ЗЕРА, Олтуш,

у Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Маларыта, за 13 км на ПдЗ ад г. Маларыта. Пл. 2,19 км², даўж. 2,6 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 3 м, даўж. берагавой лініі 8,3 км. Пл. вадазбору 302 км². Схілы і берагі катлавіны нізкія, забалочаныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, на У у прыбярэжнай ч. — пяскамі і апясчаненымі адкладамі. Моцна зарастае падводнай расліннасцю. Меліярац. каналам злучана з Арэхаўскім возерам. У сувязі з меліярацыяй узровень возера панізіўся на 1,3 м.

т. 11, с. 433

О́ЛТУШСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства ў в. Олтуш Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана да 1783, перабудавана ў 1862 і 1868. У 1889 да царквы пры ўваходзе праз тамбур далучана 2-ярусная званіца (васьмярык на чацверыку) з шатровым дахам. Царква складаецца з трох прамавугольных у плане зрубаў. Асн. зруб накрыты шатровым, бабінец — 2-схільным са шчытом на гал. фасадзе, апсіда — 3-схільным дахамі, завершанымі фігурнымі вежачкамі. Сцены гарызантальна ашаляваны і прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з разнымі ліштвамі. Унутры асн. зруб і бабінец перакрыты вянковымі скляпеннямі накшталт усечанай столі. Трох’ярусны іканастас аформлены разнымі пілястрамі і лапаткамі. Асн. дэкар. акцэнт — царскія вароты (ажурная разьба).

Ю.А.Якімовіч.

Олтушская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 11, с. 433

О́ЛЬБАРГ (Ålborg),

горад у Даніі, на Пн п-ва Ютландыя. Адм. ц. амта Паўн. Ютландыя. Вядомы з 11 ст. Каля 120 тыс. ж. (1999). Порт у праліве Лім-фіёрд. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (гал. чынам суднабудаванне і вытв-сць абсталявання для цэм. прам-сці), цэм., рыбаперапр., тэкст., хімічная Цэнтр рыбалоўства. Арх. помнікі 14—19 ст.

т. 11, с. 433

О́ЛЬБЕРС ((Olbers) Генрых Вільгельм Маціяс) (11.10.1758, г. Брэмен, Германія — 2.3.1840),

нямецкі астраном. Чл Лонданскага каралеўскага т-ва (1804), чл. Франц. АН (1810). Вывучаў медыцыну ў Гётынгенскім ун-це. Навук. працы па назіранні камет і метадах вызначэння іх арбіт. Адкрыў 7 камет, малыя планеты — Паладу (1802) і Весту (1807). Сфармуляваў гіпотэзу аб паходжанні малых планет у выніку выбуху вял. планеты, якая знаходзілася паміж арбітамі Марса і Юпітэра. Выказаў думку пра магчымасць паглынання святла ў міжзорным асяроддзі.

т. 11, с. 433

О́ЛЬБРАХТ (Olbracht) Іван [сапр. Земан

(Zeman) Каміл; 6.1.1882, г. Семілі, Чэхія —30.12.1952], чэшскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (з 1946). Вучыўся ў Берлінскім і Карлавым (Прага) ун-тах. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік руху Супраціўлення. Сваёй творчасцю развіваў традыцыі крытычнага рэалізму. Першы зб. апавяд. «Пра злых адзіночак» (1913). Аўтар псіхал. раманаў «Самы цёмны астрог» (1916),

«Дзіўнае сяброўства акцёра Есенія» (1919). Вынік наведвання ў 1920 Расіі — зб. рэпартажаў «Замалёўкі сучаснай Расіі» (1920—21). Вядомасць прынёс раман «Ганна-пралетарка» (1928) пра рэв. падзеі ў Чэхаславакіі. Гал. прынцыпам новай эпікі лічыў міф: раман «Мікола Шугай, разбойнік» (1933, экранізацыя 1947), зб. апавяд. «Яўрэйскае мястэчка ў даліне» (1937). На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Ю.Лявонны.

Тв.:

Бел. пер. — Ганна-пралетарка. Мн., 1932;

Рус. пер. — Путешествие за познанием. Страна Советов 1920 r. М., 1967;

У кн.: Майерова М., Ольбрахт И. Избранное. М., 1973.

А.У.Вострыкава.

І.Ольбрых. Партал дома Э.Людвіга ў г. Дармштат. 1900—01.

т. 11, с. 434

О́ЛЬБРЫХ ((Olbrich) Іозеф Марыя) (22.12.1867, г. Опава, Чэхія — 8.8.1908),

аўстрыйскі архітэктар; прадстаўнік венскага мадэрну. Вучань О.Вагнера. Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Венскі Сецэсіён» (1897) і Дармштацкай калоніі мастакоў (1899). Пабудовам О. ўласцівы смеласць канстр. вырашэнняў, спалучэнне функцыян. і дэкар. элементаў, выразнае супастаўленне манум. аб’ёмаў з каменю з лёгкімі формамі са шкла, гладкіх і расчлянёных плоскасцей сцен, выкарыстанне паліхроміі, геам. ці схематызаванага расл. арнаменту. Асн. творы: будынак «Венскага Сецэсіёну» (1897—98) у Вене, дом Э.Людвіга (1900—01), выставачны будынак і «Вясельная вежа» (1907—08) у Дармштаце (Германія) і інш.

т. 11, с. 434

О́ЛЬВІЯ (грэч. Olbia),

антычны горад-дзяржава ў Паўн. Прычарнамор’і, паблізу вусцяў Дняпра і Паўд. Буга. Рэшткі О. знаходзяцца каля с. Паруціна Ачакаўскага р-на Мікалаеўскай вобл. (Украіна). Засн. ў пач. 6 ст. да н.э. выхадцамі з Мілета (другая назва О. — Барысфен). Сфарміравалася як дэмакр. поліс; росквіт прыпадае на 5—4 ст. да н.э. Гораду належалі землі на абодвух берагах Бугскага лімана са шматлікімі паселішчамі. У цэнтры верх. ч. горада знаходзіліся агора (гандл. плошча) і тэменас (храмы і алтары), у ніжняй — порт і рамесніцкія кварталы. Горад быў абнесены абарончай сцяной. Развіваліся рамёствы, гандаль (пшаніцай і рабамі), рыбалоўства. О. мела сувязі са скіфамі. У 331 да н.э. жыхары О. (разам са скіфамі) адбілі нападзенне Запірыёна (палкаводца Аляксандра Македонскага). У 3 ст. да н.э. плаціла даніну скіфскаму цару Сайтафарну, у 2 ст. да н.э. падпарадкавана скіфскім царом Скілурам. У канцы 2 ст. да н.э. пасля разгрому скіфаў войскам Мітрыдата VI Еўпатара О. ў складзе яго дзяржавы. У сярэдзіне 1 ст. да н.э. зруйнавана племем гетаў. У 2 ст. н.э. ў О. стаяў рым. гарнізон. У пач. 3 ст. н.э. ўвайшла ў склад рым. правінцыі Ніжняя Мёзія. Жыццё ў О., верагодна, прыпынілася ў 4 ст. Археал. раскопкі вядуцца з 1901.

Літ.:

Леви Е.И. Ольвия: Город эпохи эллинизма Л., 1985;

Крыжицкий С.Д. Оливия: Историогр исслед. архит.-строит. комплексов. Киев, 1985;

Виноградов Ю.Г. Политическая история Ольвийского полиса, VII—I вв. до н.э.: Ист.-эпиграф. исслед. М., 1989.

т. 11, с. 434