Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАВАКУ́ЙБЫШАЎСК,

горад у Самарскай вобл. у Расіі, на р. Волга. 118,1 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Прам-сць: нафтаперапр., нафтахім., металаапрацоўка; з-д сінт. спірту, біяфабрыка (выраб вакцын), трыкат. ф-ка; вытв-сць буд. матэрыялаў. НДІ арган. хіміі, нафтаапрацоўкі. Музей.

т. 11, с. 99

НАВА́ЛАЧНІК, балкер,

судна для перавозкі грузаў без тары — навалам або россыпам. Звычайна грузавыя прыстасаванні ў Н. адсутнічаюць, часам ён абсталёўваецца канвеерамі, каўшовымі элеватарамі, пнеўматычнымі разгрузчыкамі. Разлічаны на перавозку грузаў у трумах.

т. 11, с. 99

НАВАЛА́ЧНЫЯ СМО́ЛЫ, навалакі,

тэрмапластычныя фенола-фармальдэгідныя смолы. Шклопадобныя рэчывы (кавалкі, гранулы) ад светла-жоўтага да цёмна-чырвонага колеру, шчыльн. каля 1200 кг/м³. Раствараюцца ў спіртах, кетонах, фенолах, водных растворах шчолачаў. У вадзе набракаюць і размякчаюцца. Ацвярджэнне адбываецца толькі ў прысутнасці ацвярджальнікаў (пераважна гексаметылентэтраміну). Выкарыстоўваюць у вытв-сці прэс-матэрыялаў, ліцейных форм, лакаў, пенапластаў.

т. 11, с. 99

НАВА́ЛІС [Novalis; сапр. Гардэнберг (Hardenberg) Георг Філіп Фрыдрых фон; 2.5.1772, каля г. Мансфельд, Германія — 25.3.1801],

нямецкі пісьменнік, філосаф; прадстаўнік іенскіх рамантыкаў. Вучыўся ў Іенскім, Лейпцыгскім, Вітэнбергскім ун-тах (1790—94), скончыў Горную акадэмію ў Фрайбургу (1798). Ўласную філасофію «магічнага ідэалізму» (абсалютная ўлада чалавека ў духоўным і матэрыяльным свеце) развіваў у паэтычна-філас. «Фрагментах» (1798), аповесці «Вучні ў Саісе» (1800). Лірычны цыкл «Гімны да ночы» (1800) — філасофска-містычнае асэнсаванне праблемы жыцця і смерці. У «Духоўных песнях» (выд. 1802) Свяшчэннае Пісанне трактуе ў духу піетызму. У незавершаным рамане-міфе «Генрых фон Офтэрдзінген» (выд. 1802) ідэал гарманічнага чалавека ўвасоблены ў вобразе паэта; твор адметны лірызмам і шматзначнай сімволікай. Аўтар лірычных вершаў, публіцыстычнай кн. «Хрысціянства і Еўропа» (1799).

Тв.:

Рус. пер. — Гейнрих фон Офтердинген;

Фрагменты;

Ученики в Саисе. СПб., 1995;

Гимны к ночи. М., 1996;

Лира Новалиса в переложении Вячеслава Иванова. Томск, 1997.

Літ.:

Берковский Н.Я. Романтизм в Германии. Л., 1973.

С.Дз.Малюковіч.

т. 11, с. 100

НАВАЛЬНІ́ЦА,

атмасферная з’ява, пры якой у магутных кучава-дажджавых воблаках, паміж імі або паміж воблакамі і зямлёй узнікаюць моцныя эл. разрады — маланкі, якія суправаджаюцца громам. У час Н. звычайна бывае лівень, часам град, адзначаецца імклівы вецер — шквал. Здараюцца Н. без ападкаў. Адрозніваюць Н. франтальныя, што ўзнікаюць на стыку франтоў атмасферных, і ўнутрымасавыя, якія ўтвараюцца ў выніку мясц. прагравання паветра ад зямной паверхні. На зямным шары адначасова адбываецца да 1800 Н. На Беларусі за год у кожным пункце бывае ў сярэднім 25—30 сут з Н., пераважна летам (чэрв., ліпень), найчасцей над узвышанымі ўчасткамі паверхні.

т. 11, с. 100

НАВАМА́РКАВІЧЫ, Новыя Маркавічы,

вёска ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на Пд ад горада і чыг. ст. Жлобін, 117 км ад Гомеля. 493 ж., 155 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 11, с. 100

НАВАМЫ́ШСКІ ПРААБРАЖЭ́НСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры класіцызму ў в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1825 з цэглы. Вырашаны адзіным прамавугольным у плане аб’ёмам, накрытым 2-схільным дахам з вальмамі над 3-граннай апсідай. Гал. фасад вылучаны порцікам з 4 парамі калон і высокім трохвугольным франтонам. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны стральчатымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах, 2-ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. Цэнтр даху на гал. фасадзе завершаны шатровым ліхтарыкам. Шырокі неф касцёла з самаст, аб’ёмамі 2-ярусных сакрысцій перакрыты лучковым драўляным скляпеннем. У інтэр’еры арган, дэкарыраваны ў стылі ракако (1762). У канцы 19 — пач. 20 ст. у касцёле ўстаноўлены 3 драўляныя разныя алтары, выкананыя ў 17 ст. (перабудаваны і ўпрыгожаны скульптурамі ў 18—19 ст.), і амбон 1745 у стылі ракако (усе перанесены з Нясвіжскага касцёла бенедыкцінак). Гал. алтар 2-ярусны, на высокім цокалі, абапал якога на кранштэйнах устаноўлены скульптуры св. Станіслава і Маці Божай з дзіцем. Матывы разьбы: вінаградная лаза з гронкамі, разеткі, ракавіны, пальметы, акант, пуцці.

А.М.Кулагін, Г.М.Ярмоленка.

Навамышскі Праабражэнскі касцёл.

т. 11, с. 100

НАВАМЫ́ШСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—57. Утвораны 15.1.1940 у Баранавіцкай вобл. Цэнтр — в. Новая Мыш, з мая 1954 — г. Баранавічы. 12.10.1940 падзелены на 15 сельсаветаў: Балобанавіцкі, Валахоўскі, Дубаўскі, Жарабілавіцкі, Каўпеніцкі, Лотвіцкі, Лукаўскі, Люшнеўскі, Ляснянскі, Малахоўскі, Навамышскі, Палонкаўскі, Русіноўскі, Уцёскі, Цешаўлянскі. З 8.1.1954 у Брэсцкай вобл. 8.4.1957 перайменаваны ў Баранавіцкі раён.

т. 11, с. 100

НАВАПО́ЛАЦК,

горад абл. падпарадкавання ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., на левым беразе Зах. Дзвіны. За 6 км на ПнЗ ад г. Полацк, за 12 км ад чыг. ст. Полацк на лініі Віцебск—Рыга. Таварная чыг. станцыя. 106,6 тыс. ж. (2000).

Узнік у 1958 у сувязі з буд-вам нафтахім. прамысл. комплексу. З 22.10.1959 р. п. Полацкі, з 14.12.1963 горад абл. падпарадкавання, атрымаў назву Н. Пры буд-ве горада і заводаў знесена 30 вёсак 40,1 тыс. ж. у 1970. У перспектыве плануецца зліццё Н. з Полацкам.

Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Нафтай», Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Палімір», Наваполацкі завод бялкова-вітамінных канцэнтратаў, Наваполацкі завод «Вымяральнік», прадпрыемства па транспарціроўцы нафты «Дружба», з-ды жалезабетонных вырабаў, «Нафтазаводмантаж», хлебазавод. У горадзе Полацкі універсітэт, Наваполацкі палітэхнікум, 2 ПТВ (нафтахіміі і будаўнікоў), муз. вучылішча, Цэнтр нац. культуры і рамёстваў, Музей гісторыі і культуры горада Наваполацка. Помнікі: воінам-вызваліцелям, на месцы першай палаткі будаўнікоў горада, Курган прац. славы.

Наваполацк. Жылыя дамы па вуліцы Паркавай.

т. 11, с. 100

НАВАПО́ЛАЦКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНАННЕ «НАФТА́Н».

Створана ў 1992 на базе Полацкага нафтаперапр. з-да (пабудаваны ў 1958—63); з 1976 Наваполацкі нафтаперапр. з-д, у 1980—92 ВА «Наваполацкнафтааргсінтэз». Перапрацоўвае да 12 млн. т нафты за год. Нафта паступае па адгалінаванні магістральнага нафтаправода «Дружба». Асн. прадукцыя (1999): аўтамаб. бензіны розных марак, газа, дызельнае, пячное і маторнае паліва, паліўны мазут, змазачнае масла, бензол, талуол, параксілол, артаксілол, розныя маркі буд., дарожных і дахавых бітумаў, серная кіслата, прысадкі да змазачных маслаў, быт. газ, растваральнікі.

т. 11, с. 100