НАВА́ЛІС [Novalis; сапр. Гардэнберг (Hardenberg) Георг Філіп Фрыдрых фон; 2.5.1772, каля г. Мансфельд, Германія — 25.3.1801],

нямецкі пісьменнік, філосаф; прадстаўнік іенскіх рамантыкаў. Вучыўся ў Іенскім, Лейпцыгскім, Вітэнбергскім ун-тах (1790—94), скончыў Горную акадэмію ў Фрайбургу (1798). Ўласную філасофію «магічнага ідэалізму» (абсалютная ўлада чалавека ў духоўным і матэрыяльным свеце) развіваў у паэтычна-філас. «Фрагментах» (1798), аповесці «Вучні ў Саісе» (1800). Лірычны цыкл «Гімны да ночы» (1800) — філасофска-містычнае асэнсаванне праблемы жыцця і смерці. У «Духоўных песнях» (выд. 1802) Свяшчэннае Пісанне трактуе ў духу піетызму. У незавершаным рамане-міфе «Генрых фон Офтэрдзінген» (выд. 1802) ідэал гарманічнага чалавека ўвасоблены ў вобразе паэта; твор адметны лірызмам і шматзначнай сімволікай. Аўтар лірычных вершаў, публіцыстычнай кн. «Хрысціянства і Еўропа» (1799).

Тв.:

Рус. пер. — Гейнрих фон Офтердинген;

Фрагменты;

Ученики в Саисе. СПб., 1995;

Гимны к ночи. М., 1996;

Лира Новалиса в переложении Вячеслава Иванова. Томск, 1997.

Літ.:

Берковский Н.Я. Романтизм в Германии. Л., 1973.

С.Дз.Малюковіч.

т. 11, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)