Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЖАЛО́НЬ, Мухаедаўскі канал,

рака на Украіне і ў Гомельскай вобл., правы прыток Прыпяці. Даўж. 113 км (12,8 км цячэ па Украіне, 33,8 км па мяжы з Беларуссю; 10,9 км зноў па Жытомірскай вобл., у нізоўі па Ельскім і Нараўлянскім р-нах). Пл. вадазбору 1460 км². Асн. прытокі — Яўрэйская канава, рэкі Ханя, Храпунь, Стрэлка і Верасожка (справа). Даліна невыразная. Пойма двухбаковая, парэзаная меліярац. каналамі, шыр. 30—300 м. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае. Каналамі Свячанскі (рака да адгалінавання ад гэтага канала наз. Верхняя Жалонь), Антонаўскі і р. Гразіва злучана з р. Славечна.

т. 6, с. 419

ЖАЛТО́ЎСКІ (Іван Уладзіслававіч) (27.11.1867, г. Пінск Брэсцкай вобл. — 16.7.1957),

бел. і рускі архітэктар, тэарэтык і педагог. Засл. дз. нав. і маст. Расіі (1932), засл. дз. маст. Беларусі (1944). Акад. Акадэміі архітэктуры СССР (1939—56) і Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1956). Ганаровы акад. АН БССР (1947). Вучыўся ў Пецярб. АМ (1887—98); з 1909 акадэмік архітэктуры. Ў 1953—59 узначальваў арх. майстэрню-школу Ін-та «Маспраект». У ранніх работах выкарыстоўваў кампазіцыйныя прыёмы і арх. матывы эпохі Адраджэння, пазней — формы класічнай архітэктуры. Адзін з аўтараў плана рэканструкцыі Масквы (1918—23). Праектаваў у Маскве шэраг павільёнаў Усерасійскай с.-г. і саматужна-прамысл. выстаўкі (1923), жылыя дамы на Ленінскім праспекце (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), на Смаленскай пл. (1950), на праспекце Міру (1957), іпадром (1951—55), павільён СССР на Міжнар. выстаўцы ў Мілане (1925—26), тыпавыя праекты для індустрыяльна-зборнага буд-ва жылых дамоў і кінатэатраў. У 1941 пад яго кіраўніцтвам створаны праект гал. плошчы і драм. т-ра ў Гомелі. Аўтар прац па тэорыі і практыцы архітэктуры. Пераклаў на рус. мову трактат італьян. арх. А.Паладыо (выд. 1938).

Літ.:

И.В.Жолтовский: Проекты и постройки. М., 1955.

І.У.Жалтоўскі.

т. 6, с. 419

ЖАЛУ́ДАЧКІ ГАЛАЎНО́ГА МО́ЗГА,

поласці ўнутры галаўнога мозга, дзе размешчаны сасудзістыя спляценні, што выпрацоўваюць цэрэбраспінальную вадкасць. Яна запаўняе Ж.г.м., потым па ліквораправодных шляхах выходзіць на аснову мозга і распаўсюджваецца па вонкавай паверхні галаўнога і спіннога мозга. Усяго Ж.г.м. — 4, поласці іх сазлучаныя. Пры паталогіі (вентрыкуліты, менінгаэнцэфаліты, кровазліцці, пухліны і інш.) парушаецца цыркуляцыя цэрэбраспінальнай вадкасці з частковай ці поўнай аклюзіяй ліквораправоднай сістэмы. Прыкметы: моцны галаўны боль, моташнасць, ірвота, галавакружэнне, павышаны артэрыяльны ціск і тэмпература цела, вокарухальныя і вестыбулярныя парушэнні. У цяжкіх выпадках — сімптомы ўшчымлення ствала галаўнога мозга, прыступы дэцэрэбрацыйнай рыгіднасці і інш.

Г.Дз.Сітнік.

т. 6, с. 419

ЖАЛУДО́К,

гарадскі пасёлак у Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. За 22 км ад г. Шчучын, 90 км ад Гродна, 12 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы на лініі Масты—Ліда. 1,4 тыс. ж. (1997).

Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як велікакняжацкае ўладанне. З 1486 мястэчка, да 1567 цэнтр павета Віленскага ваяв. У 16—17 ст. належаў Лацкім, Сапегам, Францкевічам. У лют. 1706 гал. кватэра шведскага караля Карла XII. У 18—1-й чвэрці 19 ст. ўласнасць Тызенгаўзаў. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Лідскага пав. Віленскай губ. З 1830-х г. уладанне Урускіх, з пач. 20 ст. — Святаполк-Чацвярцінскіх. У 1897—1860 ж., нар. вучылішча, касцёл, сінагога, мясц. прам-сць. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр раёна. З 27.6.1941 да 12.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, разбураны. 9.5.1942 гітлераўцы расстралялі ў Ж. 2 тыс. сав. грамадзян. З 17.4.1962 у Шчучынскім р-не. У 1971—2,1 тыс. ж.

Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — касцёл Ушэсця (1854) і сядзіба (пач. 20 ст.).

т. 6, с. 419

ЖАЛУДО́ЦКІ РАЁН,

адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў БССР у 1940—62. Утвораны 15.1.1940 у складзе Баранавіцкай вобл., з 1944 у Гродзенскай вобл. Цэнтр — г.п. Жалудок. Падзяляўся на 14 сельсаветаў, пл. 0,7 тыс. км² (1941). У 1962 тэр. перададзена ў Дзятлаўскі, Лідскі, Мастоўскі, Шчучынскі р-ны.

т. 6, с. 419

ЖА́ЛЬНІКІ,

магілы 12—16 ст., абазначаныя абкладкай з камянёў, круглаватай, авальнай ці чатырохвугольнай формы, з 1—2 валунамі ў галавах, часам і ў нагах, з каменнымі крыжамі або накрытыя валунамі. На камянях і каменных крыжах часта высечаны знакі (крыжы, крыжыкі, краты, стрэлачкі, свастыкі і інш.). Большасць пахаванняў без інвентару, звычайна з адным пахаваннем у яме, галавой на 3. Пашыраны пераважна на Наўгародчыне і Пскоўшчыне (Расія), дзе звязваюцца з прыбалтыйска-фін. насельніцтвам, таксама ва Усх. Латвіі і некат. мясцінах Пн Беларусі (часцей у складзе курганна-жальнічных могільнікаў).

Л.У.Дучыц.

Да арт. Жальнікі. Курганна-жальнікавае пахаванне 11—14 ст. каля в. Сухая Гара Лагойскага раёна Мінскай вобл.

т. 6, с. 419

ЖАЛЮЗІ́ (франц. jalousie),

1) аканіцы, шторы з паралельных пласцінак, замацаваных у верт. або гарыз. становішчы на раме (звычайна пад вуглом 45°) ці на шнурках (могуць устанаўлівацца пад любым вуглом). Выкарыстоўваюцца для засцярогі жылых і грамадскіх памяшканняў ад сонечных прамянёў, атм. ападкаў, пылу.

2) Паваротныя метал. створкі, якія ўстанаўліваюцца перад масляным або вадзяным радыятарам сістэмы ахаладжэння аўтамабіля і інш. машын для рэгулявання патоку паветра, што праходзіць праз радыятар.

т. 6, с. 419

ЖАЛЯ́БАЎ (Андрэй Іванавіч) (29.8.1851, с. Султанаўка, Рэспубліка Крым, Украіна — 15.4.1881),

расійскі рэвалюцыянер-народнік. Скончыў Керчанскую гімназію (1869), вучыўся ў Новарасійскім ун-це ў Адэсе. За ўдзел у студэнцкіх хваляваннях (кастр. 1871) выключаны з ун-та і высланы. З 1873 чл. гуртка чайкоўцаў, вёў рэв. прапаганду сярод рабочых і інтэлігенцыі Адэсы. Удзельнік Ліпецкага і Варонежскага з’ездаў (1879), чл. выканаўчага к-та «Народнай волі», сааўтар яе гал. праграмных дакументаў, у т. л. дэкларацыі. Адзін з удзельнікаў замаху на жыццё Аляксандра II; 27.2.1881 арыштаваны, асуджаны. Павешаны, тайна пахаваны на Праабражэнскіх могілках у Пецярбургу.

Літ.:

Ходаковский М.П. Крым в биографии А.И.Желябова // История СССР. 1988. № 2.

т. 6, с. 420

ЖАЛЯЗНЕ́ННЕ,

1) нанясенне слоя жалеза на паверхню метал. вырабаў; разнавіднасць металізацыі. Робіцца электралітычным асаджэннем, газаполымным і плазменным напыленнем, выпарэннем і кандэнсацыяй жалеза ў вакууме. Выкарыстоўваецца для ўзнаўлення памераў зношаных дэталей, павышэння зносаўстойлівасці дэталей, якія труцца, ліквідацыі дэфектаў у адліўках; у паліграфіі — для вырабу клішэ спосабам гальванапластыкі, нанясення жал. пакрыццяў на медныя пласцінкі спосабам гальванастэгіі (для аховы іх ад акіслення друкарскай фарбай) і павышэння тыражаўстойлівасці стэрэатыпаў (гл. Стэрэатыпія).

2) Уціранне цэменту ў бетонныя паверхні зацірачнай машынай або стальной цёркай да паяўлення метал. бляску. Робіцца для павышэння трываласці на сціранне і шчыльнасці бетонных пакрыццяў.

т. 6, с. 420

ЖАЛЯЗНО́Ў (Мікалай Іванавіч) (28.10.1816, С.-Пецярбург — 27.1.1877),

рускі батанік і аграном. Акад. Пецярбургскай АН (1857). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1838). З 1847 праф. Маскоўскага ун-та, у 1861—69 арганізатар і дырэктар Пятроўскай земляробчай і лясной акадэміі ў Маскве. З 1858 першы прэзідэнт Рас. т-ва садоўніцтва. Навук. працы па раслінаводстве, эмбрыялогіі і фізіялогіі раслін.

т. 6, с. 420