ЖАЛЯЗНЕ́ННЕ,

1) нанясенне слоя жалеза на паверхню метал. вырабаў; разнавіднасць металізацыі. Робіцца электралітычным асаджэннем, газаполымным і плазменным напыленнем, выпарэннем і кандэнсацыяй жалеза ў вакууме. Выкарыстоўваецца для ўзнаўлення памераў зношаных дэталей, павышэння зносаўстойлівасці дэталей, якія труцца, ліквідацыі дэфектаў у адліўках; у паліграфіі — для вырабу клішэ спосабам гальванапластыкі, нанясення жал. пакрыццяў на медныя пласцінкі спосабам гальванастэгіі (для аховы іх ад акіслення друкарскай фарбай) і павышэння тыражаўстойлівасці стэрэатыпаў (гл. Стэрэатыпія).

2) Уціранне цэменту ў бетонныя паверхні зацірачнай машынай або стальной цёркай да паяўлення метал. бляску. Робіцца для павышэння трываласці на сціранне і шчыльнасці бетонных пакрыццяў.

т. 6, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)