Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЕМЯЛЬЯ́НАЎ (Леанід Рыгоравіч) (н. 18.11.1937, в. Верціхова Смаленскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі раслін. Д-р біял. н. (1990). Скончыў БСГА (1961). З 1990 у Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па фізіялогіі ўстойлівасці раслін (збожжавыя злакі) да водна-цеплавых неспрыяльных уздзеянняў, механізмах рэгуляцыі іх воднага гамеастазу.

Тв.:

Растения и вода. Мн., 1977;

Влагообеспечение растений на торфяной почве: (Физиол. аспекты). Мн., 1980;

Водообмен и стресс-устойчивость растений. Мн., 1992 (разам з С.А.Анкуд).

т. 6, с. 390

ЕМЯЛЬЯ́НАЎ (Мікалай Генадзевіч) (н. 11.3.1947, г. Ніжні. Ноўгарад, Расія),

рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1988). Скончыў Ніжагародскае тэатр. вучылішча (1972). Да 1979 у Пензенскім, з 1979 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Яго мастацтва адметнае тонкай псіхал. распрацоўкай характараў, спалучэннем эмацыянальнага стану героя са знешне стрыманай манерай выканання. Сярод роляў; Лапахін («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Мастакоў («Стары» М.Горкага), Галядкін («Двайнік» паводле Ф.Дастаеўскага), Маляр («Дзікі Анёл» Л.Каламійца), Марк («Вечна жывыя» В.Розава), Рамахін («Заўтра была вайна» паводле Б.Васільева), Мікалай II («Змова» А.М.Талстога і П.Шчогалева).

т. 6, с. 390

ЕМЯЛЬЯ́НАЎ (Несцер Пятровіч) (11.11.1898, в. Ляцягі Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 29.9.1970),

бел. хімік. Д-р хім. н. (1970). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1932). З 1959 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН БССР. Навук. працы па распрацоўцы метадаў атрымання α, β-ненасычаных кетонаў, спіртоў, дыкарбонавых кіслот, мона- і спалучаных дыалефінаў, паліёлаў і іх вытворных на аснове гідрапераксідаў вуглевадародаў цыклічнай структуры.

т. 6, с. 390

Емяльянаў Віктар Андрэевіч

т. 18, кн. 1, с. 383

ЕН,

у комі міфалогіі бог, стваральнік усяго добрага для народа, рамеснік, майстар. Супрацьстаіць брату Омалю, які творыць толькі дрэннае і злое.

т. 6, с. 390

ЕН ((Jähn) Зігмунд) (н. 13.2.1937, в. Раўтэнкранц, Германія),

першы касманаўт Германіі. Герой ГДР (1978), Герой Сав. Саюза (1978), лётчык-касманаўт ГДР (1978). Скончыў Вышэйшае афіцэрскае вучылішча ППА ВПС імя Ф.Мерынга (1958), Ваенна-паветр. акадэмію імя Ю.А.Гагарына (1970). З 1976 у атрадзе касманаўтаў. 26.8—3.9.1978 разам з В.Ф.Быкоўскім здзейсніў палёт (як касманаўт-даследчык) на касм. караблі «Саюз-31» і арбітальным комплексе «Салют-6»—«Саюз-29» (асн. экіпаж У.В.Кавалёнак, А.С.Іванчэнкаў). Правёў у космасе 7,9 сут.

З.Ен.

т. 6, с. 390

ЕНГІБА́РАЎ (Леанід Георгіевіч) (15.3.1935, Масква — 25.7.1972),

расійскі артыст цырка, клоун-мім. Нар. арт. Арменіі (1971). Скончыў вучылішча цыркавога мастацтва ў Маскве (1959). Вобраз-маска артыста — летуценны блазан, дзіця і паэт у душы. Выступаў на эстрадзе з «Вечарамі пантамімы», распрацоўваў ідэю «аўтарскай клаунады». Аўтар сваіх нумароў, кінасцэнарыяў, кароткіх навел і прытчаў. Здымаўся ў кіно: «Шлях на арэну», «Цені забытых продкаў», «На манежы — юнацтва», «Знаёмцеся — Леанід Енгібараў» і інш.

т. 6, с. 390

ЕНДРЫХО́ЎСКІ ((Jędrychowski) Стэфан) (н. 19.5.1910, Варшава),

польскі дзярж. дзеяч, удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Віленскі ун-т. Д-р права. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Студэнцкай лявіцы «Фронт» у Віленскім ун-це, якая знаходзілася пад уплывам КПЗБ і КПП, рэдактар (разам з Г.Дэмбінскім) і супрацоўнік яе двухтыднёвіка «Poprostu» («Папросту»), газ. «Karta» («Карта») у 1935—36. Удзельнік антыфашысцкага кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове. У 1937 асуджаны на 4 гады. З 1939 y СССР. У Вял. Айч. вайну адзін з арганізатараў Саюза польскіх патрыётаў у СССР і 1-й дывізіі імя Т.Касцюшкі. З 1944 працаваў у Польскім к-це нац. вызвалення. З 1945 у складзе ўрада ПНР, у 1968—74 міністр замежных спраў, фінансаў.

т. 6, с. 390

ЕНІКАЛО́ПАЎ (Мікалай Сяргеевіч) (13.3.1924, г. Сцепанакерт, Азербайджан — 22.1.1993),

савецкі фізікахімік. Акад. АН СССР (1976, чл.-кар. з 1966). Скончыў Ерэванскі політэхн. ін-т (1945). У 1949—80 у Ін-це хім. фізікі, з 1985 дырэктар Ін-та сінт. палімерных матэрыялаў АН СССР, адначасова (з 1961) праф. Маскоўскага фізіка-тэхн. ін-та. Навук. працы па кінетыцы і механізме іоннай полімерызацыі, тэхналогіі палімерных кампазіцыйных матэрыялаў. Адкрыў новы элементарны акт полімерызацыі — перадачу ланцуга праз палімер (1961), магчымасць полімерызацыі пры высокім ціску ў спалучэнні з дэфармацыяй зруху рэчываў, якія цяжка ператварыць у палімеры інш. метадамі. Прапанаваў метады напаўнення тэрмапластаў мінер. напаўняльнікамі непасрэдна ў ходзе полімерызацыі. Ленінская прэмія 1980.

Літ.:

Н.С.Ениколопов, 1924—1993. М., 1994.

М.С.Енікалопаў.

т. 6, с. 390

ЕНІСЕ́Й (па-эвенкійску Іаанэсі літар. вялікая вада, рака),

рака ў Сібіры, у Краснаярскім краі (вярхоўі ў Рэспубліцы Тува), Расія. Адна з самых вялікіх рэк на зямным шары (7-е месца). Утвараецца пры зліцці Вялікага Енісея (Бій-Хем) і Малога Енісея (Ка-Хем) каля г. Кызыл. Даўж. 3487 км (ад вытокаў Малога Е. 4102 км), пл. бас. 2580 тыс. км². Упадае ў Енісейскі зал. Карскага м.

Цячэнне Е. падзяляецца на 3 ч.: верхняе (ад зліцця Бій-Хема і Ка-Хема да ўпадзення р. Абакан), сярэдняе (паміж рэкамі Абакан і Ангара), ніжняе (ад р. Ангара да вусця). У вярхоўі Е. цячэ па ўзгорыстым стэпе Тувінскай катлавіны пад назвай Верхні Е. (Улуг-Хем). Рэчышча падзелена на асобныя рукавы і пратокі, спакойныя плёсы чаргуюцца з перакатамі. Ад упадзення р. Хемчык на працягу 280 км Е. праразае хрыбты Зах. Саяна. Даліна тут вузкая. месцамі каньёнападобная, шыр. да 100 м. У рэчышчы шмат камяністых перакатаў і парогаў. Пры выхадзе Е. ў Мінусінскую катлавіну даліна расшыраецца, шмат астравоў. Паміж гарадамі Мінусінск і Краснаярск у адгор’ях Усх. Саяна даліна звужаецца, ніжэй Краснаярска даліна расшыраецца пасля ўпадзення р. Ангара, левы бераг нізінны, правы ўзвышаны. Пры перасячэнні адгор’яў Енісейскага кража Е. утварае Казачынскі і Асінаўскі парогі. Ніжэй г. Дудзінка цячэ па Паўн.-Сібірскай нізіне. У нізоўях разбіваецца на рукавы: шырыня рэчышча да 15—20 км, глыб. больш за 15 м. Асн. прытокі: Оя, Туба, Мана, Кан, Ангара, Падкаменная Тунгуска, Ніжняя Тунгуска, Курэйка (справа), Абакан, Сым, Турухан (злева). Жыўленне снегавое, дажджавое і грунтавое. Для б.ч. Е. характэрна высокае веснавое разводдзе і ўстойлівая асенне-зімовая межань, частыя летнія дажджавыя паводкі, у вярхоўях — вяснова-летняе разводдзе. Ледастаў у ніжнім цячэнні 3 канца кастр. да канца мая — пач. чэрв.; у сярэднім цячэнні з пач. ліст. да канца крас. — сярэдзіны мая; у горнай ч. з канца ліст.снеж. да канца красавіка. Е. — самая мнагаводная рака Расіі. Сярэднегадавы расход вады каля г. Ігарка 18 100 м³/с, у вусці — 19 800 м³/с.

На Е. Саяна-Шушанская, Майнская і Краснаярская ГЭС з вадасховішчамі. Суднаходства на вадасховішчах і ад г. Краснаярск да вусця. Для праводкі суднаў з ніжняга б’ефа ў Краснаярскае вадасховішча і назад пабудаваны суднапад’ёмнік. Да г. Ігарка (973 км ад вусця) паднімаюцца марскія судны. Рыбныя промыслы (асетр, сцерлядзь, омуль, селядзец, нельма, бялуга і інш.). У бас. Е. запаведнікі Саяна-Шушанскі і Слупы. Гал. гарады і парты: Кызыл, Саянагорск, Мінусінск, Абакан, Дзіўнагорск, Краснаярск, Енісейск, Ігарка, Дудзінка.

Літ.:

Гнедовский Б.В., Добровольская Э.Д. Вверх по Енисею. М., 1980;

Колесов А.Н. По Енисею. 3 изд. Красноярск, 1990.

В.П.Кісель.

т. 6, с. 390