ГА́ГРА,
горад у Абхазіі, Рэспубліка Грузія; порт на Чорным м. Чыг. станцыя. Харч. прам-сць. Рэшткі крапасных сцен, трохцаркоўная базіліка 6—7 ст. адноўлены ў 19 ст. Прыморскі клімата- і бальнеалагічны курорт. Развіваецца з 1903; набыў вядомасць як «руская Рыўера». Найб. інтэнсіўна пачаў забудоўвацца пасля Вял. Айч. вайны. Самы цёплы курорт Усх. Еўропы са спрыяльнымі ўмовамі для лячэння сардэчна-сасудзістых, нерв. і лёгачных (нетуберкулёзнага паходжання) хвароб. Кліматалячэнне (аэрагелія- і таласатэрапія), гразевае (на базе радовішчаў мясц. сапрапелевых і тарфяных гразей) і бальнеалагічнае (крыніцы тэрмальных мінер. вод, штучныя радонавыя і вуглякіслыя ванны) лячэнне спадарожных захворванняў органаў апоры і руху, скуры, гінекалагічнай сферы. Дзесяткі санаторыяў і пансіянатаў.
т. 4, с. 419
ГАДА́ВАРЫ,
Годзі, рака ў Індыі. Даўж. 1450 км, пл. бас. 290 тыс. км². Пачынаецца ў Зах. Гатах, перасякае пласкагор’е Дэкан, упадае ў Бенгальскі заліў, утварае дэльту. Мнагаводная летам. Сярэдні расход вады 3500 м³/с. Суднаходства ў сярэднім і ніжнім цячэнні і ў дэльце, дзе злучана каналам з дэльтай р. Крышна. ГЭС. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Гадавары — гарады Нашык, Нандэр, Раджамандры.
т. 4, с. 419
ГАДАВЫ́Я КО́ЛЬЦЫ ў раслін, канцэнтрычныя кольцы, бачныя на папярочным зрэзе праз гадавыя слаі тканак (напр., ксілемы ў дрэвавых раслін). Памер гадавых кольцаў і суадносіны іх ранніх і позніх элементаў вызначаюць шчыльнасць і мех. ўласцівасці тканкі. Пры неспрыяльных пагодных і інш. умовах могуць утварацца несапраўдныя кольцы з больш рыхлай і цёмнай драўнінай і няроўнымі граніцамі. Па колькасці гадавых кольцаў на разрэзе каля асновы дрэва можна вызначыць яго ўзрост, а таксама клімат і інш. прыродныя з’явы мінулага (гл. Дэндракліматалогія).
т. 4, с. 419
ГАДАВЫ́Я СЛАІ́,
1) у раслін — слаі прыросту драўніны, утвораныя камбіем у выніку сезоннай перыядычнасці яго дзейнасці. Найб. выяўлены ў дрэвавых раслін умераных і халодных паясоў, дзе яны адпавядаюць прыросту драўніны за адзін вегетац. перыяд. Нарастаюць ад цэнтра да перыферыі і складаюцца з дзвюх частак — ранняй (больш светлая, размешчана бліжэй да цэнтра, адкладаецца вясной) і позняй (больш цёмная, адкладаецца летам) драўніны. Бачныя на папярочным зрэзе ствала дрэва ў выглядзе канцэнтрычных гадавых кольцаў.
2) У жывёл — утварэнні ў некаторых тканках (напр., у лусцэ рыб, ракавінах малюскаў, кіпцюрах млекакормячых, хрусталіку іх вока), якія штогод адкладаюцца і працягла (часам усё жыццё) захоўваюцца. Адлюстроўваюць сезонныя змены тэмпу росту тканкі, што дазваляе вызначаць узрост асобін.
т. 4, с. 419
ГАДАЛІ́Н Аксель Вільгельмавіч
(24.6.1828, Фінляндыя — 27.12.1892),
расійскі вучоны ў галіне артыл. ўзбраення, мех. апрацоўкі металаў, мінералогіі і крышталяграфіі. Акад. Пецярб. АН (1875), ген. ад артылерыі (1890). Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1849). З 1867 праф. Міхайлаўскай артыл. акадэміі. Распрацаваў тэорыю змацавання ствалоў артыл. гармат (насадкай на іх цыліндраў у гарачым стане), што дазволіла павысіць іх трываласць, магутнасць і дальнабойнасць, стварыць буйнакаліберную артыл. сістэму. Аўтар работ па апрацоўцы металаў (асабліва рэзаннем), курсаў па тэхналогіі металаў. Даследаваў мікрасіметрыю крышталяў, спосабы вызначэння шчыльнасці мінералаў. Ламаносаўская прэмія Пецярб. АН 1868.
Літ.:
Ларман Э.К. А.В.Гадолин. М., 1969.
т. 4, с. 419
ГАДАЛІ́Н
(Gadolin) Юхан (Іаган; 5.6.1760, г. Турку, Фінляндыя — 15.8.1852),
фінскі хімік. Чл.-кар. Пецярб. АН (1811). Вучыўся ва ун-тах у гарадах Аба і Упсала. У 1785—1822 працаваў ва ун-це ў г. Аба (з 1797 праф.). Навук. працы па неарган. хіміі. Пры даследаванні мінералу, знойдзенага каля г. Ітэрбюн с. Ітэрбю (Швецыя), адкрыў невядомую раней «зямлю» (сумесь аксідаў рэдказямельных металаў), якую назваў ітрыевай, што было пачаткам адкрыцця рэдказямельных элементаў. У яго гонар мінерал назвалі гадалінітам, а адзін з рэдказямельных металаў гадалініем.
т. 4, с. 419
ГАДАЛІ́НІЙ
(лац. Gadolinium),
Gd, хімічны элемент III групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 64, ат. м. 157,25, адносіцца да лантаноідаў. Адкрыты ў 1880 швед. хімікам Ж.Марыньякам, названы ў гонар фін. хіміка Ю.Гадаліна. Мяккі серабрысты метал, шчыльн. 7895 кг/м³, tпл 1312 °C, ферамагнетык (ніжэй за 18 °C). У паветры акісляецца, узаемадзейнічае з вадой і мінер. к-тамі (сернай, азотнай, салянай), пры награванні — з вадародам, азотам, галагенамі. Выкарыстоўваюць як кампанент магн. сплаваў. Перспектыўны матэрыял для рэгулюючых стрыжняў ядз. рэактараў (паглынальнік нейтронаў).
т. 4, с. 419
ГА́ДАМЕР
(Gadamer) Ганс Георг (н. 11.2.1900, г. Марбург, Германія),
нямецкі філосаф, заснавальнік філас. герменеўтыкі. Скончыў Марбургскі ун-т (1922). З 1932 праф. філасофіі ў Лейпцыгу, у 1946—47 рэктар Лейпцыгскага ун-та, з 1949 праф. філасофіі ў Гайдэльбергу. У асн. працы «Ісціна і метад» (1960) абгрунтаваў канцэпцыю філас. герменеўтыкі, якую разглядаў не проста як метад гуманіт. навук. а як своеасаблівую анталогію, свайго роду філасофію разумення, што ўключала ўсю сукупнасць чалавечых ведаў пра свет і быццё. Выступаў супраць неапазітывісцкага, рацыянальнага метаду пазнання сац. з’яў і лічыў неабходным перайсці «ад навукі да свету жыцця». Ісціну не можа пазнаваць і абвяшчаць нехта адзін, толькі дыялог дапамагае прыйсці да яе.
Тв.:
Рус. пер. — Истина и метод. М., 1988;
Актуальность прекрасного. М., 1991.
Т.І.Адула.
т. 4, с. 419
ГАДА́Р
(Godard) Жан Люк (н. 3.12.1930, Парыж),
французскі кінарэжысёр. Адзін з вядучых прадстаўнікоў «новай хвалі». Яго творчай манеры ўласцівы своеасаблівы і востры стыль кінаапавядання, выражаны ў рытмічна-імпульсіўным мантажы, частым выкарыстанні ручной камеры, у нетрадыцыйнай лексіцы дыялогаў. Сярод фільмаў: «На апошнім дыханні» (1960), «Жыць сваім жыццём» (1962), «Шалёны П’еро» (1965), «Уікэнд» (1967), «Імя Кармэн» (1983), «Германія, дзевяць нуль» (1991), «Назаўсёды Моцарт» (1996).
т. 4, с. 419
ГАДЖЫБЕ́КАЎ Султан Ісмаіл аглы
(8.5.1919, г. Шуша, Нагорны Карабах — 19.9.1974),
азербайджанскі кампазітар. Нар. арт. Азербайджана (1960). Нар. арт. СССР (1973). Скончыў Азерб. кансерваторыю (1946), выкладаў у ёй (з 1965 праф., з 1969 рэктар). З 1948 маст. кіраўнік (у 1955—61 дырэктар) Азерб. філармоніі. Сярод твораў: дзіцячая опера «Іскендэр і пастух» (паст. 1947), балет «Гюльшэн» (паст. 1950), муз. камедыя «Чырвоная ружа» (паст. 1940); 2 сімфоніі (1944, 1946), сімф. карціна «Караван» (1945), канцэрты для аркестра (1964), для скрыпкі з аркестрам (1945); камерна-інстр. ансамблі, інстр. і вак. п’есы, творы для арк. нар. інструментаў, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1952, Дзярж. прэмія Азербайджана 1970.
Літ.:
Тагизаде А. Султан Гаджибеков: (жизнь и творчество). Баку, 1985.
т. 4, с. 419