Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БО́ГАВА ДРЭ́ВА,

гл. ў арт. Палын.

т. 3, с. 201

БО́ГАН,

возера ў Беларусі, у Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Мухавец, за 9 км на ПдЗ ад г. Пружаны. Пл. 0,23 км², даўж. 780 м, найб. шыр. 500 м. Схілы катлавіны выш. да 2 м, пад хмызняком, паўночныя разараныя. Берагі забалочаныя.

т. 3, с. 201

БО́ГАРАЎ Веніямін Рыгоравіч

(24.12.1904, Масква — 15.4.1971),

савецкі акіянолаг і гідрабіёлаг. Чл.-кар. АН СССР (1958). Скончыў Маскоўскі ун-т (1926). З 1930 у н.-д. ін-тах АН СССР і Маскоўскім ун-це. Навук. працы па вывучэнні марскога і акіянскага планктону, біял. прадукцыйнасці і геагр. занальнасці акіяна. Адзін са стваральнікаў тэорыі пра біял. структуру акіяна (1959). Дзярж. прэмія СССР 1951.

Тв.:

Жизнь моря. М., 1954.

т. 3, с. 201

БО́ГАРД (Bogarde) Дзірк [сапр. Богардэ

(Bogaerde) Дэрэк Жуль Гаспар Ульрык Нівен ван дэн; н. 28.3.1921, Хампстэд, цяпер у межах Лондана], англійскі акцёр. Вучыўся ў Каралеўскім каледжы мастацтваў у скульптара Г.Мура. Дэбютаваў на тэатр. сцэне ў 1939. Працаваў у Лонданскіх т-рах і на тэлебачанні, з 1947 у кіно. Вядомасць акцёру прынеслі ролі ў фільмах Л.Вісконці «Гібель багоў» (1969) і «Смерць у Венецыі» (1970). Сярод іншых значных работ: «Слуга» (1963),

«За караля і айчыну» (1964), «Няшчасны выпадак» (1967), «Начны парцье» (1974), «Наканаванне» (1977), «Падарожжа ў свет» («Роспач»; 1978), «На адзін мост далей» (1977). Аўтар некалькіх раманаў і аўтабіягр. Твораў.

т. 3, с. 201

БО́ГАРТ (Bogart) Хэмфры

(25.12.1899, Нью-Йорк — 14.1.1957),

амерыканскі акцёр. З 1920 выступаў у тэатры, з 1930 у кіно. Выконваў ролі т.зв. моцных мужчын са складаным унутраным светам у гангстэрскіх і дэтэктыўных фільмах, вестэрнах: «Акамянелы лес» (1936), «Высокая Сьера» і «Мальтыйскі сокал» (1941), «Афрыканская каралева» (1951, прэмія «Оскар»), «Тым цяжэй будзе падзенне» (1956) і інш., што зрабіла яго культавым героем амер. кінематографа. Раптоўная смерць акцёра садзейнічала пэўнай міфалагізацыі яго вобраза.

Літ.:

Базен А. Смерть Хэмфри Богарта // Базен А. Что такое кино?: Пер. с фр. М., 1972.

т. 3, с. 201

БОГАСЛУЖЭ́ННЕ,

сукупнасць культавых абрадаў, дзеянняў, цырымоній, звязаных з сістэмай рэліг. уяўленняў і прызначаных у эмацыянальна-вобразнай форме ўзнаўляць той ці іншы аспект веравызнання. Праводзіцца свяшчэннаслужыцелем пры актыўным удзеле вернікаў гал. чынам у храме па здаўна распрацаваным рытуале. У розных рэліг. сістэмах агульнае для ўсіх богаслужэнняў — наяўнасць магічнага элемента. Хрысц. богаслужэнне ўключае малітвы, песнапенні, паклоны, прыкладванне да абразоў і крыжа, акрапленне вадой, запальванне лампадаў і свечак, чытанне святых тэкстаў і інш. Богаслужэнне цесна пераплецена з нац., сямейна-бытавымі традыцыямі і звычаямі і ўспрымаецца вернікамі як непасрэдныя зносіны з Богам.

т. 3, с. 201

БОГАСТВАРА́ЛЬНІЦТВА,

філасофска-этычная плынь у Расіі ў 1910-я г., якая імкнулася спалучыць навук. сацыялізм з рэлігіяй. Яе прадстаўнікі (А.В.Луначарскі, У.А.Базараў, П.С.Юшкевіч, часткова М.Горкі і інш.) мелі на мэце абгрунтаваць неабходнасць стварэння новай «пралетарскай рэлігіі» без Бога, што фактычна зводзілася да абагаўлення калектыву і прагрэсу, якія павінны абуджаць у чалавека «складанае творчае пачуццё веры ў свае сілы, надзею на перамогу любові да жыцця» і дзейсна звязаць ідэал з рэчаіснасцю. Плынь не мела шырокай падтрымкі і да пач. 1-й сусв. вайны (1914) перастала існаваць.

Літ.:

Короткая Т.П. Религиозная философия в Белоруссии начала XX в.: Критич. анализ. Мн., 1983.

т. 3, с. 201

БОГАШУКА́ЛЬНІЦТВА,

рэлігійна-філас. плынь, што ўзнікла ў пач. 20 ст. сярод расійскай ліберальнай інтэлігенцыі. Адзін з філас. вытокаў богашукальніцтва — канцэпцыя «ўсеяднання» У.С.Салаўёва і яго погляды на спасціжэнне быцця шляхам містычнага вобразна-сімвалічнага асвятлення, накіраванае на выратаванне грамадства з дапамогай тэорыі хрысц. «богачалавечага працэсу». Прадстаўнікі богашукальніцтва (М.А.Бярдзяеў, С.М.Булгакаў, Дз.С.Меражкоўскі, З.М.Гіпіус, М.М.Мінскі і інш.) шукалі «трэці шлях» паміж традыц. праваслаўна-дзярж. каштоўнасцямі і рэв. рухам, таму іх ідэалогія з абодвух бакоў сустракала непаразуменне і не мела вял. пашырэння. Прыхільнікі богашукальніцтва прапаноўвалі вучэнне пра новую рэліг. свядомасць, усталяванне божага царства ў зямным жыцці; крытыкавалі марксісцкую тэорыю класавай барацьбы як аднабаковую і недасканалую; негатыўна ставіліся да філас. матэрыялізму і лічылі яго «іншародным псіхічнаму складу» рус. чалавека. Цікавасць да богашукальніцтва праяўлялі прадстаўнікі мастацтва, асабліва прыхільнікі дэкадэнцтва і сімвалісты старэйшай генерацыі.

Літ.:

История философии. Т. 5. М., 1961;

Короткая Т.П. Религиозная философия в Белоруссии начала XX в.: Критич. анализ. Мн., 1983.

А.А.Цітавец.

т. 3, с. 202

БОГАЯЎЛЕ́ННЕ,

гл. ў арт. Вадохрышча.

т. 3, с. 202

БОГАЯЎЛЕ́НСКІ Іван Канстанцінавіч

(1869, Масква — 5.10.1930),

бел. матэматык. Праф. (1918). Скончыў Маскоўскі ун-т (1891). З 1894 выкладаў у ім і адначасова (1903—19) у Маскоўскім ін-це інжынераў транспарту. З 1920 у Горацкім с.-г. ін-це. Навук. працы па лікавым інтэграванні функцый, тэорыі імавернасцяў і матэм. статыстыцы, аналітычнай геаметрыі. Аўтар першых на Беларусі дапаможнікаў па матэматыцы для студэнтаў.

Тв.:

Введение в анализ и дифференциальное исчисление. Горки, 1931;

Аналітычная геаметрыя. Горкі, 1932.

А.А.Гусак.

т. 3, с. 202