БОГАШУКА́ЛЬНІЦТВА,

рэлігійна-філас. плынь, што ўзнікла ў пач. 20 ст. сярод расійскай ліберальнай інтэлігенцыі. Адзін з філас. вытокаў богашукальніцтва — канцэпцыя «ўсеяднання» У.С.Салаўёва і яго погляды на спасціжэнне быцця шляхам містычнага вобразна-сімвалічнага асвятлення, накіраванае на выратаванне грамадства з дапамогай тэорыі хрысц. «богачалавечага працэсу». Прадстаўнікі богашукальніцтва (М.А.Бярдзяеў, С.М.Булгакаў, Дз.С.Меражкоўскі, З.М.Гіпіус, М.М.Мінскі і інш.) шукалі «трэці шлях» паміж традыц. праваслаўна-дзярж. каштоўнасцямі і рэв. рухам, таму іх ідэалогія з абодвух бакоў сустракала непаразуменне і не мела вял. пашырэння. Прыхільнікі богашукальніцтва прапаноўвалі вучэнне пра новую рэліг. свядомасць, усталяванне божага царства ў зямным жыцці; крытыкавалі марксісцкую тэорыю класавай барацьбы як аднабаковую і недасканалую; негатыўна ставіліся да філас. матэрыялізму і лічылі яго «іншародным псіхічнаму складу» рус. чалавека. Цікавасць да богашукальніцтва праяўлялі прадстаўнікі мастацтва, асабліва прыхільнікі дэкадэнцтва і сімвалісты старэйшай генерацыі.

Літ.:

История философии. Т. 5. М., 1961;

Короткая Т.П. Религиозная философия в Белоруссии начала XX в.: Критич. анализ. Мн., 1983.

А.А.Цітавец.

т. 3, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)