БОГАСЛУЖЭ́ННЕ,
сукупнасць культавых абрадаў, дзеянняў, цырымоній, звязаных з сістэмай рэліг. уяўленняў і прызначаных у эмацыянальна-вобразнай форме ўзнаўляць той ці іншы аспект веравызнання. Праводзіцца свяшчэннаслужыцелем пры актыўным удзеле вернікаў гал. чынам у храме па здаўна распрацаваным рытуале. У розных рэліг. сістэмах агульнае для ўсіх богаслужэнняў — наяўнасць магічнага элемента. Хрысц. богаслужэнне ўключае малітвы, песнапенні, паклоны, прыкладванне да абразоў і крыжа, акрапленне вадой, запальванне лампадаў і свечак, чытанне святых тэкстаў і інш. Богаслужэнне цесна пераплецена з нац., сямейна-бытавымі традыцыямі і звычаямі і ўспрымаецца вернікамі як непасрэдныя зносіны з Богам.
т. 3, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)