БЕ́НКА (Benka) Марцін
(21.9.1888, г. Малацкі, Славакія — 28.6.1971),
славацкі жывапісец і графік. Нар. мастак ЧССР (1953). Адзін са стваральнікаў славацкай школы жывапісу 20 ст. Вучыўся ў школе А.Кальводы ў Празе. Аўтар манум. паэтычных сцэн сял. жыцця, выкананых у свабоднай постімпрэсіяністычнай манеры, мяккіх і стрыманых па каларыце: «Ля люлькі» (1929), «Лесарубы пад Салацінам» (1931), «Па дарозе на горную пашу» (1933), «Дзве жанчыны», «Бацька з сынам» (абедзве 1934), «Жанчыны-гаранкі з Ліптова» (1936) і інш.
т. 3, с. 100
БЕНКА́РТ,
банкарт (ням. Bankart), назва пазашлюбнага дзіцяці на Беларусі ў 16 — 1-й пал. 19 ст. Прававое становішча банкарта рэгулявалася Статутамі ВКЛ. Банкарты не мелі права быць спадкаемцамі бацькі, атрымліваць у спадчыну шляхецкія правы, аднак маглі быць спадкаемцамі маці, што адпавядала норме рымскага права. Пры ўмове, калі бацька банкарта возьме законны шлюб з яго маці, правы банкарта падлягалі легітымацыі (узаконенню). Гэта норма была анулявана ў час праўлення Стафана Баторыя [1575—86], аднак на практыцы ажыццяўлялася праз набілітацыю.
т. 3, с. 100
БЕНКЕНДО́РФ Аляксандр Хрыстафоравіч
(4.7.1781 ці 1783 — 5.10.1844),
расійскі дзярж. дзеяч. Граф (1832), генерал ад кавалерыі (1829), сенатар (1826), чл. Дзярж. савета (1829). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1827). Адзін з бліжэйшых саноўнікаў Мікалая І. Удзельнічаў у ваен. дзеяннях у Грузіі, войнах з Францыяй, Турцыяй. З 1824 губернатар Васільеўскага в-ва ў Пецярбургу. Удзельнічаў у задушэнні паўстання дзекабрыстаў, потым член Следчай камісіі. Узначальваў створаныя на аснове яго праекта «Аб упарадкаванні знешняй паліцыі» (1826) Корпус жандараў і Трэцяе аддзяленне; курыраваў справы, звязаныя з дзекабрыстамі, студэнцкімі гурткамі, паўстаннем 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве, сял. хваляваннямі 1840-х г. Ініцыятар узмацнення цэнзуры (ажыццяўляў цэнзуру твораў А.С.Пушкіна). Выступаў за паступовую адмену прыгоннага права, якое лічыў крыніцай хваляванняў.
т. 3, с. 100
БЕНО́НІ
(Benoni),
горад у ПАР (правінцыя Трансвааль), прыгарад Іаганесбурга. Засн. ў 1904. 207 тыс. ж. (1985). Чыг. вузел. Цэнтр здабычы золата. Вытв-сць эл.-тэхн. абсталявання. Чорная металургія, тэкст., металаапр. прам-сць. Цэлюлозна-папяровыя, тэкст., харч. Прадпрыемствы.
т. 3, с. 100
БЕ́НТАЛЬ
(ад грэч. benthos глыбіня),
зона дна вадаёма, заселеная арганізмамі, якія жывуць на грунце або ў яго тоўшчы (гл. Бентас).
т. 3, с. 100
БЕ́НТАМ (Bentham) Джордж
(22.9.1800, Сток, каля г. Плімут, Вялікабрытанія — 10.9.1884),
англійскі батанік і падарожнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1862). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1872), чл. Парыжскай АН (1875). Вучыўся ў Францыі, Вялікабрытаніі. З 1861 праводзіў даследаванні ў бат. садзе ў К’ю (Лондан). Аўтар (разам з Дж.Д.Гукерам) фундаментальнай працы «Роды кветкавых раслін» (т.1—3, 1862—83), дзе прыведзена апісанне ўсіх вядомых на той час родаў кветкавых раслін. Склаў таксама апісанне флоры Аўстраліі (разам з І.П.Мюлерам), Індыі, наваколля Ганконга.
т. 3, с. 100
БЕ́НТАМ (Bentham) Іерэмія
(15.2.1748, Лондан — 6.6.1832),
англійскі філосаф, сацыёлаг, юрыст. Заснавальнік утылітарызму — светапогляднай і сац.-філас. арыентацыі ў навуках аб чалавеку, якая зыходзіць з прынцыпу карыснасці як асноватворнага. У сваёй асн. працы «Дэанталогія, або Навука аб маралі» (т. 1—2, 1834) сцвярджаў, што крытэрый маралі — «дасягненне карысці, выгады, здавальнення, дабра і шчасця» і што імкненне кожнага клапаціцца толькі пра сябе прыводзіць да «найб. шчасця найб. колькасці людзей». Лічыў індывід. інтарэсы адзіна рэальнымі, грамадскія ж — сукупнасцю індывідуальных («Тэорыя пакаранняў і ўзнагарод», т. 1—2, 1811). Крытыкаваў тэорыю грамадскага дагавору Ж.Ж.Русо, бо яна, на думку Бентама, узбуджае дух паўстання, аднак абараняў патрабаванне рэформы англ. парламента на аснове пашырэння выбарчага права. Адстойваў ідэю свабоднага гандлю і канкурэнцыі, што павінна забяспечыць у грамадстве спакой, справядлівасць і роўнасць.
т. 3, с. 100
БЕНТАНІ́Т,
бентанітавыя гліны (ад назвы г. Форт-Бентан у ЗША), адбельныя гліны (гл. Гліна), складзеныя пераважна з мінералаў групы мантмарыланіту Al2[Si4O10](OH)2·nH2O. Утвараецца ў выніку падводнай хім. змены вулканічных туфаў і попелаў. Выкарыстоўваецца ў горназдабыўной прам-сці для прыгатавання свідравальных раствораў, для ачысткі прадуктаў нафтаперапрацоўчай, коксахім. і харч. прам-сці, як сувязны матэрыял у ліцейных фармовачных сумесях і керамічных масах. Радовішчы на Украіне, у ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Грэцыі, Японіі і інш.
т. 3, с. 101
БЕ́НТАС
(ад грэч. benthos глыбіня),
сукупнасць арганізмаў, якія жывуць на грунце і ў грунце марскіх і мацерыковых вадаёмаў. Падзяляецца на жывёльны (заабентас) і раслінны (фітабентас). Па памерах адрозніваюць макрабентас — ад 5—10 мм і больш, меябентас — ад 0,5 мм да 5—10 мм і мікрабентас — менш за 0,5 мм. У прэсных вадаёмах бентас бяднейшы, чым у марскіх. Бентас — кармавая база для многіх рыб, некаторыя ядомыя або ідуць на тэхн. Патрэбы.
т. 3, с. 101