БЕ́НТАМ

(Bentham) Іерэмія (15.2.1748, Лондан — 6.6.1832),

англійскі філосаф, сацыёлаг, юрыст. Заснавальнік утылітарызму — светапогляднай і сац.-філас. арыентацыі ў навуках аб чалавеку, якая зыходзіць з прынцыпу карыснасці як асноватворнага. У сваёй асн. працы «Дэанталогія, або Навука аб маралі» (т. 1—2, 1834) сцвярджаў, што крытэрый маралі — «дасягненне карысці, выгады, здавальнення, дабра і шчасця» і што імкненне кожнага клапаціцца толькі пра сябе прыводзіць да «найб. шчасця найб. колькасці людзей». Лічыў індывід. інтарэсы адзіна рэальнымі, грамадскія ж — сукупнасцю індывідуальных («Тэорыя пакаранняў і ўзнагарод», т. 1—2, 1811). Крытыкаваў тэорыю грамадскага дагавору Ж.Ж.Русо, бо яна, на думку Бентама, узбуджае дух паўстання, аднак абараняў патрабаванне рэформы англ. парламента на аснове пашырэння выбарчага права. Адстойваў ідэю свабоднага гандлю і канкурэнцыі, што павінна забяспечыць у грамадстве спакой, справядлівасць і роўнасць.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)