БЕНКЕНДО́РФ Аляксандр Хрыстафоравіч

(4.7.1781 ці 1783 — 5.10.1844),

расійскі дзярж. дзеяч. Граф (1832), генерал ад кавалерыі (1829), сенатар (1826), чл. Дзярж. савета (1829). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1827). Адзін з бліжэйшых саноўнікаў Мікалая І. Удзельнічаў у ваен. дзеяннях у Грузіі, войнах з Францыяй, Турцыяй. З 1824 губернатар Васільеўскага в-ва ў Пецярбургу. Удзельнічаў у задушэнні паўстання дзекабрыстаў, потым член Следчай камісіі. Узначальваў створаныя на аснове яго праекта «Аб упарадкаванні знешняй паліцыі» (1826) Корпус жандараў і Трэцяе аддзяленне; курыраваў справы, звязаныя з дзекабрыстамі, студэнцкімі гурткамі, паўстаннем 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве, сял. хваляваннямі 1840-х г. Ініцыятар узмацнення цэнзуры (ажыццяўляў цэнзуру твораў А.С.Пушкіна). Выступаў за паступовую адмену прыгоннага права, якое лічыў крыніцай хваляванняў.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)