Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАЙДА́Р АЛІ́ (1722—7.12.1782),

правіцель паўд.-інд. дзяржавы Майсур. Быў камандзірам ваен. атрада на службе раджы Майсура, у 1758—60 адхіліў раджу ад рэальнай улады і стаў фактычным правіцелем дзяржавы. Рэарганізаваў войска, узмацніў артылерыю. У войнах 1761—64 значна павялічыў тэр. Майсура і зрабіў яго адной з наймацнейшых дзяржаў Індыі. У 1767—69 вёў вайну з англ. Ост-Індскай кампаніяй (гл. Англа-майсурскія войны). У 1770-я г. ваяваў з Маратхскімі княствамі і Хайдарабадам за гегемонію ў Паўд. Індыі. Памёр у час 2-й англа-майсурскай вайны 1780—84.

т. 16, с. 521

ХА́ЙДЭГЕР, Гайдэгер (Heidegger) Марцін (26.9.1889, г. Мескірх, Германія — 26.5.1976), нямецкі філосаф, адзін з заснавальнікаў нямецкага экзістэнцыялізму. Вучыўся ў Фрайбургскім ун-це ў Г.Рыкерта. З 1916 асістэнт Э.Гусерля. З 1923 праф. Марбургскага, у 1928—51 Фрайбургскага (у 1933—34 рэктар) ун-таў. Светапогляд Х. фарміраваўся пад уплывам фенаменалогіі Гусерля і М.​Шэлера, філасофіі жыцця В.Дзільтэя, дыялектычнай тэалогіі. У сваёй асн. працы «Быццё і час» (1927) распрацаваў новае вучэнне аб быцці, якое ён назваў «фундаментальнай анталогіяй». Паводле Х., анталагічную аснову чалавечага існавання (Dasein) складае яго канечнасць, часовасць. Апрыёрнымі формамі такога існавання («экзістэнцыяналамі») ён лічыў трывогу, неспакой, страх, часовасць, «закінутасць у свет», адкрытасць і да т.п. Адрозніваў сумеснае быццё («быццё-ў-свеце») як здольнасць індывіда ўступаць у зносіны з інш. людзьмі і «самабыццё». Лічыў, што ў «быцці-ў-свеце» ёсць небяспека для чалавека згубіцца ў свеце рэчаў, інш. людзей і дэградзіраваць да абязлічання; з гэтага стану яго можа вывесці страх. Пазней Х. разглядаў быццё як «быццё-ў-магчымасці», у творчай рэалізацыі асобы, у т. л. шляхам апрадмечвання сваіх думак у стварэнні тэхнікі («Час карціны свету», 1949). Каб зразумець сэнс быцця, чалавек, на яго думку, павінен вызваліцца ад «ідалаў грамадскага быцця» і ўсвядоміць сваю смяротнасць. Разглядаючы мову як «дом быцця», сапраўднае сканцэнтраванне культуры, Х. распрацоўваў ідэі «спекулятыўнай філасофіі» з мэтай праяснення «ісцін быцця» (найперш у творах паэтаў-рамантыкаў і сімвалістаў).

Тв.:

Рус. пер. — Работы и размышления разных лет. М., 1993;

Кант и проблема метафизики. М., 1997;

Тождество и различие. М., 1997;

Введение в метафизику. СПб., 1998;

Основные проблемы феноменологии. СПб., 2001;

Мартин Хайдеггер / Карл Ясперс: Переписка 1920—1963. М., 2001;

Бытие и время. 2 изд. СПб., 2002.

Літ.:

Михайлов И.А. Ранний Хайдеггер. М., 1999;

Мартин Хайдеггер и философия XX в. Мн., 1997;

Бимель В. Мартин Хайдеггер...: Пер. с нем. Челябинск, 1998;

Ставцев С.Н. Введение в философию Хайдеггера. СПб., 2000;

Сафрански Р. Хайдеггер: Германский мастер и его время: Пер. с нем. М., 2002.

В.​Дз.​Марозаў.

М.Хайдэгер.

т. 16, с. 521

ХА́ЙДЭН (Heiden) Эрык Артур (н. 14.6.1958, г. Мадысан, ЗША),

амерыканскі спартсмен (скорасны бег на каньках). Абс. чэмпіён XIII зімовых Алімп. гульняў (1980, г. Лейк-Плэсід, ЗША; алімп. рэкардсмен на дыстанцыях 500, 1000, 1500, 5000 і 10 000 м). Чэмпіён свету (1977—80), рэкардсмен свету (1980) на дыстанцыі 10 000 м. Чэмпіён свету па спрынтэрскім мнагабор’і (1977—79). Пасля Алімпіяды (1980) пакінуў спарт. выступленні.

т. 16, с. 522

ХА́ЙКІН Барыс Эмануілавіч (26.10.1904, Мінск — 10.5.1978),

расійскі дырыжор, педагог. Брат С.Э.Хайкіна. Нар. арт. СССР (1972). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1928). З 1928 дырыжор, гал. дырыжор Опернага т-ра імя К.​Станіслаўскага, з 1936 маст. кіраўнік і гал. дырыжор ленінградскіх Малога т-ра оперы і балета і т-ра оперы і балета імя С.​М.​Кірава, з 1954 дырыжор Вял. т-ра ў Маскве. З 1935 праф. Ленінградскай, з 1954 — Маскоўскай кансерваторый. Яго мастацтву ўласцівы высокая культура, тэмперамент, вытанчаная апрацоўка дэталей партытуры. Паставіў оперы: «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (1939, 1949), «Іаланта» (1943), «Арлеанская дзева» (1945) П.​Чайкоўскага, «Дуэння» С.​Пракоф’ева (1946), «Сям’я Тараса» Дз.​Кабалеўскага (1950), «Лятучы галандзец» Р.​Вагнера (1963) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1946 (двойчы), 1951.

Тв.:

Беседы о дирижерском мастерстве: Статьи. М., 1984.

т. 16, с. 522

ХА́ЙКІН Сямён Эмануілавіч (21.8.1901, Мінск — 30.7.1968),

расійскі фізік і радыёастраном; заснавальнік эксперым. радыёастраноміі ў СССР. Брат Б.Э.Хайкіна. Д-р фіз.-матэм. н., праф. (1935). Скончыў Маскоўскі ун-т (1928), дзе і працаваў у 1930—47 (у 1934—37 дэкан ф-та). З 1945 у Фіз. ін-це АН СССР (заг. лабараторыі). З 1953 кіраўнік аддзела радыёастраноміі ў Гал. астр. абсерваторыі АН СССР (г. Пулкава). Навук. працы па нелінейнай тэорыі ваганняў. тэорыі вязкасці і трэння, радыётэхніцы, радыёфізіцы, радыёастраноміі. Упершыню назіраў поўнае сонечнае зацьменне ў радыёдыяпазоне, разам з інш. адкрыў радыёвыпрамяненне сонечнай кароны (1947; зарэгістравана як адкрыццё ў 1970). Вынайшаў і пабудаваў новы тып радыётэлескопа (з антэнай пераменнага профілю, 1956). Кіраваў стварэннем першай у СССР радыёастр. станцыі (1948—49, Крым), праектаваннем радыётэлескопа РАТАН-600. Залаты медаль імя А.​С.​Папова АН СССР (1965).

Тв.:

Электромагнитные колебания и волны. 2 изд. М.; Л., 1964;

Силы инерции и невесомость. М., 1967;

Физические основы механики. 2 изд. М., 1971;

Теория колебаний. 2 изд. М., 1981 (разам з А.​А.​Андронавым. А.​А.​Вітам).

Літ.:

С.​Э.​Хайкин // Успехи физ. наук. 1969. Т. 97, вып. 2;

Кайдановский Н.Л. Профессор С.​Э.​Хайкин. 1901—1968. СПб., 1995.

М.​М.​Касцюковіч.

С.Э.Хайкін.

т. 16, с. 522

ХАЙКО́Ў,

горад у Кітаі. Адм. ц, правінцыі Хайнань. 291 тыс. ж. (1990). Порт на ПнУ в-ва Хайнань і яго эканам. цэнтр, вузел шашэйных дарог. Прам-сць: машына-, у т. л. суднабудаванне, хім. і гумавыя вырабы, тэкст., харч. (чай, цукар, какосавы алей, кансервы); вытв-сць буд. матэрыялаў.

т. 16, с. 522

хайку

т. 18, кн. 1, с. 465

ХА́ЙЛЕ МАРЫЯ́М Менгісту, Менгісту Хайле Марыям (1941, Адыс-Абеба), дзяржаўны і паліт. дзеяч Эфіопіі. Герой Сацыяліст. Эфіопіі (1979), падпалкоўнік (1976). Скончыў Ваен. акадэмію і ун-т у Адыс-Абебе. Служыў у арміі. Адзін з кіраўнікоў ваен. перавароту (вер. 1974), у выніку якога скінуты імператар Хайле Селасіе I. З 1974 1-ы нам. старшыні Часовага ваен.-адм. к-та (савета) Эфіопіі, у 1977—87 яго старшыня і старшыня СМ Эфіопіі, галоўнакамандуючы Рэв. арміяй. Ген. сакратар ЦК кіруючай Рабочай партыі (1984—91), прэзідэнт і старшыня Дзярж. Савета Эфіопіі (1987—91). Праводзіў курс на пабудову сацыялізму, у знешняй палітыцы арыентаваўся на СССР. Пасля паражэння ў шматгадовай грамадз. вайне (май 1991) эмігрыраваў.

т. 16, с. 522

ХА́ЙЛЕ СЕЛА́СІЕ I,

да 1930 Тафары Маконен (23.7.1892, Ыджэрса-Гора, правінцыя Харэр, Эфіопія — 27.8.1975), імператар Эфіопіі [1930—74]. З сям’і дзярж. дзеяча Маконена, стрыечнага брата імператара Менеліка II. У 1916 абвешчаны рэгентам пры імператрыцы Заўдыту. Пасля яе смерці каранаваны імператарам Эфіопіі (2.11.1930) пад імем Х.С. I. Увёў цэнтралізаванае кіраванне краінай, адмяніў рабства і гандаль рабамі, ажыццявіў некат. прагрэсіўныя мерапрыемствы ў галіне адукацыі і аховы здароўя, абвясціў (1931) першую ў Эфіопіі канстытуцыю і інш. У 1923 дамогся прыняцця Эфіопіі ў Лігу Нацый. У час італа-эфіопскай вайны 1935—36 узначаліў барацьбу супраць італьян. захопнікаў. Адзін з ініцыятараў стварэння Арганізацыі Афрыканскага Адзінства. У выніку перавароту з-за сацыяльна-эканам. і паліт. крызісу ў краіне 12.9.1974 скінуты, у жн. 1975 забіты.

Літ.:

Ягья В.С. Хайле Селассие 1 // Вопр. истории. 1990. №10;

Капусцинский Р. Император: Пер. с пол. М., 1992.

т. 16, с. 522

ХАЙЛЬ (Heyl) Соня (н. 8.11.1952, Кропштэт, Германія),

нямецкі мовазнавец. Д-р філалогіі (1980). Скончыла Гумбальдскі ун-т (1975). Дацэнт Ін-та славістыкі Гумбальдскага ун-та (з 1981 выкладае ў ім бел. мову). У 1980—81 і 1987 стажыравалася на кафедры бел. мовы БДУ (даследавала праблемы ўтварэння сінтакс. норм бел. мовы ў канцы 19 — пач. 20 ст.). Аўтар навук. прац па бел. мовазнаўстве, рэцэнзій на кнігі бел. аўтараў В.​Баркоўскага, П.​Сцяцко, Л.​Шакуна. М.​Яўневіча, У.​Сакалоўскага і інш. (на ням. і бел. мовах). Сааўтар зб-каў «Моўная палітыка і пісьмовыя мовы ў 2-й палове 19 ст.» (1989), «Міжславянскія і славяна-нямецкія моўныя паралелі» (1995), «Славянскі і германскі моўны свет» (1996). Пераклала на ням. мову творы В.​Быкава, С.​Яновіча і інш.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 16, с. 522