Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАВІДО́ВІЧ Мікалай Пятровіч

(15.8.1919, в. Карбачоўка Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 29.6.1993),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Туркестанскае кулямётнае вучылішча (1945). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1942. Камандзір кулямётнага разліку сяржант Давідовіч вызначыўся ў 1943 на Варонежскім фронце: у вер. ўдзельнічаў у захопе плацдарма на правым беразе Дняпра ў раёне с. Новыя Пятроўцы Вышгарадскага р-на Кіеўскай вобл.; застаўшыся жывым адзін, некалькі гадзін адбіваў атакі праціўніка. Да 1946 у Сав. Арміі.

т. 5, с. 563

ДАВІДО́ВІЧ Сяргей Фёдаравіч

(н. 20.6.1942, в. Карпілаўка Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік, мастак. Скончыў Вышэйшую школу МУС Рэспублікі Беларусь (1981). Зб-кі вершаў «Спасцігнуў я тайну» (1991), паэм «Люстэрка лёсу» (1993), паэт.-празаічных твораў «Нясу свой крыж» (1995), «Горкая кропля» (1997) вызначаюцца глыбінёй абагульненняў, вобразнасцю, метафарычнасцю. Аўтар больш як 30 паэм, сярод іх «Зона», «Адкрыты ліст», «Маналог», «Лёс лесу» і інш. Многія яго вершы пакладзены на музыку (кампазітары Я.Глебаў, І.Лучанок, В.Іваноў, Л.Захлеўны і інш.). Як мастак працуе ў жанрах пейзажа («Вясна», «Курапаты», «Лагойшчына»), тэматычнай карціны («Трэба выжыць, Беларусь», «Мама-выратавальніца», «Чарнобыльская пастка», «Першамай-86») — усе 1990-я г. Работы прасякнуты любоўю да Радзімы, актуальныя па тэматыцы.

т. 5, с. 563

ДАВІДО́ЎСКІ Іван Елізаравіч

(30.5.1896, в. Грозаў Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 15.4.1960),

генерал-лейтэнант (1945). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1925), Генштаба (1948). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Бранскім, Зах., 2-м і 3-м Бел. франтах: камандзір дывізіі, нам. камандуючага арміяй. Удзельнік абароны Масквы, вызвалення Шклова, Магілёва, Мінска, Літвы, Польшчы, баёў пад Берлінам. З 1945 нам. камандуючага ваен. акругай, у 1946—56 выкладчык Ваен. акадэміі Генштаба.

т. 5, с. 563

Давідоўскі Ігнацій Адамавіч

т. 18, кн. 1, с. 376

ДАВІ́Д-БЕК

(? — 1728),

кіраўнік армянскага нац.-вызв. руху супраць іранскіх і тур. заваёўнікаў. У 1722—25 узначаліў узбр. барацьбу армян супраць Ірана, якая прывяла да выгнання персаў з Усх. Арменіі. У 1726—28 армяне пад кіраўніцтвам Давіда разграмілі туркаў, што імкнуліся захапіць Закаўказзе.

т. 5, с. 563

ДАВІ́Д БУДАЎНІ́К,

Давід IV Георгіевіч (каля 1073 — студз. 1125), грузінскі цар [1089—1125]. З дынастыі Багратыёнаў. Аб’яднаў груз. княствы ў адзіную цэнтралізаваную дзяржаву. У 1907 спыніў плату даніны сельджукам і аднавіў незалежнасць Грузіі. Далучыў да сваіх уладанняў Кахеты, Эрэты (1104) і інш. землі. У 1121 у Дыдгорскай бітве груз. войскі перамаглі кааліцыю мусульманскіх правіцеляў. У 1122 пасля вызвалення Тбілісі Давід Будаўнік перанёс сюды сталіцу з Кутаісі. Вёў барацьбу за цэнтралізацыю ўлады, стварыў пастаяннае войска, падпарадкаваў сабе феадалаў, царкву і гарады. У 1123—24 вызваліў ад сельджукаў Шырван і г. Ані. Надаваў вял. значэнне буд-ву гарадоў, дарог, мастоў, садзейнічаў развіццю асветы, заснаваў акадэмію і манастыр у Гелаты. За сваю дзейнасць празваны Будаўніком.

т. 5, с. 562

ДАВІ́Д Д’АНЖЭ́

(David d’Angers) Пьер Жан (12.3.1788, г. Анжэ, Францыя — 5.1.1856),

французскі скульптар і медальер. З 1808 вучыўся ў Ж.Л.Давіда і Ф.Л.Ралана ў Парыжы, у 1811—16 — у Франц. акадэміі ў Рыме. Пад уздзеяннем А.Кановы ў творчасці ранняга перыяду адчуваецца ўплыў класіцызму, потым — рамантызму. Бронзавыя медалі (больш за 500, у т. л. «Напалеон», «Беранжэ», «Паганіні», «Жорж Санд», «Адам Міцкевіч», «А.Чартарыйскі») і партрэтныя бюсты («І.В.Гётэ», 1831) адметныя ўнутр. усхваляванасцю і яскравай індывідуальнасцю вобразаў; чаканнасць формаў спалучаецца з жывапіснай лепкай дэталей. Аўтар манум. скульптуры: статуя Л. дэ Кандэ ў Версалі (1816—27), рэльефы франтона Пантэона ў Парыжы (1830—37) і інш.

т. 5, с. 562

ДАВІ́ЛА

(Davila) Аляксандру (12.2.1862, Бухарэст — 19.10.1929),

румынскі драматург, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Адукацыю атрымаў у Парыжы. Яго мастацтва фарміравалася пад уздзеяннем творчасці А.Антуана. У 1902 у Нац. т-ры (Бухарэст) пастаўлена найб. значная яго п’еса — гіст. драма ў вершах «Влайку Водэ». У 1905—08 і 1912—14 дырэктар Нац. т-ра. У 1909 стварыў групу «Кампанія Давілы». Ставіў п’есы У.Шэкспіра, Мальера, П.Бамаршэ, О.Уайльда, нац. драматургаў І.Л.Караджале, Б.П.Хашдэў і інш. У сваёй дзейнасці прытрымліваўся прынцыпаў К.С.Станіслаўскага.

т. 5, с. 563

ДАВІ́ЛЬ-СЮР-МЕР

(Deauville-sur-Mer),

прыморскі кліматычны курорт у Францыі. На ПдЗ ад г. Гаўр, на беразе праліва Ла-Манш. Развіваецца з 19 ст., адно з найб. папулярных месцаў адпачынку, цэнтр міжнар. турызму. Шматлікія палацы, вілы, атэлі.

т. 5, с. 563

ДАВІ́САН

(Dawison) Багуміл (15.5.1818, Варшава — 1.2.1872),

польскі акцёр. Вучыўся ў Варшаўскай драм. школе. Дэбютаваў у 1837. У 1838 выступаў у Вільні, у 1839 — у Мінску ў трупе В.Ашпергера. З 1840 іграў у Варшаве, Плоцку, Львове, Гамбургу, Дрэздэне, ЗША і інш. Акцёр вял. сцэн. тэмпераменту, выразнай знешнасці. Найб. яго дасягненні — трагедыйна-характарныя ролі ў п’есах У.Шэкспіра, Ф.Шылера, Мальера. Сярод інш. роляў: Вацлаў («Муж і жонка» А.Фрэдры), Валек («Ціхія воды рвуць берагі» Ф.Л.Шродэра), барон Санваль («Шаснаццаць гадоў назад» В.Дуцанга), Стары англічанін («Мірандаліна» К.Гальдоні).

т. 5, с. 563