Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАВЯ́ЗНА,

назва вёсак Навапольцы і Вішнявец (Гавязна 2-я) да 1964.

т. 4, с. 417

ГАВЯЗНЯ́НКА,

рака ў Нясвіжскім і Стаўбцоўскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток Нёмана. Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 163 км². Пачынаецца за 2 км на У ад в. Завітая Нясвіжскага р-на. На ўсім працягу каналізаваная.

т. 4, с. 417

ГАГАРАПАДО́БНЫЯ

(Gaviiformes),

атрад вадаплаўных птушак. 1 сям., 1 род, 5 відаў. Пашыраны на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Пераважна марскія птушкі, на прэсных вадаёмах трапляюцца ў перыяд размнажэння і на пралётах. На Беларусі 3 віды: гагара палярная (Gavia immer) — вельмі рэдкі залётны від; гагара чырвонаваллёвая (Gavia stellata) — рэдкі пралётны від; гагара чорнаваллёвая (Gavia arctica) — рэдкі гнездавальны від, занесены ў Чырв. кнігу.

Цела прадаўгаватае, даўж. 66—95 см, маса 1—6,4 кг. Спіна чорная з белымі стракацінамі, бруха белае. Крылы вузкія, завостраныя, хвост кароткі, дзюба прамая, вострая і моцная. Тры пальцы злучаны плавальнымі перапонкамі. Добра плаваюць і ныраюць, па сушы перамяшчаюцца паўзком; узлятаюць толькі з вады. Кормяцца рыбай і воднымі беспазваночнымі. Гнёзды будуюць каля вады, нясуць 1—3 (звычайна 2) яйцы. Шкуркі гагарападобных выкарыстоўваюцца як «птушынае футра».

т. 4, с. 417

ГАГА́РЫН Юрый Аляксеевіч

(9.3.1934, с. Клушына Гжацкага, цяпер Гагарынскага р-на Смаленскай вобл. — 27.3.1968),

савецкі касманаўт, які ўпершыню ў гісторыі чалавецтва здзейсніў палёт у космас. Герой Сав. Саюза (1961), палкоўнік, лётчык-касманаўт СССР (1961). Скончыў авіяц. вучылішча ў Арэнбургу (1957), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1968). Служыў лётчыкам-знішчальнікам ВПС. З 1960 у атрадзе сав. касманаўтаў, у 1961—64 яго камандзір, з 1964 нам. нач. Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў. 12.4.1961 ажыццявіў палёт вакол Зямлі на караблі «Усход» працягласцю 108 мін. Загінуў у авіяц. катастрофе. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АН СССР, Вялікі залаты медаль Міжнар. авіяц. федэрацыі. Яго імя прысвоена Ваенна-паветранай акадэміі. Яго імем названы горад Гжацк Смаленскай вобл., кратэр на Месяцы і інш.

Тв.:

Дорога в космос. М., 1981;

Психология и космос. 4 изд. М., 1981 (разам з У.І.Лебедзевым).

Літ.:

Дихтярь А. Жизнь — прекрасное мгновенне. М., 1975;

Гагарин В.А. Мой брат Юрий. Мн., 1988;

Обухова Л.А. Любимец века: Гагарин. М., 1979.

т. 4, с. 417

ГАГА́Т

(ад грэч. gagatēs чорны бурштын),

разнавіднасць каменнага вугалю, якая мае глыбокі чорны колер, яркі смалісты бляск, вязкасць і ракавісты злом. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 1,3—1,4 г/см³. Утварэнне гагату звязваюць з метамарфізмам драўніны, пахаванай у марскіх мулах мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў. Трапляецца ў выглядзе скопішчаў у пясчаніках, мергелях, пластах вугалю. Добра паліруецца. Вырабны камень.

т. 4, с. 418

ГАГАУ́ЗСКАЯ МО́ВА,

адна з цюркскіх моў. Пашырана ў паўд. раёнах Малдовы і Украіны (б. Бесарабія), на Паўн. Каўказе, нязначнымі арэаламі ў Казахстане, а таксама ў паўн.-ўсх. Балгарыі і Румыніі. На тэр. Малдовы і Украіны вылучаюць 2 асн. дыялекты: чадырлунгска-камрацкі (цэнтр.) і вулканешцкі (паўд.), існуюць і змешаныя гаворкі. Да перасялення ў пач. 19 ст. большасці гагаузаў з паўд.-ўсх. Балгарыі ў Бесарабію на гагаузскую мову ўплывалі навакольныя балканскія мовы і тур. гаворкі, пасля перасялення — рум., малд. і рус. мовы. У выніку гагаузская мова набыла рысы, не ўласцівыя фанет. і граматычнаму ладу цюркскіх моў: наяўнасць другасных доўгіх галосных, дыфтангізацыя і ётацыя галосных верхняга і сярэдняга пад’ёму у пач. слова; моцная палаталізацыя большасці зычных у суседстве з галоснымі пярэдняга рада; свабодны парадак слоў у сказе, развітая злучнікавая сувязь і інш. Пісьменства на аснове рус. графікі з 1957.

т. 4, с. 418

ГА́ГЕН Мікалай Аляксандравіч

(24.3.1895, в. Лахта, цяпер у межах Санкт-Пецярбурга — 20.5.1969),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-лейт. (1943). Скончыў Вышэйшую ваенна-пед. школу (1929). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У ліп. 1941 153-я стралк. дывізія пад яго камандаваннем утрымлівала абарону на падыходзе да Віцебска (гл. Віцебска абарона 1941), з 22 ліп. да вер. 1941 знішчыла каля 200 танкаў, 56 гармат, шмат інш. тэхнікі і жывой сілы праціўніка. За стойкасць у гэтых баях і ў Смаленскай бітве дывізія адна з першых удастоена наймення «гвардзейскай». Да 1959 на камандных пасадах у Сав. Арміі.

т. 4, с. 418

ГАГЕ́Н

(Gauguin) Эжэн Анры Поль (7.6.1848, Парыж — 8.5.1903),

французскі жывапісец, графік, скульптар. У юнацтве служыў мараком, у 1871—83 — біржавым клеркам у Парыжы. З 1870-х г. пачаў самаст. займацца жывапісам, карыстаўся парадамі К.Пісаро. Працаваў у Понт-Авене (Брэтань), Арлі (разам з В. ван Гогам): «Ave Maria» (1887), «Прывід пасля пропаведзі», «Старыя дзеўкі» (абедзве 1888), «Брэтонскія могілкі» (1889). Пошукі сродкаў на існаванне і месца ў жыцці нарадзілі мару аб трапіканскай ідыліі — «майстэрні тропікаў», у 1891—94 Гаген з’ехаў на в-аў Таіці, дзе імкнуўся знайсці культурную глебу, стварыць выяўл. міфалогію астравіцян («А, ты раўнуеш?», 1892; «Таіцянскія пастаралі», 1893; «Цудоўная крыніца», 1894). Творы таго перыяду вылучаюцца непасрэднасцю, узаемапранікненнем старажытнасці і сучаснасці, рэліг. традыцый Захаду і Усходу, павышанай дэкаратыўнасцю. Пасля кароткачасовага вяртання ў Францыю (1893—95) Гаген назаўсёды пасяліўся на а-вах Акіяніі. Творчасць 2-га таіцянскага перыяду (1895—1903) набліжаецца да сімвалізму і прыводзіць Гагена і групу мастакоў, якія працавалі пад яго ўплывам (т.зв. понт-авенская школа), да ўзнікнення адмысловай жывапіснай сістэмы — т.зв. «сінтэтызму» (спрашчэнне і абагульненне формаў і ліній і г.д.). Гаген імкнуўся ўвасобіць сваю утапічную мару аб жыцці чалавека ў гармоніі з прыродай, удалечыні ад цывілізаванага грамадства («Жонка караля», 1896; «Збор пладоў», 1899). Карціны Гагена падобныя на пано па плоскаснасці, дэкаратыўнасці колеру, манументальнасці кампазіцыі, абагульненасці стылізаванага малюнка, мелі рысы стылю мадэрн. Яго творчасць істотна паўплывала на майстроў групы «Набі» і жывапісцаў пач. 20 ст.

Літ.:

Даниельсон Б. Гоген в Полинезии. М.; Л., 1969;

Перрюшо А. Жизнь Гогена: Пер. с фр. М., 1989.

Н.М.Усава.

т. 4, с. 418

ГА́ГІ

(Somateria),

род нырцовых качак. 4 віды. Пашыраны на ўзбярэжжы палярных мораў Еўразіі і Паўн. Амерыкі.

Найб. вядомая гага звычайная (Somateria mollisima).

Даўж. да 63 см, маса 0,5—3 кт. Добра выражаны палавы дымарфізм: апярэнне самца яркае (зверху белае, на грудзях ружовае, на брушку чорнае, чорная «шапачка», зялёная патыліца); самкі бурыя з пярэсцінкамі. Галава вялікая, дзюба масіўная. Пярэднія пальцы ног злучаны перапонкай, заднія з шырокай лопасцю. Кормяцца пераважна малюскамі і дробнымі ракападобнымі. Гняздуюцца на зямлі, радзей на скалах калоніямі і паасобку. На грудзях і брушку у самак увесну вырастае лёгкі і пругкі пух, якім яны высцілаюць гняздо і робяць па краі валік Пух (17—20 г з гнязда) каштоўны, выкарыстоўваюць для ўцяплення адзення. Паляванне на гаг забаронена, ёсць запаведнікі па іх ахове. Лёгка прыручаюцца.

т. 4, с. 418

ГАГО́ЦКІ Сільвестр Сільвестравіч

(17.1.1813, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 11.7.1889),

украінскі багаслоў, філосаф, педагог. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1837). Прафесар гэтай акадэміі (1841—51) і Кіеўскага ун-та (1851—86). Вял. ўвагу аддаваў пытанням гіст.-філас. навукі ў яе ўзаемаадносінах з самымі рознымі галінамі навук. і грамадскага жыцця. Спрабаваў крытычна пераасэнсаваць гегелеўскую і інш. ідэаліст. сістэмы з хрысц. пазіцый. Аўтар «Філасофскага лексікона» (т. 1—4, 1857—73), які быў, па сутнасці, першай у Расіі спробай філас. слоўніка. Свае філас. погляды свядома падпарадкоўваў абароне праваслаўя, крытыкаваў матэрыялізм як вучэнне, што вядзе да атэізму.

Тв.:

Критический взгляд на философню Канта. Киев, 1847;

О характере философии средних веков // Современник. 1849. № 6;

Обозрение системы философии Гегеля. Киев, 1860;

Введение в историю философии. Киев, 1871;

Философский словарь... Киев, 1876;

Философия XVII и XVIII вв. в сравнении с философиею XIX в. и отношение той и другой к образованию. Вып. 1—3. Киев, 1878—84.

т. 4, с. 418