Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАШЧА́НКА,

1) нізенькая кадушка з тонкіх клёпак для мукі, збожжа, служыла і за сявеньку.

2) Лодка з дошак.

т. 6, с. 73

ДАШЧЫ́НСКІ Юзаф

(1781, Вільня — 1844),

бел. піяніст, кампазітар, дырыжор, педагог. З 1813 выкладаў музыку ў Віленскім ун-це, у 1814 па запрашэнні меламана і мецэната, скрыпача-аматара Л.М.Ракіцкага пераехаў на жыхарства ў яго маёнтак Гарадзішча пад Мінскам, дзе да 1844 узначальваў сімф. аркестр. Пад яго кіраўніцтвам у Гарадзішчы і ў Мінску прагучалі оперы «Аксур, цар Армуза» А.Сальеры і «Белая дама» Ф.А.Буальдзьё, сімфоніі І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена. Аўтар каля 100 муз. твораў, выдадзеных у Маскве, Вільні, Варшаве, Вене, Лейпцыгу. Найб. папулярныя былі 3 фп. канцэрты, фп. квартэт a-moll, стр. секстэт, меладрама «Эгберт», музыка да камедыі Л.Дмушэўскага «Сядзіба пры дарозе», паланэзы (лепшыя, на погляд сучаснікаў, не саступалі паланэзам М.К.Агінскага і К.Курпінскага).

Літ.:

Jelski М. Kilka wspomnień z przeszłości muzycznej Litwy // Echo muzyczne. 1881. № 23.

А.Л.Капілаў.

т. 6, с. 73

ДАШЫ́ЕЎ Дугаржап Цырэнавіч

(н. 15.5.1939, с. Улзар, Бурація, Рас. Федэрацыя),

бурацкі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. Расіі (1979). Нар. арт. СССР (1986). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1969). З 1969 саліст Бурацкага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Андрэй Хаванскі («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Атэла, Дон Карлас, Альфрэд, Радамэс («Атэла», «Дон Карлас», «Травіята», «Аіда» Дж.Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Баір («Цудоўны скарб» Б.Ямпілава), Энхэ («Энхэ—Булат-батар» М.Фралова). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (Масква, 1968). Дзярж. прэмія Бураціі 1977. Дзярж. прэмія Расіі 1983.

т. 6, с. 73

ДАЯХАТЫ́Н,

помнік архітэктуры 12 ст. ў Туркменістане; караван-сарай. За 170 км на ПнУ ад г. Чарджоў, на шляху г. Мерв—Харэзм. Квадратны ў плане аб’ём з унутр. 4-тэрасным дваром і галерэяй па перыметры перакрыты разнастайнымі варыянтамі скляпенняў у інтэр’ерах. Сцены змураваны з сырцу і абліцаваны абпаленай цэглай. Гал. і дваровы фасады ўпрыгожаны геам. і эпіграфічным арнаментам.

т. 6, с. 73

«ДА ВІ́ЛЬНІ Е́ДУЦЬ»,

бел. нар. гульня. Гуляюць 3—8 хлопчыкаў. На пляцоўцы чэрцяць круг дыяметрам 4—7 м, у цэнтры ставяць «Вільню» (завостраная палка). Першы гулец злёгку ўтыкае ў зямлю на рысцы круга калок (даўж. 15—20 см) і б’е па ім шляжкай (палка-бразготка). На колькі калок увойдзе ў зямлю, на столькі гулец перамяшчае яго да «Вільні». Калі ж прамахнецца, шляжка перадаецца іншаму. Гульня працягваецца, пакуль усе калкі не стануць ушчыльную да «Вільні». Прайграе той, хто прыехаў у «Вільню» апошнім.

Я.Р.Вількін.

т. 5, с. 556

«ДА ЗЛУЧЭ́ННЯ»,

бел. рэліг. газета грэка-католікаў у Зах. Беларусі. Выдавалася ў 1932—37 у Вільні на бел. мове (рэдакцыя знаходзілася ў Слоніме, з 1934 — у Папскай духоўнай семінарыі ў г. Дубна Ровенскай вобл.). Друкавала хроніку рэліг. жыцця, Евангелле, артыкулы пра неабходнасць адраджэння уніі на Беларусі. Выйшла 60 нумароў.

Г.В.Бабкін.

т. 5, с. 556

«ДА ПРА́ЦЫ»,

газета рэвалюцыйна-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася 1.10.1927—16.12.1928 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. З мэтай канспірацыі мела розныя назвы: «Наша праца» (1—29 кастр.), «Праца» (5—23 ліст.), «Права працы» (7—24 снеж.), «Навагодняя праца» (27 снеж.), у 1928 — «Думка працы» (4—28 студз.), «Сіла працы» (1—24 лют.), «Воля працы» (12—31 сак.), «Красавік» (5 крас.), «Голас працы» (14 крас.—30 мая), «Зара працы» (2—29 чэрв.), «Сцяг працы» (4—31 ліп.), «Доля працы» (3—29 жн.), «Рэха працы» (1—29 вер.), «Слова працы» (5—31 кастр.), «За працу» (5—27 ліст.), «Да працы» (1—16 снеж.). Працягвала традыцыі газет Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Асвятляла сац.-эканам. і паліт. становішча ў Зах. Беларусі, нац.-вызв. рух, выбары і работу польскага сейма і інш. Змяшчала інфарм. паведамленні пра ход суд. працэсу над удзельнікамі БСРГ, матэрыялы пра культ. жыццё, маст. творы бел. пісьменнікаў. Усяго выйшла 118 нумароў (51 канфіскаваны). Закрыта польскімі ўладамі.

С.В.Говін.

т. 5, с. 556

ДВАЙКО́ВАЯ АДЗІ́НКА,

тое, што біт.

т. 6, с. 73

ДВАЙКО́ВАЯ СІСТЭ́МА ЛІЧЭ́ННЯ,

пазіцыйная сістэма лічэння з асновай 2. Мае толькі 2 знакі — лічбы 0 i 1. Лік 2 лічыцца адзінкай 2-га разраду і запісваецца ў выглядзе 10 (чытаецца: «адзін—нуль»), лік 4—3-га разраду і запісваецца як 100 і г.д. Кожная адзінка наступнага разраду ўдвая большая за папярэднюю. Каб лік, запісаны ў дзесятковай сістэме лічэння, запісаць у Д.сл., яго выражаюць праз ступені ліку 2, напр., 4510 = 1∙2​5 + 0∙2​4 + 1∙2​3 + 1∙2​2 + 0∙2​1 + 1∙2​0 = 1011012. Выкарыстоўваецца ў тэарэт. пытаннях і для апрацоўкі інфармацыі на лічбавых ЭВМ (уваходныя і выхадныя даныя прадстаўляюць у дзесятковай сістэме лічэння).

У Д.с.л. найб. проста выконваюцца ўсе арыфм. дзеянні, напр., табліца множання зводзіцца да роўнасці 11 = 1. Аднак гэта сістэма нязручная з-за грувасткага запісу лікаў, напр., лік 9000 у Д.с.л. будзе 14-разрадным. Каб скараціць даўжыню запісаў праграм для ЭВМ, кожныя 3 ці 4 двайковыя лічбы замяняюць адным сімвалам (з алфавіта 0, 1, ..., 7 або 0, 1, ..., 9, A B, C, D, E, F адпаведна) і атрымліваюць запіс у васьмярковай ці шаснаццатковай сістэме лічэння. Гл. таксама Лічэнне.

М.П.Савік.

т. 6, с. 73

ДВАЙНІКАВА́ННЕ,

утварэнне ў монакрышталі абласцей з заканамерна змененай арыентацыяй крышт. структуры. Структуры двайніковых утварэнняў з’яўляюцца люстраным адбіткам атамнай структуры зыходнага крышталя (матрыцы) у пэўнай плоскасці (плоскасці Д.) ці ўтвараюцца паваротам структуры матрыцы вакол крышталеграфічнай восі (восі Д.) на пастаянны для дадзенага рэчыва вугал або іншым пераўтварэннем сіметрыі крышталёў. Матрыца з двайніковым утварэннем наз. двайніком.

У залежнасці ад колькасці зрошчаных двайніковых утварэнняў структуры наз. трайнікамі, чацвернікамі ці наогул полісінт. двайнікамі. Д. можа адбывацца пры крышталізацыі, мех. дэфармацыі, зрастанні суседніх зародкаў (двайнікі росту), хуткім цеплавым расшырэнні ці сцісканні, награванні дэфармаваных крышталёў (двайнікі рэкрышталізацыі), пры пераходзе ад адной крышт мадыфікацыі да другой. Напр., у крышталях сегнетавай солі двайнікі ўтвараюцца пры пераходзе крышталя ад рамбічнай структуры да монакліннай (пры т-ры Кюры). Д. ўплывае на мех. (трываласць, пластычнасць, крохкасць), м., магн., аптычныя ўласцівасці крышталёў, пагаршае якасць паўправадніковых прылад. Заканамернасці Д. выкарыстоўваюцца для дыягностыкі мінералаў, устанаўлення паходжання і ацэнкі некат. мінералаў як прамысл. сыравіны.

Літ.:

Современная кристаллография. Т. 2. М., 1979;

Т. 4. М., 1981.

Р.М.Шахлевіч.

Да арт. Двайнікаванне. Двайнікі росту: а — пірыт; б — кальцыт; в — полісінтэтычны двайнік альбіту.

т. 6, с. 73