Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Е́ЛЬНЯ,

рака ў Краснапольскім і Слаўгарадскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Сож (бас. Дняпра). Даўж. 30 км. Пл. вадазбору 170 км². Пачынаецца з балота паміж в. Чэрнін і в. Новае Жыццё Краснапольскага р-на. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 250—500 м. Пойма перарывістая. Рэчышча каналізаванае ад вытоку на працягу амаль 6 км, далей — звілістае.

т. 6, с. 387

Е́ЛЬНЯ,

рака ў Шчучынскім і Мастоўскім р-нах Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёман. Даўж. 23 км. Пл. вадазбору 123 км². Пачынаецца на ПнЗ ад в. Барташы Шчучынскага р-на. На працягу 18 км каналізаваная.

т. 6, с. 387

Е́ЛЬНЯ,

возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Яльнянка, за 16 км на ПдУ ад г. Міёры, у межах гідралагічнага заказніка Ельня, сярод вярховага балота Мох. Пл. 5,4 км², даўж. 4,9 км, найб. шыр. 1,5 км, найб. глыб. 3,5 м, даўж. берагавой лініі каля 15 км. Пл. вадазбору 14,4 км². Схілы катлавіны невыразныя. Берагі на З і Пн выш. да 1,5 м, на У і ПнУ пясчана-жвіровыя, шмат валуноў. Дно плоскае, сапрапелістае, каля зах. берага тарфяністае, каля ўсх. — пясчана-жвіровае. Уздоўж берагоў рэдкі трыснёг і чарот. Сцёк у воз. Чорнае.

Возера Ельня (Міёрскі раён).

т. 6, с. 387

Е́ЛЬНЯ,

балота ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., пераважна ў вадазборы рэк Волта (на Пн), Бярэжа (на Пд), Яльнянка (на У). Вярховага тыпу. На балоце група азёр, найб. Ельня, Доўгае, Белае, Бярэжа, Чорнае, Яжгіна. Пл. 20 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 16,8 тыс. га. Глыб. торфу да 8,3 м, сярэдняя 3,8 м. Ёсць сапрапель магутнасцю да 1,5 м, гідролізная сыравіна. Балота ў натуральным стане; уваходзіць у гідралагічны заказнік Ельня.

т. 6, с. 387

Е́ЛЬНЯ,

гідралагічны заказнік рэсп. значэння ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1968 з мэтай захавання ў натуральным стане балотнага масіву Ельня і характэрнай для яго расліннасці. Пл. 23,2 тыс. га (1997). Размешчаны на Полацкай нізіне. У межах заказніка каля 30 дыстрофных азёр, у т. л. Ельня, Доўгае, Чорнае. Асн. тэрыторыя — хмызнякова-сфагнавае балота прыбалт. тыпу. У балотнай расліннасці пераважаюць хваёва-кусцікава-сфагнавыя, кусцікава-сфагнавыя, бярозава-палітрыхавыя згуртаванні, выразныя градава-мачажынны і градава-азёрны раслінныя комплексы. На мінеральных «астравах» лясная расліннасць: ельнікі сніткавыя, бярэзнікі вейнікавыя, чорнаалешнікі прыручайна-травяныя і інш. У флоры заказніка каля 300 відаў раслін. Трапляюцца рэдкія ахоўныя віды раслін (чубатка пустая, бяроза карлікавая, марошка, шпажнік чарапіцавы) і жывёл (гагара чорнаваллёвая, дзербнік, журавель шэры, курапатка белая і інш.).

т. 6, с. 387

ЕЛЬСК,

горад, цэнтр Ельскага р-на Гомельскай вобл. За 177 км ад Гомеля. Чыг. ст. на лініі Калінкавічы—Оўруч (Украіна). 11,2 тыс. ж. (1997).

Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 16 ст., у Мазырскім пав. ВКЛ. Меў таксама назву Каралін. Належаў Спадам, Казіміру Аскерку.

З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка ў Мазырскім пав. У 1886 у Е. 44 двары, вінакурны з-д, 3 крамы, школа, царква, з 1873 чыг. станцыя; у 1897—600 ж. З 1924 цэнтр Каралінскага раёна, з 1931 — Ельскага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—3,9 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну з 23.8.1941 да 11.1.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Е. і раёне 5435 чал. Дзейнічала Ельскае патрыятычнае падполле. 4,8 тыс. ж. у 1959; 6,7 тыс. ж. у 1971. З 5.7.1971 горад.

Прадпрыемствы лесанарыхтоўчай, дрэваапр., харч., буд. матэрыялаў прам-сці. Дзейнічае Ельскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і падпольшчыка. Помнік архітэктуры — Ельская Троіцкая царква (1769—80).

т. 6, с. 387

Е́ЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ Дзейнічала са жн. 1941 да снеж. 1943 у Ельску і Ельскім р-не Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Мела групы ў Ельску

(кіраўнікі Я.М.Шацко, А.І.Сухамель),

в. Скароднае (М.Н.Драчэўскі), в. Болгарка (І.Р.Шульга). Падпольшчыкі вялі агітработу сярод насельніцтва і ў вайск. фарміраваннях акупантаў (у выніку да партызан перайшло 40 славакаў), распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, падп. газ. «Кліч Радзімы», праводзілі дыверсіі на чыгунцы і інш. аб’ектах ворага, здабывалі для партызан зброю, боепрыпасы, медыкаменты, харч. прадукты, рабілі завалы на дарогах, псавалі тэлефонна-тэлегр. сувязь; балгарская група інфармавала партызан пра рух варожых войск, здабывала зброю, удзельнічала з партызанамі ў дыверсіях.

т. 6, с. 387

Е́ЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

баі 37-й Ельскай партыз. брыгады ва ўзаемадзеянні з 12-м гвардз. стралк. палком Чырв. Арміі супраць ням.-фаш. захопнікаў у ліст. і снеж. за вызваленне г. Ельск у Вял. Айч. вайну. Вылучаныя для ўдзелу ў аперацыі стралк. полк і артдывізіён 1-га Укр. фронту партызаны скрытна правялі ў тыл. ворага. У ноч на 27 ліст. пасля артпадрыхтоўкі партызаны і сав. воіны ўварваліся ў Ельск, гарнізон якога налічваў каля 600 гітлераўцаў, і за 2 гадз авалодалі ім. Пасля 3 дзён беспаспяховых контратак гітлераўцы, падтрыманыя 54 танкамі і самаходнымі гарматамі, 29 ліст. занялі горад. Праціўнік страціў больш за 450 салдат і афіцэраў. 9 снеж. 37-я Ельская партыз. брыгада ва ўзаемадзеянні з 415-й стралк. дывізіяй вызваліла Ельск.

т. 6, с. 387

Е́ЛЬСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1769—80 у г. Ельск Гомельскай вобл. Мае рысы класіцызму. 5-зрубны крыжова-купальны храм. Цэнтр. 8-гранны зруб (даўж. 23 м, шыр. 14 м, выш. 11,8 м) завершаны масіўным светлавым васьмерыком з купальным пакрыццём. Прамавугольны бабінец, гранёныя алтарныя і бакавыя зрубы накрыты пакатымі 2-схільнымі дахамі з вальмамі на тарцах. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі, вокны з паўцыркульнымі завяршэннямі. У 1870—71 да бабінца прыбудавана званіца (васьмярык на 2 чацверыках), завершаная высокім шатром.

Ельская Троіцкая царква.

т. 6, с. 388

Е́ЛЬСКІ (Аляксандр Карлавіч) (16.6.1834. в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 10.9.1916),

бел. гісторык, этнограф, краязнавец, пісьменнік, перакладчык, публіцыст. Чл. Акадэміі навук у Кракаве (1892). Брат М.К.Ельскага Скончыў Мінскую гімназію (1852). З 1860-х г. жыў у Замосці (Пухавіцкі р-н). дзе ў 1864 стварыў літ.-краязнаўчы музей. Сябра і першы біёграф В.Дуніна Марцінкевіча. Аўтар дыдактычных вершаваных і празаічных гутарак на бел. мове ў духу асветніцтва і хрысціянскай маралі. Гісторыі, этнаграфіі, фальклору, мове і л-ры Беларусі прысвечаны яго працы: «Пра беларускую гаворку» (1885), «Слоўца пра матэрыялы для вывучэння беларускай гаворкі, этнаграфіі і літаратуры» (1886), «Адам Міцкевіч на Беларусі» (1890), «Беларуская літаратура і бібліяграфія» (1892), «Нарыс гісторыі мясцовай гаспадаркі ў супастаўленні з народнымі звычаямі ад першабытных да апошніх часоў» (т. 1—2, 1893—97), «Гістарычныя звесткі пра радзівілаўскую ткальню паясоў у Слуцку» (1893), «Гістарычныя звесткі пра фабрыку шкла і аздобных люстэрак у радзівілаўскім Урэччы на Літве» (1899) і інш. Напісаў каля 10 тыс. гіст.-краязнаўчых артыкулаў для «Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў», «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі», у якіх апісаў мясцовасці многіх бел. паветаў. На бел. мову перакладаў творы А.Міцкевіча, Ю.Супінскага, А.Мальчэўскага. Рукапісныя і кніжныя зборы Е. знаходзяцца ў Кракаве, Варшаве, часткова ў Мінску і Вільнюсе.

Літ.:

Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969;

Яго ж. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;

Пачынальнікі. Мн., 1977.

А.В.Мальдзіс.

А.К.Ельскі.

т. 6, с. 388