Е́ЛЬСКІ (Аляксандр Карлавіч) (16.6.1834. в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 10.9.1916),
бел. гісторык, этнограф, краязнавец, пісьменнік, перакладчык, публіцыст. Чл. Акадэміі навук у Кракаве (1892). Брат М.К.Ельскага Скончыў Мінскую гімназію (1852). З 1860-х г. жыў у Замосці (Пухавіцкі р-н). дзе ў 1864 стварыў літ.-краязнаўчы музей. Сябра і першы біёграф В.Дуніна Марцінкевіча. Аўтар дыдактычных вершаваных і празаічных гутарак на бел. мове ў духу асветніцтва і хрысціянскай маралі. Гісторыі, этнаграфіі, фальклору, мове і л-ры Беларусі прысвечаны яго працы: «Пра беларускую гаворку» (1885), «Слоўца пра матэрыялы для вывучэння беларускай гаворкі, этнаграфіі і літаратуры» (1886), «Адам Міцкевіч на Беларусі» (1890), «Беларуская літаратура і бібліяграфія» (1892), «Нарыс гісторыі мясцовай гаспадаркі ў супастаўленні з народнымі звычаямі ад першабытных да апошніх часоў» (т. 1—2, 1893—97), «Гістарычныя звесткі пра радзівілаўскую ткальню паясоў у Слуцку» (1893), «Гістарычныя звесткі пра фабрыку шкла і аздобных люстэрак у радзівілаўскім Урэччы на Літве» (1899) і інш. Напісаў каля 10 тыс.гіст.-краязнаўчых артыкулаў для «Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў», «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі», у якіх апісаў мясцовасці многіх бел. паветаў. На бел. мову перакладаў творы А.Міцкевіча, Ю.Супінскага, А.Мальчэўскага. Рукапісныя і кніжныя зборы Е. знаходзяцца ў Кракаве, Варшаве, часткова ў Мінску і Вільнюсе.