Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАХНА́РКА,

рака ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Дрыса (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 208 км². Выцякае з воз. Белае, цячэ ў забалочанай мясцовасці па Полацкай нізіне, працякае праз воз. Дахнарскае. Асн. прыток р. Лонніца (справа). Даліна ў ніжнім цячэнні добра выражаная, шыр. 200—300 м.

т. 6, с. 69

ДАХНА́РСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дахнарка (працякае праз возера) за 14 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,47 км², даўж. 890 м, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 1,7 м, даўж. берагавой лініі каля 2,7 км. Пл. вадазбору 73,8 км². Схілы катлавіны выш. 2—3 м, параслі лесам, на Пд разараныя. Берагі пераважна сплавінныя, на Пн забалочаныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Зарастае.

т. 6, с. 69

ДАХО́Д,

грашовая сума, якая рэгулярна і законным шляхам паступае ў непасрэднае распараджэнне суб’екта эканомікі. Галоўныя крыніцы Д. — заработная плата, прадпрымальніцкі прыбытак, арэндная плата, асабістая дапаможная гаспадарка, розныя дзярж. выплаты і інш. Гл. таксама Дзяржаўныя даходы, Даходы насельніцтва, Даходы прадпрыемства, Нацыянальны даход.

т. 6, с. 69

ДАХО́ДНЫ ДОМ,

гарадскі шматкватэрны дом, прызначаны для здачы кватэр у наём. У Еўропе з’явіліся ў 1830—40-я г., у пач. 20 ст. — адзін з асн. тыпаў жылля гараджан. У Беларусі існавалі з 1870-х г. да 1917. У пач. 20 ст. будаваліся 3—5-павярховыя Д.д. секцыйнага (найб. пашыраныя), калідорнага, галерэйнага і мяшанага тыпаў; на 1-м паверсе былі гандл. ўстановы. Іх архітэктура часцей мела эклектычны характар. Багаццем арх. афармлення вызначаліся Д.д. па вуліцах Захар’еўскай, Падгорнай, Валадарскага ў Мінску, Шклоўскай, Румянцаўскай у Магілёве, Савецкай у Гомелі і інш. У буд-ве ўдзельнічалі арх. В.Вукалаў, С.Гейдукевіч, Г.Гай, П.Кальнін, С.Краснапольскі, С.Шабунеўскі і інш.

В.М.Чарнатаў.

Да арт. Даходны дом. Жылы дом на вул. Валадарскага ў Мінску.
Да арт. Даходны дом. Жылы дом на вуліцы Савецкай у Гомелі.

т. 6, с. 70

ДАХО́ДЫ ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ,

гл. Дзяржаўныя даходы.

т. 6, с. 70

ДАХО́ДЫ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,

колькасць матэрыяльных і культ. даброт, якія можа атрымаць насельніцтва (асобныя сац. групы, асобныя сем’і) за кошт сваіх грашовых даходаў, бясплатных выплат і льгот; асн. паказчык яго дабрабыту. Характарызуе частку нацыянальнага даходу, якая выкарыстоўваецца на асабістае спажыванне. Залежаць ад памераў грашовых Д.н., узроўню цэн на спажывецкія тавары і паслугі, памераў плацяжоў насельніцтва ў фін. сістэму. Адрозніваюць сукупныя, асабістыя, намінальныя, рэальныя, распараджальныя Д.н. Сукупныя Д.н. — агульная сума (у грашовай і натуральнай форме) даходаў, атрыманых насельніцтвам у якасці аплаты за працу па найме, ад уласнасці, прадпрымальніцтва, пенсій, стыпендый, дапамог, датацый на аплату жыллёва-камунальных паслуг, пуцёўкі ў санаторыі ці дамы адпачынку, утрыманне дзяцей у дашкольных установах, чысты прыбытак ад асабістай дапаможнай гаспадаркі, індывідуальнай прац. дзейнасці. У агульны аб’ём даходаў уключаецца кошт ільготнага і бясплатнага спажывання матэрыяльных даброт і паслуг (кошт адукацыі, мед. дапамогі і інш.). Рэальныя Д.н. — паказчык узроўню жыцця насельніцтва, задавальнення яго патрэб. Грашовыя Д.н. — частка сукупных Д.н.

т. 6, с. 70

ДАХО́ДЫ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,

грашовыя паступленні ад вытворчай і невытворчай дзейнасці за вылікам затрат на яе ажыццяўленне. Крыніца фарміравання даходаў — выручка ад рэалізацыі прадукцыі асн. вытв-сці, а таксама ад выканання работ і аказання паслуг паза вытв-сцю, якія аплачаны пакупніком і заказчыкам. Крыніцай пазарэалізацыйных даходаў служаць дывідэнды на ўкладзеныя паі, набытыя акцыі і інш. каштоўныя паперы, а таксама штрафы, атрыманыя ад контрагентаў, і інш. непланавыя даходы. Адрозніваюць таксама валавы і гасп.-разліковы Д.п. Валавы Д.п. вызначаецца як розніца паміж аб’ёмам выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, выкананых работ і паслуг і велічынёй матэрыяльных і прыраўнаваных да іх затрат (амартызацыйных адлічэнняў і адлічэнняў органам сац. страхавання). Частка валавога даходу па ўстаноўленых нарматывах накіроўваецца ў дзярж. бюджэт, вышэйстаячай арг-цыі, банку у форме платы працэнтаў за карыстанне пазык. Астатняя частка выступае як гасп.-разліковы даход, г.зн. даход, які застаецца ў распараджэнні прадпрыемства. Гасп.-разліковы даход з’яўляецца крыніцай і паказчыкам для ўтварэння па вызначаных нарматывах фондаў развіцця вытв-сці, навукі, тэхнікі, фонду сац. развіцця і фонду аплаты працы.

т. 6, с. 70

ДАХО́Д НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ,

гл. Нацыянальны даход.

т. 6, с. 69

ДАХТУРО́Ў (Дзмітрый Сяргеевіч) (12.9.1759—26.11.1816),

расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1810). Скончыў Пажаскі корпус у Пецярбургу (1781), служыў у гвардыі. Удзельнік рус.-швед. вайны 1788—90, Аўстэрліцкай бітвы (1805), Фрыдландскай бітвы (1807). У вайну 1812 камандзір 6-га пях. корпуса ў складзе 1-й Зах. арміі, вывеў яго з акружэння ў раёне Ліды (чэрв. 1812), удзельнік Смаленскай аперацыі 1812, Барадзінскай бітвы 1812 і інш. У час замежных паходаў рускай арміі 1813—14 і 1815 камандаваў рас. войскамі ў Варшаўскім герцагстве (з сак. 1813), корпусам у складзе Польскай арміі (з ліп. 1813) і інш., вызначыўся ў Лейпцыгскай бітве 1813.

Літ.:

Романов Д.М. Полководец Д.С.Дохтуров. Тула, 1979.

т. 6, с. 70

ДА́ЦКАЯ ВАЙНА́ 1864, аўстра-пруска-дацкая вайна,

вайна Прусіі ў саюзе з Аўстрыяй супраць Даніі за валоданне герцагствам Шлезвіг. Ініцыіравана прускім прэм’ер-міністрам О.Бісмаркам пасля таго, як Данія ў ліст. 1863 пашырыла сваю канстытуцыю на пераважна нямецкамоўны Шлезвіг, што парушала яго аўтаномны статус. У снеж. 1863 прускія, аўстр., а таксама саксонскія і гановерскія войскі занялі найбліжэйшыя да Шлезвіга герцагствы Гольштэйн і Лаўэнбург, якія ўваходзілі ў Герм. саюз. Данія не прыняла пруска-аўстр. ультыматум ад 16.1.1864 аб скасаванні сваёй канстытуцыі ў Шлезвігу. 1.2.1864 каля 60 тыс. пруска-аўстр. вайскоўцаў пад камандаваннем прускага ген.-фельдмаршала Ф.Урангеля атакавалі гал. сілы 38-тысячнай дацкай арміі ген.-лейт. К. дэ Меца ў раёне Даневірке на Пд ад г. Шлезвіг. У ходзе баёў у лют.крас. дацкія войскі адступілі ў глыб п-ва Ютландыя. 29 чэрв. пруска-аўстр. часці (з мая камандуючы прынц Фрыдрых Карл) аднавілі наступленне і да 14 ліп. акупіравалі ўсю Ютландыю. 30 кастр. ў Вене падпісаны мірны дагавор, паводле якога Данія адмовілася ад прэтэнзій на Шлезвіг і ён стаў сумесным уладаннем Прусіі і Аўстрыі.

т. 6, с. 71