Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАНАКО́КІ,

парныя бобападобныя, нерухомыя, грамадмоўныя, гнаяродныя бактэрыі, якія не ўтвараюць спор; узбуджальнікі хвароб чалавека. Адкрыты ням. вучоным А.Нейсерам (1879). Выклікаюць гнойныя захворванні слізістых абалонак мочапалавых органаў (ганарэя) і вачэй (бленарэя); могуць пашкоджваць суставы, залозы і эндакард. Ганакокі гінуць пры высушванні, награванні да 40—45 °C, пад уздзеяннем солей серабра, антыбіётыкаў і інш.

т. 5, с. 20

ГАНАЛЕ́С,

адна з назваў (да 1960) Заслаўскага вадасховішча.

т. 5, с. 20

ГАНАЛУ́ЛУ

(Honolulu),

горад і порт, адм. ц. Гавайскіх а-воў, штата ЗША. Размешчаны на паўд. беразе в-ва Ааху. Засн. ў 1816. 371,3 тыс. ж., з прыгарадамі (у т. л. ваен. база Пёрл-Харбар) больш за 800 тыс. ж. (1992). Найважнейшы вузел марскіх і паветр. шляхоў праз Ціхі ак. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: харчасмакавая (цукр., рыбакансервавая, перапрацоўка трапічных фруктаў), нафтаперапр., суднабуд. і суднарамонтная. Цэнтр турызму. Ун-т.

т. 5, с. 20

ГАНАРА́Р А́ЎТАРСКІ,

гл. ў арт. Аўтарскае права.

т. 5, с. 20

ГАНАРО́ВАЯ ГРА́МАТА ПРЭЗІ́ДЫУМА ВЯРХО́ЎНАГА САВЕ́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

гл. ў арт. Граматы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

т. 5, с. 20

ГАНАРО́ВЫЯ ЗВА́ННІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

гл. Званні ганаровыя Рэспублікі Беларусь.

т. 5, с. 20

ГАНАРО́ВЫ ГРАМАДЗЯНІ́Н,

1) прывілеяванае званне, устаноўленае ў Рас. імперыі ў 1832 для асобных груп гараджан. Ганаровы грамадзянін вызваляўся ад падушнага падатку, рэкруцкай павіннасці, цялесных пакаранняў.

2) Званне, якое ў Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах надаецца мясц. органамі дзярж. улады асобам за іх асабістыя заслугі перад пэўным горадам.

т. 5, с. 20

ГАНАРЭ́Я

(ад грэч. gonos семя + rheō цяку),

венерычная хвароба, якая выклікаецца ганакокам Нейсера і выбіральна пашкоджвае слізістыя абалонкі мочапалавой сістэмы. Перадаецца палавым і рэдка быт. шляхам. Інкубацыйны перыяд ад моманту заражэння 1—21, найчасцей 3—5 сут. Імунітэт не выпрацоўваецца.

Запаленчы працэс пры ганарэі ўзнікае ў месцах пранікнення ў эпітэліяльныя абалонкі ганакока, суправаджаецца ацёкамі, гіперэміяй, болем, выдзяленнем серознага і гнойнага эксудату, эрозіяй. На месцы эрозій утвараюцца злучальная тканка, спайкі, рубцовыя звужэнні праток і прасветаў мочапалавых органаў, што можа абумовіць іх непраходнасць, парушэнні мочавыдзялення, узнікненне пазаматачнай цяжарнасці, змены менструальнай і дзетароднай функцый ці развіццё бясплоддзя. Эндатаксін, які выдзяляецца пры разбурэнні ганакокаў, можа пашкоджваць суставы, нерв. сістэму, клапаны і абалонкі сэрца. Клінічна адрозніваюць ганарэю свежую (вострую, падвострую, тарпідную) і хранічную (працягласць хваробы больш за 2 месяцы). У мужчын пераважае вострая ганарэя з выразнымі сімптомамі, у жанчын — тарпідная (схаваная) з пераходам у хранічную форму. Лячэнне медыкаментознае і фізіятэрапеўтычнае. З канца 1980-х г. адзначаецца павелічэнне колькасці захворванняў на ганарэю ў краінах СНД і на Беларусі.

І.У.Дуда.

т. 5, с. 20

ГА́НА ДЫЁД,

паўправадніковая прылада, у якой пры дасягненні «крытычнай» напружанасці поля ўзбуджаюцца эл. ваганні. Прынцып работы засн. на Гана эфекце. Мае амічныя кантакты (без р — n-пераходаў). Выкарыстоўваецца ў радыётэхніцы ў ланцугах звышвысокай частаты для генерацыі і ўзмацнення ваганняў з частатой ад 0,1 да 100 ГГц і магутнасцю да 200 Вт (у імпульсным рэжыме; у неперарыўным — да 200 мВт), для стварэння хуткадзейных элементаў электронных прылад і інш.

т. 5, с. 19

ГА́НА ЭФЕ́КТ,

генерацыя высокачастотных ваганняў эл. току ў паўправадніковых прыладах з N-падобнай вольтампернай характарыстыкай. Назіраецца ў паўправадніках, зона праводнасці якіх мае некалькі далін (гл. Зонная тэорыя): рухомасць электронаў у верхніх далінах значна меншая, чым у ніжняй. У моцных палях частка электронаў пераходзіць з ніжняй даліны ў верхнія і электраправоднасць змяншаецца. Ваганні току маюць выгляд серыі імпульсаў з частатой паўтарэння, адваротна прапарцыянальнай прыкладзенаму напружанню і даўжыні ўзору паўправадніка. Выяўлены амер. фізікам Дж.Ганам (1963) у крышталях арсеніду галію і фарсіду індыю. Выкарыстоўваецца ў схемах генератараў і ўзмацняльнікаў звышвысокай частаты (гл. Гана дыёд).

Ф.А.Ткачэнка.

т. 5, с. 19