Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАЎГЯ́ЛА Уладзімір Аляксандравіч

(н. 11.5.1947, в. Баршчоўка Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл),

бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-р тэхн. н. (1993). Скончыў Маскоўскі інж.-фіз. ін-т (1971). З 1994 у Бел. ун-це транспарту (г. Гомель). Навук. даследаванні па матэрыяла- і машыназнаўстве. Распрацаваў тэарэт. асновы стварэння новага класа матэрыялаў — высокатрывалых валокнаарміраваных кампазітаў на аснове дысперсных палімераў.

Тв.:

Полимерные покрытия. Мн., 1976 (разам з У.А.Белым, А.Р.Юркевічам);

Композиционные материалы и покрытия на основе дисперсных полимеров. Мн., 1992 (разам з А.Р.Юркевічам).

т. 6, с. 67

ДАЎЖА́НКА,

рака ў Бялыніцкім і Клічаўскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Друць (бас. Дняпра). Даўж. 37 км. Пл. вадазбору 272 км2. Пачынаецца за 1,5 км на У ад в. Стадолішча Бялыніцкага р-на. Цячэ па паўд.-ўсх. ускраіне Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Асн. прыток — р. Рудка (справа). Даліна невыразная, дробнаўрэзаная, шыр. 1 км. Да в. Доўгае Клічаўскага р-на схілы параслі мяшаным забалочаным лесам, ніжэй адкрытыя. Пойма двухбаковая, лугавая, у верхняй ч. забалочаная. Рэчышча ў вытоку на працягу 5 км каналізаванае, ніжэй звілістае.

т. 6, с. 67

ДАЎЖНІ́К,

у цывільным працэсе бок абавязацельства (дэбітор), які павінен выканаць на карысць другога боку (крэдытора) пэўнае дзеянне або ўстрымацца ад такога дзеяння. Д. могуць выступаць асобы, здольныя быць носьбітамі грамадзянскіх правоў і абавязкаў, г.зн. праваздольныя грамадзяне, юрыд. асобы і сама дзяржава. Калі ў абавязацельстве бяруць удзел некалькі Д., кожны з іх павінен выканаць абавязацельства ў роўнай долі з іншымі.

т. 6, с. 67

ДАЎЖЫ́НЯ ў геаметрыі,

лікавая характарыстыка працягласці лініі.

Д. адрэзка прамой — адлегласць паміж яго канцамі, вымераная адрэзкам, прынятым за адзінку даўжыні. Д. ломанай — сума Д. яе звёнаў. Д. дугі крывой лініі —ліміт Д. ломаных, упісаных у гэтую дугу, калі лік звёнаў неабмежавана павялічваецца і Д. найбольшага звяна імкнецца да нуля. Д. S плоскай лініі, зададзенай у прамавугольных каардынатах ураўненнем y=f(x), a≤x≤b, дзе f(x) — мае неперарыўную вытворную f′(x), вылічаецца па формуле S = a b 1 + [f′(x)]2 dx . Для прасторавай лініі, зададзенай у параметрычнай форме x=x(t), y=y(t), z=z(t), α≤t≤β, S = a b [x′(t)]2 + [y′(t)]2 + [z′(t)]2 dt .

т. 6, с. 67

ДАЎЖЫНЯ́ СВАБО́ДНАГА ПРАБЕ́ГУ,

сярэдні шлях, які праходзіць часціца (малекула, атам і г.д.) паміж двума паслядоўнымі сутыкненнямі з інш. часціцамі. Для звычайных малекулярных газаў пры нармальных умовах Д.с.п. ~0,1 мкм, што прыкладна ў 100 разоў перавышае сярэднюю адлегласць паміж малекуламі. Паняцце «Д.с.п.» ўзнікла ў кінетычнай тэорыі газаў і абагульнена на выпадак слаба ўзаемадзейных часціц, якія ўтвараюць газападобныя сістэмы (электронны газ у металах і паўправадніках, нейтроны ў слаба паглынальным асяроддзі і інш.). Выкарыстоўваецца пры разліках розных працэсаў пераносу (гл. Пераносу з’явы).

т. 6, с. 67

ДАЎЖЫНЯ́ ХВА́ЛІ,

найменшая адлегласць паміж пунктамі сінусаідальнай хвалі, якія вагаюцца ў аднолькавай фазе (зрух фаз роўны 2π). Д.х. α звязана з частатой v і фазавай скорасцю хвалі с суадносінамі: λ = ​c/ν. Гл. таксама Хвалі.

т. 6, с. 67

ДАЎЖЭ́НКА Аляксандр Пятровіч

(11.9.1894, г.п. Сосніца Чарнігаўскай вобл., Украіна — 25.11.1956),

украінскі і расійскі кінарэжысёр, пісьменнік. Засл. дз. маст. Украіны (1939), нар. арт. Расіі (1950). Скончыў Глухаўскі настаўніцкі ін-т (1914). Вучыўся ва Укр. акадэміі мастацтва ў Кіеве (1917—19). У 1926—28 працаваў на Адэскай кінафабрыцы, у 1929—41 — на Кіеўскай студыі маст. фільмаў (з 1957 носіць яго імя), з 1946 — на «Масфільме». Сярод фільмаў: «Сумка дыпкур’ера» (1927), «Звянігара» (1928), «Арсенал» (1929), «Зямля» (1930), «Іван» (1932), «Аэраград» (1935), «Шчорс» (1939), «Мічурын» (1949); дакумент. «Бітва за нашу Савецкую Украіну» (1943) і «Перамога на Правабярэжнай Украіне» (1945, разам з Ю.Сонцавай). Фільмы Д. філасофскія, рамантычна прыўзнятыя, паэтычныя, з метафарычнасцю кінамовы, блізкія да традыцый укр. фальклору. Аўтар апавяданняў («Маці», «Перад боем», «Перамога» і інш.), аўтабіягр. аповесці «Зачараваная Дзясна» (выд. 1957), кінааповесцей «Аповесць палымяных гадоў» (1944—45), «Паэма пра мора» (1956). Ленінская прэмія 1959 (пасмяротна), Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1966—69.

Літ.:

Марьянов А. Довженко. М., 1968;

Уроки Александра Довженко: Сб. ст Киев, 1982.

А.П.Даўжэнка.

т. 6, с. 67

ДАЎЛАЦЯ́Н Фрунзе Вагінакавіч

(н. 26.5.1927, Ерэван),

армянскі кінарэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1983). Пачынаў як тэатр. акцёр. Скончыў Ўсесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1960). З 1944 здымаецца ў кіно: «Давід-Бек», «Анаіт», «Пра што шуміць рака» і інш. Паставіў фільмы: «Кар’ера Дзімы Горына» (1961) і «Ранішнія паязды» (1963, абодва з Л.Мірскім), «Добры дзень, гэта я!» (1966, і роля Зарана; Дзярж. прэмія Арменіі 1967), «Браты Сараяны» (1968, і гал. роля; Дзярж. прэмія Арменіі 1971) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 6, с. 67

ДА́ЎМАН Анс Эрнеставіч

(26.11.1885, хутар Крэйпі, Рыжскі р-н, Латвія — 2.8.1920),

савецкі ваен. дзеяч. Скончыў Пскоўскае каморніцкае вучылішча (1906). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. З 1914 на фронце, прапаршчык. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 гар. галава, потым старшыня выканкома Нарвенскага Савета, старшыня Нарвенскага ВРК. З 1918 на камандных і паліт. пасадах у Чырв. Арміі. У кастр. 1919 — жн. 1920 чл. РВС 16-й арміі ў Беларусі, адначасова ў чэрв.ліп. 1920 нач. 10-й стралк. дывізіі, удзельнік вызвалення Пухавіч, Клецка, Чэрвеня, Бярозы, Кобрына, Брэста ад польск. войск. Загінуў у Брэсце. Узнаг. 2 ордэнамі Чырв. Сцяга.

т. 6, с. 67

ДАЎМО́НТ

(хрысціянскае імя Цімафей; ? — 20.5.1299),

князь нальшчанскі і пскоўскі. У 1263 удзельнічаў у змове жамойцкага кн. Траняты супраць Міндоўга. У 1265 пасля заваявання Нальшчанаў навагрудскім кн. Войшалкам уцёк з дружынай у Пскоў, дзе ў 1266 прыняў праваслаўе і абраны князем Паколькі Войшалк аддаў Нальшчаны Полацку, Д. у 1266—67 арганізаваў 3 паходы на Полацкую зямлю. У 1268, 1269, 1272, 1298, 1299 вёў паспяховую барацьбу з крыжакамі, якія нападалі на Пскоўскую зямлю. Кананізаваны правасл. царквой. Статуя Д. ў шматфігурным помніку «Тысячагоддзе Расіі» (скульпт. М.В.Мікешын) у Ноўгарадзе.

М.А.Ермаловіч.

т. 6, с. 67