Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАЎГІ́НАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1886 з цэглы ў в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. Храм 4-часткавай падоўжна-восевай кампазіцыі: званіца, трапезная, асн. аб’ём з прыдзеламі, апсіда.

Прыдзелы і апсіда вырашаны паўратондамі. 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца надбудавана над прытворам і завершана цыбулепадобнай галоўкай. Над сяродкрыжжам буйны 8-гранны светлавы барабан накрыты самкнутым сферычным купалам.

А.М.Кулагін.

Даўгінаўская Троіцкая царква.

т. 6, с. 66

ДАЎГІ́НАЎСКІ БОЙ 1943,

бой партыз. брыгады «Жалязняк» (камандзір І.П.Ціткоў) па разгроме ням.-фаш. гарнізона 26 сак. ў г.п. Даўгінава Крывіцкага р-на Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон быў адным з апорных пунктаў, што прыкрывалі падыход да чыг. Маладзечна—Полацк, базай правядзення карных аперацый, захавання і перапрацоўкі нарабаванай сельгаспрадукцыі. Пасля Бягомльскай аперацыі 1942 і Докшыцкага бою 1943 знаходзіўся ў павышанай баявой гатоўнасці. Партызаны для прыкрыцця небяспечных напрамкаў стварылі засады. У 18 гадз пры падтрымцы гармат 3 атрады атакавалі Даўгінава, уварваліся ў цэнтр, знішчылі склады і прадпрыемствы праціўніка. Раніцай 27 сак. партызаны амаль без страт вярнуліся на зборны пункт.

т. 6, с. 66

ДА́ЎГМАЛЕ,

гарадзішча жал. веку і ранняга сярэднявечча (канец 1-га тыс. да н.э. — канец 12 ст.) у Латвіі. За 22 км на У ад Рыгі, на левым беразе Зах. Дзвіны (Даўгавы). Месца перасячэння заходнядзвінскага шляху з сухапутным шляхам з Пд і Пн, значная ч. якога праходзіла праз Беларусь. Даследаваў у 1966—70 В.А.Уртанс. Знаходкі (сканд., герм., слав., фін., балцкія, візант., араб. вырабы, зах.-еўрап. манеты) даюць падставу сцвярджаць, што Д. было буйным рамесным і гандл. цэнтрам, да 10 ст. належала земгалам, у 11—12 ст. заселена этнічна змешаным насельніцтвам.

т. 6, с. 66

ДАЎГУВЕ́ЦІС (Dauguvietis) Барысас

(26.3.1885, Даўгувечай Біржайскага р-на, Літва — 13.7.1949),

літоўскі рэжысёр, акцёр, драматург. Засл. дз. маст. Літвы (1946), нар. арт. СССР (1948). Скончыў Пецярбургскую тэатр. школу (1909). Да 1921 працаваў у Петраградзе і ў правінцыяльных т-рах Расіі. У 1923—41 рэжысёр і акцёр Дзярж. т-ра ў Каўнасе. З 1944 гал. рэжысёр Драм. т-ра ў Вільні. Для яго пастановак характэрны яркая псіхалагічнасць і эмацыянальнасць: «Атэла» (1924) і «Зімовая казка» (1925) У.Шэкспіра, «Марыя Сцюарт» (1937) і «Каварства і каханне» (1949) Ф.Шылера, «Ворагі» М.Горкага (1947, Дзярж. прэмія СССР 1947). Створаным ім вобразам уласцівы тэмперамент, экспрэсія: Барон («Скупы рыцар» А.Пушкіна), Клаўдзій («Гамлет» Шэкспіра), Нешчасліўцаў («Лес» А.Астроўскага). Аўтар п’ес «Заданне» (паст. ў 1946), «Жалдакіне» (паст. ў 1948).

т. 6, с. 66

Даўгушын Юрый

т. 18, кн. 1, с. 377

ДАЎГЯ́ЛА Алег Георгіевіч

(1.5.1930, г. Полацк, Віцебскай вобл. — 1.4.1986),

бел. вучоны ў галіне тэрапіі. Д-р мед. н. (1968), праф. (1972). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1955), дзе працаваў з 1960. З 1971 у Віцебскім мед. ін-це. Навук. працы па зменах у печані ад ачаговай пнеўманіі, механізмах развіцця сардэчнай недастатковасці, ішэмічнай хваробы, дзеянні вітамінаў на мышцу сэрца ў хворых з недастатковасцю кровазвароту, распрацоўцы бязлекавых метадаў прафілактыкі ішэмічнай хваробы сэрца і артэрыяльнай гіпертэнзіі.

Тв.:

Патогенез, клиника и лечение хронической недостаточности кровообращения. Мн., 1974;

Ишемическая болезнь сердца: ранняя диагностика и безлекарственная профилактика в поликлинических условиях. Мн., 1986 (разам з Н.М.Федарэнка).

Літ.:

Врач, ученый, лектор. Мн., 1984.

т. 6, с. 66

ДАЎГЯ́ЛА Алег Міхайлавіч

(н. 28.7.1940, Мінск),

бел. жывапісец. Сын М.Х.Даўгялы. Скончыў тэатр.-маст. ін-т (1967). Працуе ў пейзажным і быт. жанрах. Сярод твораў: «Гарадскі пейзаж» (1965), «Клятва партызан» (мазаіка), «Мінск. Кафедральны сабор» (абодва 1967), «Пасля работы» (1970), «Лагойшчына» (1982), «Нясвіжскі замак» (1988), «Тураўская царква» (1990), «Белая вежа. Камянец» (1992), «Касцёл у Сопаце» (1994), «Замак у Гданьску» (1995), «Месячная ноч» (1997) і інш. Палітра мастака разнастайная і маляўнічая, работы прасякнуты паэт. успрыманнем прыроды, эмацыянальнасцю.

А.Даўгяла. Белая вежа. Камянец. 1992.

т. 6, с. 66

ДАЎГЯ́ЛА Георгій Хрысанфавіч

(9.12.1902, г. Віцебск — 29.7.1974),

бел. вучоны ў галіне тэрапіі. Д-р мед. н. (1955), праф. (1956). Засл. дз. нав. Беларусі (1966). Скончыў БДУ (1928). З 1946 у Мінскім мед. ін-це, у 1955—74 заг. кафедры шпітальнай тэрапіі. У 1953—59 гал. тэрапеўт Мін-ва аховы здароўя БССР. Навук. працы па гематалогіі, кардыялогіі, рэўматалогіі, атэрасклерозе, хранічных пнеўманіях, гастраэнтэралогіі.

Тв.:

Злокачественное малокровие (болезнь Аддисона — Бирмера). 2 изд. Мн., 1962;

Система гемостаза в норме и патологии. Мн., 1973 (разам з У.Л.Крыжаноўскім).

т. 6, с. 66

ДАЎГЯ́ЛА Дзмітрый Іванавіч

(1.11.1868, в. Казьяны Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.крас. 1942?),

беларускі гісторык, архівіст, археограф, крыніцазнавец. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1894). З 1897 працаваў у Віцебскім, Віленскім архівах стараж. актаў. З 1906 член, з 1912 старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі, рэдактар «Записок Северо-Западного отдела Русского географического общества», ганаровы чл. Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Удзельнік Усебел. з’езда 1917. З 1921 заг. Магілёўскага губ. архіва. З 1925 супрацоўнік Інбелкульта, дацэнт БДУ, з 1929 дырэктар б-кі АН БССР, з 1937 навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АН БССР. Аўтар прац па гісторыі гарадоў і мястэчак Беларусі. Першы даследаваў гісторыю і гіст. тапаграфію полацкіх, Барысаўскага, Свіслацкага, Аршанскага замкаў, вывучаў гісторыю нац. меншасцей у Беларусі. Складальнік, рэдактар, удзельнік выдання «Гісторыка-юрыдычных матэрыялаў» (т. 27—32, 1899—1906), Актаў Віленскай камісіі (т. 32—37, 1907—12), «Беларускага архіва» (т. 1—3, 1927—30), «Гісторыі Беларусі ў дакументах і матэрыялах» (т. 1, 1936) і інш. 10.12.1937 арыштаваны, 11.9.1939 высланы ў Казахстан на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1964.

Тв.:

3 беларускага пісьменства XVII ст. Мн., 1927;

Літоўская Метрыка і яе каштоўнасць для вывучэння мінуўшчыны Беларусі. Рыга, 1933.

М.Ф.Шумейка.

Дз.І.Даўгяла.

т. 6, с. 66

ДАЎГЯ́ЛА Міхаіл Хрысанфавіч

(21.5.1908, в. Крутое Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 9.9.1978),

бел. жывапісец. Брат Г.Х.Даўгялы. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930). Выкладаў у Мінскім пед. тэхнікуме (1930—35). Працаваў пераважна ў жанры пейзажа. Сярод твораў: «У Заходняй Беларусі» (1932), «Стары Мінск» (1945), «Батанічны сад у Мінску» (1949), «Лагойскія далі» (1950), «Збор ураджаю» (1956), «Ля вогнішча на Беразіне» (1970), «Восень. Залаты клён» (1976) і інш. Пісаў таксама нацюрморты, партрэты («Партрэт дачкі з кветкамі», 1957). Творы вызначаюцца шчырасцю пачуцця, завершанасцю жывапіснага вобраза.

Літ.:

Буйвал В. Пясняр роднай прыроды // Кола дзён: Бел. літ.-маст. каляндар, 88. Мн., 1988.

М.Даўгяла. Восень. Залаты клён. 1976.

т. 6, с. 66