Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АБАЛА́КАВЫ,

расійскія альпіністы, браты. Віталь Міхайлавіч (13.1.1906, Масква — 26.5.1986), інжынер-канструктар, засл. майстар альпінізму (1934), засл. майстар спорту СССР (1943), засл. трэнер СССР (1961). Зрабіў першаўзыходжанне на пік Леніна (7134 м, Памір, 1934). Яўген Міхайлавіч (17.2.1907, Масква — 24.3.1948), скульптар, засл. майстар альпінізму (1934). Зрабіў першаўзыходжанне на вышэйшую вяршыню б. СССР — пік Камунізму (7495 м, Памір, 1933). Яго імем названа адна з вяршынь на Паміры.

т. 1, с. 11

АБАЛЕ́НСКІ Леанід Ягоравіч

(літ. псеўд. М.І.Красов; 9.3.1845—23.9.1906),

рус. філосаф, сацыёлаг. У 1860-я г. вывучаў юрыспрудэнцыю ў Маскоўскім і Пецярбургскім ун-тах. Супрацоўнічаў у час. «Мысль», «Русское богатство» і інш. Распрацоўваў праблемы эстэтыкі, сацыялогіі, маралі асобы і грамадскага развіцця. Лічыў, што ўяўленне пра з’явы аб’ектыўнага свету не тоесныя з аб’ектыўнай рэальнасцю; свядомая воля заўсёды матывавана. На яго думку, філасофія павінна ахопліваць і вобласць пачуццяў, і сутнасць свету; матэрыялізм і пазітывізм не задавальняюць гэтых патрабаванняў, таму што даюць толькі адзін з элементаў свету, яго матэрыяльны падмурак замест цэлага.

Тв.:

Развитие чувствований и опыт их новой классификации. Спб., 1884;

Научные основы красоты и искусства. Спб., 1902;

История мысли: Опыт критич. философии. Спб., 1907.

т. 1, с. 11

АБАЛЕ́НСКІ Яўген Пятровіч

(6.10.1796, г. Наваміргарад, Украіна — 26.2.1865),

дзекабрыст. Князь, сын тульскага губернатара. Паручнік лейб-гвардыі Фінляндскага палка. Чл. «Саюза працвітання». Адзін з заснавальнікаў Паўночнага таварыства дзекабрыстаў, з 1823 чл. яго думы. Рэспубліканец. Нач. штаба паўстання на Сенацкай плошчы 14.12.1825. Прыгавораны да пажыццёвай катаргі. Пасля амністыі 1856 жыў у Калузе. Удзельнічаў у падрыхтоўцы сял. рэформы 1861. Аўтар «Успамінаў».

т. 1, с. 11

АБАЛІЦЫЯНІ́ЗМ

[ад лац. abolitio (abolitionis) адмена, скасаванне],

1) грамадскі рух за скасаванне пэўнага закону.

2) Рух у ЗША у 18—19 ст. за ліквідацыю рабства неграў. Садзейнічаў набліжэнню грамадз. вайны 1861—65, перамозе ў ёй рэсп. Поўначы над рабаўладальніцкім Поўднем і прыняццю ў 1865 папраўкі да канстытуцыі ЗША аб скасаванні рабства.

3) Барацьба за скасаванне рабства ў калоніях Англіі, Францыі і інш. еўрап. краінах ў 18—19 ст.

т. 1, с. 11

АБАЛІЦЫЯНІ́СЦКАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

літаратура 1830—60-х г. у ЗША, звязаная з грамадска-паліт. рухам за адмену рабства (гл. Абаліцыянізм). Пачынальнік і буйнейшы дзеяч руху — журналіст і паэт У.Л.Гарысан, выдавец газ. «Liberator» («Вызваліцель», выходзіла ў Бостане ў 1831—65). Найб. вядомыя творы абаліцыянісцкай літаратуры — раманы Р.Хілдрэта «Раб, або Успаміны Арчы Мура» (1836); Г.Бічэр-Стоу «Хаціна дзядзькі Тома» (1852). Тэмы і ідэі абаліцыянізму знайшлі адлюстраванне ў творчасці амер. пісьменнікаў Г.У.Лангфела, Р.У.Эмерсана, У.Уітмена і інш.

т. 1, с. 11

АБА́ЛКІН Леанід Іванавіч

(н. 5.5.1930, Масква),

вучоны-эканаміст, сав. дзярж. дзеяч. Акад. АН СССР (1987, чл.-кар. 1984), акад. Рас. АН (1991). Скончыў Маскоўскі ін-т нар. гаспадаркі імя Пляханава (1952). З І956 на навукова-пед. рабоце. З 1986 дырэктар Ін-та эканомікі Рас. АН, адначасова ў 1989—91 нам. старшыні СМ СССР, старшыня дзярж. камісіі СМ СССР па эканам. рэформе. Навук. працы па праблемах палітэканоміі сацыялізму, удасканалення гасп. механізму, фарміравання канцэпцыі пераходу да рынку.

Тв.:

Политическая экономия и экономическая политика. М., 1970;

Новый тип экономического мышления. М., 1987;

Перестройка: пути и проблемы. М., 1988.

т. 1, с. 11

АБАЛО́НКА клеткі, клетачная сценка, структурнае ўтварэнне на перыферыі клеткі, якое забяспечвае ёй трываласць, форму, засцерагае пратапласт ад вонкавых уздзеянняў і ўдзельнічае ў абмене рэчываў. Абалонка клетак раслін знаходзіцца за межамі клетачнай мембраны. Яе аснову (каркас) складаюць упарадкаваныя, паслойна перакрыжаваныя мікрафібрылы з малекул цэлюлозы, апушчаныя ў аморфную масу (матрыкс) з геміцэлюлозы і пекцінавых рэчываў.

Звычайна адрозніваюць абалонкі першасныя і другасныя. Першасныя (тонкія, з неўпарадкаваным размяшчэннем фібрылаў) больш уласцівы маладым клеткам (у іх найбольш пекцінаў і геміцэлюлозы, яны могуць расці). Знутры на першасную абалонку адкладваецца цвёрдая і пругкая (за кошт павышанай колькасці цэлюлозы) другасная абалонка. Яна мае паслойную будову і вызначае таўшчыню клетачнай сценкі, у большасці выпадкаў мае поры, праз якія праходзяць плазмадэсмы. У большасці раслін у абалонцы адбываюцца хім. працэсы, якія вядуць да іх адраўнення, акаркавення, кутынізацыі, аслізнення, мінералізацыі, утварэння камедзяў. Абалонка клетак жывёл — спецыялізаваны слой на іх паверхні, які складаецца з плазматычнай мембраны (плазмалемы) і ўласна абалонкі. Плазмалема ёсць ва ўсіх клетках, пабудавана з бялкоў і ліпідаў, актыўна ўдзельнічае ў абмене рэчываў, можа ўтвараць нарасці (мікраварсінкі) і ўцягванні. Уласна абалонка ёсць не ва ўсіх жывёльных клетках. Яна можа ўтварацца самой клеткай і за кошт сакрэтаў клетак, складаецца пераважна з вугляводаў і іх злучэнняў з бялкамі, здольная выконваць ролю вонкавага шкілета клеткі (пелікула прасцейшых, хіцінавая кутыкула членістаногіх), аховы ад вонкавых уздзеянняў (шматслойная абалонка яйцаклетак, абалонка цыстаў) і інш. функцыі.

т. 1, с. 12

АБАЛО́НКА ў будаўніцтве і тэхніцы, прасторавая канструкцыя, абмежаваная 2 крывалінейнымі паверхнямі, адлегласць паміж якімі (таўшчыня абалонкі) малая ў параўнанні з астатнімі памерамі. У залежнасці ад геаметрыі паверхні адрозніваюць абалонку: дадатнай (сферычныя, эліпсоідныя), нулявой (цыліндрычныя, канічныя) і адмоўнай (гіпербалічныя) крывізны. Бываюць тонка- і таўстасценныя; адна-, двух- і шматслойныя; маналітныя, зборныя, зборна-маналітныя і інш. Вырабляюць абалонку з жалезабетону, сталі, лёгкіх сплаваў, пластмасы, драўніны і інш. Выкарыстоўваюць у пакрыццях і перакрыццях будынкаў, у канструкцыях лятальных апаратаў, ракет, суднаў, рэзервуараў, частак машын і інш.

Тыпы паверхняў абалонак у будаўніцтве: 1 — дадатнай, 2 — адмоўнай, 3 — нулявой крывізны.

т. 1, с. 12

АБАЛО́НКАВАЯ ФО́РМА,

ліцейная форма разавага выкарыстання з дзвюх змацаваных рэльефных паўформаў з таўшчынёй сценак 6—10 мм. Вырабляецца на аўтам. і паўаўтам. машынах з сумесі дробнага кварцавага пяску і фенола-фармальдэгіднай парашкападобнай тэрмарэактыўнай смалы. Пры награванні смала плавіцца і абвалаквае пясчынкі, пры далейшым награванні — цвярдзее і звязвае пясок у трывалую абалонку. Паўформы змацоўваюць па фіксатарах з дапамогай скобаў, шрубцынгаў ці склейваюць. У абалонкавай форме атрымліваюць адліўкі масай да 100 кг. Расход фармовачнай сумесі ў 8—10 разоў меншы, чым пры ліцці ў пясчана-гліністыя формы.

Абалонкавая форма.

т. 1, с. 12

АБАЛО́НКІ ЗЯМЛІ́,

гл. Геасферы.

т. 1, с. 12