АБА́
(Aba),
горад на Пд Нігерыі, на р. Аба, пры перасячэнні шашы з чыг. Порт-Харкарт—Энугу. 264 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел. Прамысл. і гандл. цэнтр раёна вырошчвання алейнай пальмы і вытв-сці алею. Прадпрыемствы тэкст., фармацэўтычнай, мылаварнай, па вырабе пластмас, цэментнай, абутковай, парфумернай і вінаробчай прам-сці.
т. 1, с. 9
АБА́Б’Е,
возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка. Пл. 1,4 км². Даўж. 3,2 км, найб. шыр. 0,8 км, найб. глыб. 2,9 м. Пл. вадазбору 32,8 км². Схілы выш. да 4 м, парослыя лесам і хмызняком, на 3 разараныя. Берагі нізкія. Дно ўздоўж берагоў пясчанае, глыбей укрыла сапрапелем, зарастае. Злучана ручаямі з азёрамі Дубра, Вялікая Ельня, Дуброк, з возера выцякае р. Абабіца. У выніку меліярацыі ўзровень возера панізіўся на 1 м.
т. 1, с. 9
АБАВЯ́ЗАК,
маральнае патрабаванне; неабходнасць выканання чалавекам пэўных дзеянняў, якія вызначаюцца грамадствам і ў аднолькавай ступені адносяцца да ўсіх яго членаў. Па значэнні блізкі да паняцця доўг, у якім агульны, універсальны характар грамадска значных патрабаванняў ператвараецца ў асабістую задачу канкрэтнага індывіда, абумоўленую акалічнасцямі яго жыцця. Да асн. грамадзянскіх абавязкаў, зафіксаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, адносяцца: выкананне законаў рэспублікі, павага да яе нац. традыцый, годнасці, правоў, законных інтарэсаў інш. асоб; зберажэнне прыроды, культ. спадчыны, абарона Радзімы, клопат пра дзяцей, бацькоў і інш.
В.А.Паўлоўская.
т. 1, с. 9
АБАВЯ́ЗАК ВО́ІНСКІ,
абавязак грамадзян абараняць сваю Айчыну, навучацца ваен. справе і несці ваен. службу ў складзе ўзбр. сіл і інш. вайск, фарміраванняў. Замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, рэгулюецца Законам «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992. Мае адносіны да грамадзян, органаў дзярж. улады і кіравання, прадпрыемстваў, устаноў і арг-цый незалежна ад форм уласнасці і ўмоў гаспадарання. Абавязак воінскі не пашыраецца на замежных грамадзян, якія жывуць на тэр. Беларусі, і асоб без грамадзянства. Гл. таксама Воінская павіннасць.
т. 1, с. 9
АБАВЯ́ЗАК ДАКА́ЗВАЦЬ
(лац. onus probandi) у судаводстве, патрабаванне да ўдзельнікаў працэсу даказаць і абгрунтаваць наяўнасць тых ці інш. акалічнасцяў, істотных для вырашэння справы. На Беларусі абавязак даказваць у крымін. працэсе ляжыць на дзярж. органах і службовых асобах, якія абвінавачваюць асобу ў злачынстве. Суд, пракурор, следчы і асоба, якая праводзіць дазнанне, абавязаны выявіць акалічнасці, што выкрываюць ці апраўдваюць абвінавачанага, а таксама абцяжваюць ці змякчаюць яго віну. Яны не маюць права перакладваць абавязак даказваць на абвінавачанага (падсуднага),
і ён не павінен даказваць сваю невінаватасць. У цывільным працэсе кожны бок павінен даказаць акалічнасці, на якія ён спасылаецца як на падставу сваіх патрабаванняў і пярэчанняў. Напр., ісцец абавязаны даказаць і абгрунтаваць факты, якія складаюць падставу іску. Адказчык абавязаны даказаць факты, якія пацвярджаюць яго пярэчанні супраць іску. Характэрная рыса суд. даказвання ў цывільным працэсе — тое, што не толькі бакі і інш. асобы, якія ўдзельнічаюць у справе, абавязаны прадстаўляць доказы ў пацвярджэнне сваіх патрабаванняў і пярэчанняў, але і суд з мэтай высвятлення аб’ектыўнай ісціны і вынясення правасуднага рашэння ў неабходных выпадках павінен збіраць доказы па сваёй ініцыятыве.
І.І.Пацяружа.
т. 1, с. 9
АБАВЯ́ЗАНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,
прыватнаўласніцкія сяляне ў Рас. імперыі, якіх паводле ўказа 2.4.1842 памешчык меў права вызваляць ад прыгоннай залежнасці, надзяляць зямлёй у часовае карыстанне, «абавязваючы» павіннасцямі ў форме аброку або паншчыны. Указ не вызначаў памераў зямельных надзелаў, абавязкаў сялян і не абмяжоўваў улады памешчыкаў над імі. Таму становішча абавязаных сялян засталося такое, як і ў прыгонных. З 10 млн. прыгонных сялян мужч. полу да 1855 у катэгорыю абавязаных пераведзена 24 тыс.
т. 1, с. 9
АБАВЯЗА́ЦЕЛЬНАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць цывільна- прававых нормаў, якія рэгулююць узнікненне, выкананне і спыненне абавязацельстваў і адказнасць за іх парушэнні. Абавязацельнае права Рэспублікі Беларусь выкладаецца ў аднайм. раздзеле Цывільнага кодэкса і інш. нарматыўных актах (некаторыя абавязацельствы рэгламентуюцца правіламі і палажэннямі, устаноўленымі мін-вамі і ведамствамі). Складаецца з агульнай і асаблівай частак. У агульнай ч. змешчаны нормы, якія вызначаюць паняцце абавязацельстваў, падставы да іх узнікнення, змест і парадак выканання і інш., а таксама падставы да спынення абавязацельстваў і адказнасць за іх парушэнне. Нормы асаблівай часткі рэгулююць асобныя віды абавязацельстваў (купля-продаж, мена, дарэнне, падрад, пастаўка і інш.).
Н.А.Карповіч.
т. 1, с. 9
АБАВЯЗА́ЦЕЛЬСТВА,
від цывільных праваадносін, у якіх адзін бок (даўжнік) абавязаны зрабіць на карысць другога боку (крэдытора) пэўныя дзеянні (перадаць маёмасць, выплаціць грошы, выканаць работу і інш.) або ўстрымацца ад іх, а крэдытор мае права патрабаваць ад даўжніка выканання яго абавязку. Крэдыторам і даўжніком могуць быць грамадзяне і юрыд. асобы (прадпрыемствы, установы, акц. т-вы і інш.) любой формы ўласнасці. Абавязацельствы могуць фіксавацца ў пагадненнях аб здзелках, у дагаворах, вынікаць з дзеючых заканадаўчых і адм. актаў і інш. нарматыўных дакументаў або абставін.
т. 1, с. 10