Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АБАВЯЗКО́ВАЕ НАВУЧА́ННЕ,

гл. Усеагульнае абавязковае навучанне.

т. 1, с. 10

АБАВЯЗКО́ВЫЯ ПАСТАНО́ВЫ,

у Расійскай імперыі ў 2-й пал. 19—пач. 20 ст. акты службовых асоб (ген.-губернатараў, граданачальнікаў), якія выдаваліся дыскрэцыйна (у залежнасці ад асабістага меркавання) і змяшчалі юрыд. санкцыі. Прымаліся для барацьбы з рэв. рухам. Паводле палажэння ад 13.7.1876 губернатары атрымалі права выдаваць абавязковыя пастановы аб забароне сходаў, органаў друку і інш. Палажэнне ад 14.8.1881 акрэслівала паўнамоцтвы службовых асоб на прыняцце абавязковых пастаноў у мясцовасцях, аб’яўленых на асобым становішчы, пазней губернатары атрымалі права выдаваць абавязковыя пастановы тэрмінам на 1 год і ў мясцовасцях, дзе выключнага становішча не было. У 1904—07 паўнамоцтвы на абавязковыя пастановы мелі мінскі і магілёўскі, у 1909—13 — віленскі, віцебскі, мінскі, магілёўскі губернатары. Абавязковыя пастановы існавалі да Лют. рэвалюцыі 1917.

Літ.:

Гессен В.М. Исключительное положение. Спб., 1908.

А.Я.Сукала.

т. 1, с. 10

АБАВЯЗКО́ВЫЯ РЭЗЕ́РВЫ банкаў, норма захоўвання грашовых сродкаў камерцыйных банкаў і інш. крэдытных устаноў на спец. рэзервовых рахунках у цэнтр. банку. Прызначаюцца для забеспячэння ліквіднасці, дэпазітнай запазычанасці і інш. Норма абавязковых рэзерваў устанаўліваецца цэнтр. банкам, і яе парушэнне караецца штрафнымі санкцыямі.

т. 1, с. 10

АБАВЯ́Н Хачатур Авецікавіч

(14.4.1805, с. Канакер, каля г. Ерэван — 14.4.1848),

армянскі пісьменнік, асветнік-дэмакрат, заснавальнік новай арм. літаратуры і літ. мовы, педагог. Класік арм. л-ры. Выступаў за нац. культурнае і паліт. адраджэнне армян, супраць сярэдневяковых схаластычных метадаў, дагматызму і фармалізму ў школьным навучанні. Першы нац. гіст. раман «Раны Арменіі» (1841, выд. 1858) — пра вызв. барацьбу арм. народа ў перыяд руска-іранскай вайны 1826—28. Пед. погляды выказаў у кн. «Перадсцежжа» (1838), рамане «Гісторыя Тыграна, ці Маральнае настаўленне для армянскіх дзяцей» (выд. 1941). Аўтар навук.-маст. твораў «Адкрыццё Амерыкі» (выд. 1940), «Курды» (1948) і інш.

т. 1, с. 10

АБАГАЧЭ́ННЕ КАРЫ́СНЫХ ВЫ́КАПНЯЎ,

сукупнасць працэсаў і метадаў канцэнтрацыі мінералаў пры пач. перапрацоўцы цвёрдых карысных выкапняў. Праводзіцца пры малой колькасці каштоўных кампанентаў у сыравіне або наяўнасці ў ёй шкодных прымесяў. Пры абагачэнні адбываецца мех. раздзяленне мінералаў, атрыманне канчатковых прадуктаў (напр., сільвініту, азбесту, графіту і інш.), канцэнтратаў, прыдатных на металургічную, хім. і інш. перапрацоўку і адходы. Пры абагачэнні карысных выкапняў з руд вылучаюць ад 60 да 95% карысных кампанентаў (з малібдэнавых руд з 0,1% Мо атрымліваюць 50%-ны канцэнтрат). Асн. метады абагачэння — флатацыя, гравітацыйнае абагачэнне, магнітная і эл. сепарацыя. Практыкуецца таксама абагачэнне па вонкавых прыкметах (сартаванне мінералаў па колеры і бляску), радыеметрычнае (па прыроднай ці наведзенай радыеактыўнасці), на ліпкіх паверхнях (наліпанне алмазаў з пульпы на паверхню са слоем тлушчу) і інш. Метады абагачэння карысных выкапняў выкарыстоўваюцца паасобку або ў розных спалучэннях. Флатацыяй вылучаюць хлорысты калій з сільвінітавай руды на калійных камбінатах Беларусі. Пры гравітацыйным абагачэнні выкарыстоўваюць розную шчыльнасць мінералаў. Магнітнай сепарацыяй раздзяляюць матэрыялы рознай магнітнай успрымальнасці (напр., жал. руду). Эл. метады заснаваны на неаднолькавай электраправоднасці часцінак і рознай іх здольнасці набываць эл. зарады. Абагачэнне карысных выкапняў павялічвае прадукцыйнасць і эфектыўнасць металург. і хім. працэсаў.

М.Я.Зусь.

т. 1, с. 10

АБАГАЧЭ́ННЕ Я́ДЗЕРНАГА ПА́ЛІВА,

штучнае павелічэнне колькасці ізатопа урану ​235U, якому ўласціва дзяленне, у сумесі інш. яго ізатопаў. Бывае слабае (да 2%, дае ядзернае паліва для энергет. рэактараў) і высокае (да 92%, для даследчых і трансп. рэактараў гэтага тыпу). Робіцца фіз. метадамі раздзялення ізатопаў у многаступеньчатых апаратах з выкарыстаннем газавай ці тэрмічнай дыфузіі, цэнтрыфугавання і інш. метадаў, якія грунтуюцца на розніцы мас атамаў ізатопаў. Абагачэнне ядзернага паліва наз. таксама павышэнне (простым дабаўленнем) у ядз. паліве колькасці падзельнага ізатопа.

т. 1, с. 10

АБАГУЛЬНЕ́ННЕ,

пераход на больш высокую ступень абстракцыі праз выяўленне агульных прыкмет (уласцівасцей, адносін, тэндэнцый развіцця і г.д.). Робіцца на ўзроўнях: эмпірычнага матэрыялу (выпрацоўка паняццяў, якія выяўляюць тоеснасць ці падабенства двух і больш прадметаў); ужо выпрацаваных паняццяў і суджэнняў (пераход да больш шырокіх паняццяў); «сістэм паняццяў» — тэорый (напр., пераход ад геаметрыі Эўкліда да геаметрыі Лабачэўскага). Абагульненне звязана таксама з працэсам аналізу, сінтэзу, параўнання з рознымі індукцыйнымі працэдурамі. Атрыманне абагульненых ведаў азначае больш глыбокае пранікненне ў сутнасць рэчаіснасці. Процілегласць абагульненню — абмежаванне.

т. 1, с. 10

АБА́ДА

(Abbado) Клаўдзіо (н. 26.6.1933, Мілан),

італьянскі дырыжор і піяніст. Скончыў Міланскую кансерваторыю па класах фп. (1953) і кампазіцыі (1955). Выступаў як піяніст. З 1969 дырыжор, муз. і маст. кіраўнік (да 1986) т-ра «Ла Скала», з 1971 адначасова гал. дырыжор Венскага філарманічнага, з 1979 Лонданскага сімфанічнага, з 1989 Берлінскага філарманічнага аркестраў. Кіраўнік створанага ў 1982 філарманічнага аркестра «Ла Скала». З 1986 маст. кіраўнік Венскай дзярж. оперы. Лаўрэат міжнар. конкурсу маладых дырыжораў імя Дз.Мітропуласа (Нью-Йорк, 1963).

т. 1, с. 10

АБАДА́Н,

горад на ПдЗ Ірана, у Хузістане. 387 тыс. ж. (1993). Марскі порт на р. Шат-эль-Араб, за 50 км ад яе ўпадзення ў Персідскі заліў. Трансп. вузел. Чыгункай злучаны з Тэгеранам. Буйны цэнтр нафтаперапрацоўкі: нафтаперапр. з-д, нафтахім. комплекс па выпуску аміяку, звадкаванага газу і інш. Нафтаправоды ў Тэгеран, Ісфахан, Бендэр-Шахлур, на в-аў Харк у Персідскім заліве.

т. 1, с. 10

АБАДО́ЎЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Ільянскім с/с Вілейскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса «Абадоўцы». За 30 км на У ад Вілейкі, 92 км ад Мінска, 35 км ад чыг. ст. Уша. 429 ж., 143 двары (1995). Базавая школа, клуб, бібліятэка.

т. 1, с. 10