Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЖЫЯ́РДЫІ,

беспазваночныя, гл. Лямбліі.

т. 6, с. 477

Жэбіт Рыгор Аўдзеевіч

т. 18, кн. 1, с. 386

ЖЭ́БРАК (Антон Раманавіч) (27.12.1901, в. Збляны Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. — 20.5.1965),

бел. генетык і селекцыянер. Акад. АН Беларусі (1940), д-р біял. н., праф. (1936). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1925), Ін-т чырв. прафесуры (1929). У 1930—31 стажыраваўся ў ЗША. У 1934—48 заг. кафедры Маскоўскай с.-г. акадэміі. У 1940—47 чл. Прэзідыума АН Беларусі. У сак. 1945 прадстаўнік Беларусі ў рабоце Усеславянскага сабора ў Сафіі, чл. дэлегацыі БССР на канферэнцыі ў Сан-Францыска (ЗША), дзе з інш. ўдзельнікамі 26.6.1945 падпісаў Статут ААН. У 1947 прэзідэнт АН Беларусі. 16.10.1947 зняты з пасады прэзідэнта. Фармальнай падставай для гэтага паслужыла публікацыя Ж. ў амер. штотыднёвіку «Science» («Навука»), у якой ён выказаў крытыку ў адрас антынавуковай тэорыі Т.Дз.Лысенкі. З 1949 заг. кафедры Маскоўскага фармацэўтычнага ін-та. У 1953—65 кіраваў работамі па эксперым. поліплаідыі ў Ін-це біялогіі, з 1963 у Аддзеле генетыкі і цыталогіі АН Беларусі. Навук. працы па гібрыдызацыі, поліплаідыі і імунітэце раслін, філагеніі і біял. асновах селекцыі пшаніцы і грэчкі. Атрымаў гібрыдныя пладавітыя формы ад скрыжавання шэрагу відаў пшаніцы.

Тв.:

Полиплоидные виды пшениц. М., 1957;

Курс ботаники. М., 1959.

Літ.:

Хотылева Л.В. А.Р.Жебрак // Полиплоидия и селекция. Мн., 1972.

А.Р.Жэбрак.

т. 6, с. 477

ЖЭГУЛІ́,

горы, тое, што Жыгулі.

т. 6, с. 478

ЖЭ́ЖЛІНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула (цячэ праз возера), за 7 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,36 км2, даўж. 1,1 км, найб. шыр. 560 м, найб. глыб. 9,8 м, даўж. берагавой лініі каля 3,6 км. Пл. вадазбору 1366 км2. Схілы катлавіны выш. 10—15 м, участкамі разараныя, на Пд і ПдЗ параслі лесам. Берагі пясчаныя, месцамі забалочаныя, на ПдЗ пад лесам. Дно глеістае. Каля ўсх. берага востраў пл. 0,7 га. Уздоўж берагоў паласа расліннасці шыр. да 100 м.

т. 6, с. 478

ЖЭЙМО́ (Яніна Баляславаўна) (29.5.1909, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл. — 29.12.1987),

расійская кінаактрыса. Скончыла кінамайстэрню ФЭКС (Фабрыка эксцэнтрычнага акцёра; 1929), вучылася ў Ін-це экраннага мастацтва ў Ленінградзе. З дзяцінства выступала ў цырку, працавала на эстрадзе (1925—27), у Тэатры-студыі кінаакцёра (1949—56). З 1957 у Варшаве. У кіно з 1925. Першая вялікая роля — Анук («Песня пра шчасце», 1934). Стварыла паэт. вобразы дзяўчынак-падлеткаў: Ася («Сяброўкі», 1936), Надзя («Ворагі», 1938), Фроська («Ішоў салдат з фронту», 1939), Папялушка («Папялушка», 1947). Здымалася таксама ў фільмах: «Адна маладая настаўніца» (1931), «Мая радзіма» (1932), «Гарачыя дзянёчкі» (1935), «Доктар Калюжны» (1939), «Два байцы» (1943), «Мы з Урала» (1944), «Два сябры» (1955) і інш. Мастацтву Ж. ўласцівы глыбокі псіхалагізм, лірычны трагізм у спалучэнні з вострай эксцэнтрыкай, дакладнасць пластычнага малюнка.

Н.А.Крывашэева.

т. 6, с. 478

ЖЭКІТЫНЬЁНЬЯ (Jequitinhonha),

рака на У Бразіліі. Даўж. 1030 км, пл. бас. каля 73 тыс. км2. Пачынаецца на хр. Сера-ду-Эспіньясу, цячэ па Бразільскім пласкагор’і, утварае парогі і вадаспады. Упадае ў Атлантычны ак. Жыўленне дажджавое. Летнія паводкі са снеж. да сакавіка. Сярэдні расход вады каля 550 м³/с. Суднаходная ў ніжнім цячэнні на 100 км. На Ж. — г. Жэкітыньёнья.

т. 6, с. 478

ЖЭЛАЦІ́НА, жэлацін (франц. gélatine ад лац. gelatus замёрзлы, застылы),

сумесь бялковых рэчываў жывёльнага паходжання; прадукт дэнатурацыі калагену. Сухая Ж. без паху, смаку, празрыстая, злёгку афарбаваная ў жоўты колер. Набухае ў вадзе і раствараецца пры награванні, раствор пры ахаладжэнні ўтварае студзіну. Атрымліваюць з касцей, сухажылляў, храсткоў (найб. чыстая — з рыбных), адходаў скуры шляхам працяглага кіпячэння з вадой. Выкарыстоўваюць у харч., папяровай, паліграф. прам-сці, у вытв-сці фота- і кінаплёнак, фотапаперы, у мікрабіялогіі (пажыўнае асяроддзе).

т. 6, с. 478

ЖЭ́ЛЕЎ (Жэлю) (н. 3.3.1935, с. Весялінава Шуменскай акр., Балгарыя),

балгарскі паліт. і дзярж. дзеяч, філосаф. Д-р філас. н. (1987). Скончыў Сафійскі ун-т. З 1960-х г. за ідэйна-паліт. пазіцыі праследаваўся ўладамі, выключаны з Балг. камуніст. партыі. Лідэр Саюза дэмакр. сіл (снеж. 1989 — жн. 1990). У 1990—96 прэзідэнт Балгарыі; праводзіў курс на дэкамунізацыю балг. грамадства. Аўтар прац «Фашызм» (1982, забаронена і канфіскавана з продажу і бібліятэк, зноў выдадзена ў 1990), «Рэальная фізічная прастора» (1989) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Фашизм: Тоталитар. государство. М., 1991.

т. 6, с. 478

ЖЭ́ЛЬЦЫ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сосніца, за 38 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,78 км2, даўж. 1,9 км, найб. шыр. 720 м, найб. глыб. 2,8 м, даўж. берагавой лініі больш за 5 км. Пл. вадазбору 63,5 км2. Схілы катлавіны выш. да 7 м (на Пд 15—20 м), пад лесам, на ПнЗ разараныя. Берагі нізкія. Дно плоскае, выслана пераважна пяском і глеямі, у цэнтры — сапрапелем. Зарастае. Упадаюць р. Няклейка і ручай з воз. Сіценец, выцякае р. Жэльцанка.

т. 6, с. 478