ЖЭЙМО́ (Яніна Баляславаўна) (29.5.1909, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл. — 29.12.1987),
расійская кінаактрыса. Скончыла кінамайстэрню ФЭКС (Фабрыка эксцэнтрычнага акцёра; 1929), вучылася ў Ін-це экраннага мастацтва ў Ленінградзе. З дзяцінства выступала ў цырку, працавала на эстрадзе (1925—27), у Тэатры-студыі кінаакцёра (1949—56). З 1957 у Варшаве. У кіно з 1925. Першая вялікая роля — Анук («Песня пра шчасце», 1934). Стварыла паэт. вобразы дзяўчынак-падлеткаў: Ася («Сяброўкі», 1936), Надзя («Ворагі», 1938), Фроська («Ішоў салдат з фронту», 1939), Папялушка («Папялушка», 1947). Здымалася таксама ў фільмах: «Адна маладая настаўніца» (1931), «Мая радзіма» (1932), «Гарачыя дзянёчкі» (1935), «Доктар Калюжны» (1939), «Два байцы» (1943), «Мы з Урала» (1944), «Два сябры» (1955) і інш. Мастацтву Ж. ўласцівы глыбокі псіхалагізм, лірычны трагізм у спалучэнні з вострай эксцэнтрыкай, дакладнасць пластычнага малюнка.
Н.А.Крывашэева.
т. 6, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)