Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

СКОРАБАГА́ТЫ Кірыла Нічыпаравіч, бел. і рускі артыст балета канца 18 — пач. 19 ст. Да 1800 прыгонны танцоўшчык Шклоўскага тэатра Зорыча, з 1800 характарны танцоўшчык балетнай трупы Пецярбургскага імператарскага т-ра. Пасля адпушчэння на волю, у 1820-я г., быў настаўнікам танцаў у маёнтку кн. Галіцыных. Выступаў пераважна ў дывертысментах. Выконваў цыганскі танец у «Рохусе Пумпернікеле» (паст. Ш.​Дзідло, 1821), рус. танцы і танец «Палішынель» у «Аглядзе нявест», арапскае па ў «Адпачынку каравана» (1822) і інш.

т. 14, с. 467

СКОРАГАВО́РКА,

фальклорны твор, пабудаваны на спалучэнні гукаў, якія перашкаджаюць хутка і выразна вымаўляць словы; жанр народна-паэтычнай творчасці. Пашырана ў дзіцячым фальклоры і выкарыстоўваецца для трэніроўкі дыкцыі. Напр.; «Лавіў рыбак судака, судзіў судак рыбака: лоўка, рыбак, ловіш, судаку сорам робіш», «Рапартаваў ды не дарапартаваў, стаў дарапартоўваць ды зарапартаваўся», «Пекар Пётр пёк пірог» і інш. Зб. бел. нар. С. «Мама Мышка сушыла шышкі» (1983) склаў І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 467

СКО́РАПІС,

тып пісьма, які развіўся ва ўсх. славян з паўустава ў выніку паскарэння працэсу пісання. Характарызаваўся звязаным напісаннем літар у слове, свабодным узмахам і націскам пяра. У старабел. дзелавой пісьменнасці пачаў ужывацца з канца 14 ст. 1м напісаны актавыя кнігі гарадскіх, земскіх і замкавых судоў, большая ч. дакументаў Метрыкі ВКЛ, Статуты ВКЛ 1529 і 1566. Асаблівага росквіту дасягнуў у 16—17 ст., калі шырока выкарыстоўваўся ў свецкіх («Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Гісторыя пра Атылу», 2-я пал. 16 ст.; бел. пераклады «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага, «Александрыі», «Троі», «Рымскага летапісца» пач. 17 ст.) і рэліг. творах. С. напісана Баркулабаўская хроніка.

На аснове С. ў канцы 16 ст. створаны спец. шрыфт, якім у друкарні Мамонічаў выдадзены «Трыбунал...» (1586), Статут ВКЛ 1588, «Унія» І.​Пацея (1595) і інш. Бел. С. быў больш каліграфічны і зручны для чытання, чым рускі, і ў 17 ст. прыкметна на яго ўплываў.

Літ.:

Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979;

Щепкин В.Н. Русская палеография. М., 1967.

А.​М.​Булыка.

Да арт. Скорапіс. Рукапіс «Троі». 17 ст.

т. 14, с. 467

СКО́РАСНЫ БЕГ НА КАНЬКА́Х,

від канькабежнага спорту. Спаборніцтвы праводзяцца на дыстанцыях 500, 1000, 1500, 5000 і 10 000 м для мужчын і 500, 1000, 1500, 3000 і 5000 м для жанчын, таксама ў мнагабор’і па замкнёнай лядовай дарожцы даўж. 400 м; у шорт-трэку на дыстанцыях 500, 1000, 1500 і 3000 м і ў эстафетным бегу — 3000 м для жанчын і 5000 м для мужчын, на дарожцы даўж. 111 м.

Узнік у Нідэрландах у пач. 13 ст. Першыя канькабежныя т-вы з’явіліся ў Нарвегіі (1864), Расіі (1877); нац. федэрацыя канькабежнага спорту — у Вялікабрытаніі (1879). Афіц. міжнар. спаборніцтвы праводзяцца з канца 19 ст. (1882. Вена; 1889, Амстэрдам, і інш.). Чэмпіянаты свету праводзяцца сярод мужчын з 1893, сярод жанчын — з 1936; па спрынтарскім мнагабор’і (дыстанцыі 500 і 1000 м) — з 1970. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1893 сярод мужчын і з 1970 — у жанчын. У праграме зімовых Алімп. гульняў — адпаведна з 1924 і 1960. Міжнар. саюз канькабежцаў засн. ў 1892, аб’ядноўвае больш за 50 краін (1999). Найб. пашыраны ў краінах Скандынавіі, ЗША. Германіі, Нідэрландах, Расіі, Японіі і інш. Спаборніцтвы па шорт-трэку праводзяцца з 1970-х г. Чэмпіянаты свету з 1978. У праграме Алімп. гульняў — з 1992.

На Беларусі першыя секцыі ўзніклі ў 1922 (г. Полацк). У 1926 адбыўся 1-ы чэмпіянат Мінска, чэмпіянаты Беларусі праводзяцца з 1933. Першыя чэмпіёны — З.​Бальшакова і Б.​Бальшакоў (адпаведна 17 і 9 разоў). Сярод бел. канькабежцаў найб. вызначыліся І.​Жалязоўскі, Э.​Матусевіч, У.​Кажаноўскі — чэмпіён СССР сярод юнакоў (1977) на дыстанцыі 500 м, А.​Кацюга — бронз. прызёр чэмпіянату свету па спрынтэрскім мнагабор’і (2002, Нарвегія), 5-е месца ў спрынце на XIX зімовых Алімп. гульнях (2002 г. Солт-Лейк-Сіці, ЗША) з рэкордам Беларусі на дыстанцыі 500 М.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 14, с. 467

СКО́РАСЦЬ у механіцы,

вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе быстрыню перамяшчэння матэрыяльнага пункта (часціцы) уздоўж траекторыі; адна з асн. кінематычных велічынь. Пры раўнамерным руху модуль С. роўны адносінам пройдзенага шляху Δs да прамежку часу Δt: v = Δs/Δt.

Пры нераўнамерным руху С. часціцы ў дадзены момант часу t вызначаецца формулай v→ = lim Δt → 0 Δr→ Δt = dr→ dt , дзе Δr→ — перамяшчэнне часціцы за малы прамежак часу Δt, r→ = r→ ( x , y , z ) — радыус-вектар і x(t), y(t), z(t) — каардынаты часціцы ў момант часу t. Вектар накіраваны па датычнай уздоўж траекторыі руху часціцы, а яго модуль v = v x 2 + v y 2 + v z 2 , дзе vx = dx dt , vy = dy dt , vz = dz dt — праекцыі v→ на адпаведныя восі каардынат. За канечны прамежак часу Δt адрозніваюць сярэднюю С. перамяшчэння < v→ > = Δr→ Δt і сярэднюю С. праходжання шляху < v > = Δs Δt , дзе r→ — вектар перамяшчэння і Δs — шлях, пройдзены ўздоўж траекторыі за Δt. Адзінка С. ў СІ — метр за секунду.

А.​І.​Болсун.

Графічнае вызначэнне скорасці ў механіцы: ab — траекторыя руху часціцы; r→ — радыус-вектар пачатковага становішча (1) часціцы ў момант часу t, Δr→ — перамяшчэнне часціцы за прамежак часу Δt, ΔS — шлях часціцы на адрэзку траекторыі 1—2.

т. 14, с. 467

СКО́РАСЦЬ АСЯДА́ННЯ ЭРЫТРАЦЫ́ТАЎ,

тое, што рэакцыя асядання эрытрацытаў.

т. 14, с. 468

СКО́РАСЦЬ ГУ́КУ,

скорасць распаўсюджвання гуку ў матэрыяльным асяроддзі. Вызначаецца пругкасцю і шчыльнасцю асяроддзя. Скорасць гарманічнай гукавой хвалі (гл. Гарманічныя ваганні) наз. фазавай скорасцю гуку. Звычайна С.г. — велічыня пастаянная для дадзенага рэчыва пры дадзеных знешніх умовах і не залежыць ад частаты хвалі і яе амплітуды. У выпадку залежнасці фазавай скорасці ад частаты гуку мае месца дысперсія хваль і тады карыстаюцца паняццем групавой скорасці.

С.г. ў газах меншая, чым у вадкасцях, у вадкасцях меншая, чым у цвёрдых целах (прычым для зрухавых хваль яна меншая, чым для падоўжных). С.г. ў газах і пары 150—1000 м/с, у вадкасцях 750—2000 м/с, у цвёрдых целах 2000—6000 м/с, у паветры пры нармальных умовах 330 м/с, у вадзе прыкладна 1500 м/с. У монакрышт. цвёрдых целах С.г. залежыць ад напрамку распаўсюджвання хвалі адносна крышталеграфічных восей. Вымярэнне С.г. выкарыстоўваецца для вызначэння многіх характарыстык рэчыва, напр., сціскальнасці газаў і вадкасцей, модуляў пругкасці цвёрдых цел, зоннай структуры паўправаднікоў і інш.

Л.​М.​Шахлевіч.

т. 14, с. 468

СКО́РАСЦЬ РЭА́КЦЫІ ў хіміі,

колькасная характарыстыка інтэнсіўнасці рэакцыі хімічнай; асн. паняцце кінетыкі хімічнай. Вызначаецца змяненнем колькасці часціц (малекул, іонаў) кожнага рэчыва, што прымае ўдзел у хім. рэакцыі, за адзінку часу ў адзінцы аб’ёму (канцэнтрацыі рэчыва для гамагенных рэакцый) ці на адзінку плошчы паверхні падзелу фаз (для гетэрагенных і тапахім. рэакцый). Гл. таксама Парадак рэакцыі.

т. 14, с. 468

СКО́РАСЦЬ СВЯТЛА́ ў вакууме,

скорасць распаўсюджвання эл.-магн., у т. л. светлавых, хваль у свабоднай прасторы (вакууме); адна з фундаментальных фізічных пастаянных. Максімальна магчымая (лімітная) скорасць распаўсюджвання любых фіз. узаемадзеянняў і інварыянтная пры пераходзе ад адной інерцыяльнай сістэмы адліку да іншай (гл. Адноснасці тэорыя). Роўная: c = 299 792 458 м/с (дакладна).

С.с. ў матэрыяльным асяроддзі залежыць ад паказчыка пераламлення, рознага для розных частот (даўжынь хваль) выпрамянення (гл. Дысперсія хваль). С.с. вызначыў у 1676 О.​К.​Ромер па зменах прамежкаў часу паміж зацьменнямі спадарожнікаў Юпітэра. Доследы А.​І.​Фізо, Ж.Б.​Л.​Фуко, А.​А.​Майкельсана і інш. па вымярэнні С.с. адыгралі вызначальную ролю ў станаўленні электрадынамікі і выяўленні эл.-магн. (хвалевай) прыроды святла. С.с. ўваходзіць у асн. ўраўненні і суадносіны электрадынамікі, оптыкі і рэлятывісцкай механікі, а яе дакладнае значэнне выкарыстоўваецца для вымярэння адлегласцей у радыё- і аптычнай лакацыі, сістэмах сачэння ШСЗ і інш.

Літ.:

Вафиади В.Г., Попов Ю.В. Скорость света и ее значение в науке и технике. Мн., 1970.

А.​І.​Болсун.

т. 14, с. 468

СКО́РБУТ,

хвароба ад недастатковага паступлення з ежай вітаміну’ С, тое, што цынга.

т. 14, с. 468