Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАЛУБЫ́ СВО́ЙСКІЯ,

птушкі сямейства галубоў атр. голубападобных. Паходзяць ад дзікага шызага голуба (Columba livia). Вядома больш за 150 парод галубоў свойскіх, якія падзяляюцца на паштовых, спартыўных, дэкаратыўных і мясных. Паштовыя галубы свойскія (чырвоны паштар, бельгійскія) здольныя пралятаць да 1000 км са скорасцю 100 км/гадз. Раней іх выкарыстоўвалі для сувязі. Спартыўных (мікалаеўскі, нежынскі, курскі і інш.) і дэкаратыўных галубоў свойскіх (дутышы, паўліны, якабіны, турманы, чайкі і інш.) гадуюць аматары дзеля хуткага палёту, прыгожага апярэння, своеасаблівай формы цела і буркавання. Мясных галубоў свойскіх (карно, кінг, рымскія і інш.) у многіх краінах гадуюць на мяса.

Жывая маса мясных галубоў 700—1100 г, самак 600—700 г. Спароўванне з 5-месячнага ўзросту. Наседжваюць яйцы галубка і голуб 18 сутак. Бацькі выкормліваюць птушанят «валлёвым малаком» (малакападобнай кашкай). У 30—40-дзённым узросце выкарыстоўваюцца на мяса.

т. 4, с. 473

ГАЛУ́ЗА Іларыён Рыгоравіч

(7.4.1899, в. Даргейка Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 10.10.1977),

савецкі заолаг і паразітолаг. Акад. АН Казахстана (1946). Д-р біял. н., праф. (1943). Скончыў Ленінградскі вет. ін-т (1925). З 1937 у Ін-це заалогіі АН Казахстана (у 1951 — 67 дырэктар), у 1946—51 акадэмік-сакратар Аддзялення біял. навук АН Казахстана. Навук. працы па вывучэнні фауны і экалогіі кляшчоў — пераносчыкаў узбуджальнікаў кровапаразітарных хвароб жывёл і чалавека, распрацоўцы біял. метаду барацьбы з імі. Выявіў прыродныя асяродкі лептаспірозаў і бруцэлёзу, прыродную ачаговасць таксаплазмозу, даказаў магчымасць перадачы ўзбуджальніка бруцэлёзу праз іксодавых кляшчоў. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 4, с. 473

ГАЛУ́ЗА Станіслаў Рыгоравіч

(н. 29.4.1936, г. Магнітагорск, Расія),

вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1974), праф. (1980). Скончыў Харкаўскі ун-т (1959). У 1981—89 дырэктар Ін-та эканомікі АН Беларусі. Навук. працы ў галіне эканомікі і арганізацыі прамысл. вытв-сці.

Тв.:

Производственные фонды и освоение капитальных вложений в машиностроении. Киев, 1971;

Экономические проблемы управления научно-техническим прогрессом. Киев, 1976 (разам з С.М.Ямпольскім).

т. 4, с. 473

Галуза Анатоль Пятровіч

т. 18, кн. 1, с. 368

ГАЛУ́Н

(франц. galon),

тоўстая стужка або тасьма шырынёй 5—60 мм з баваўнянай пражы, хім. нітак, шоўку, часта з залатой, сярэбранай ніткай ці мішурой. Выкарыстоўваецца пры вырабе знакаў узнагароды і для аздаблення форменнага адзення.

т. 4, с. 473

ГАЛУ́ПІ (Galuppi; празваны Буранела; Buranello) Бальдасарэ

(18.10.1706, в-аў Бурана, каля г. Венецыя, Італія — 3.1.1785),

італьянскі кампазітар. Вучыўся ў кансерваторыі «Інкурабілі» ў Венецыі. У 1761—85 яе дырэктар і капельмайстар сабора Сан-Марка ў Венецыі. У 1765—68 прыдворны капельмайстар у Пецярбургу. Адзін з буйнейшых майстроў опер-буфа, у т. л. на лібрэта К.Гальдоні «Святло месяца» (1750), «Вясковы філосаф» (1754). Аўтар опер-серыя, у т. л. «Пакінутая Дыдона» (1741), «Кароль-пастух» (1758), для Пецярбургскай сцэны — «Іфігенія ў Таўрыдзе» (1768) з акрэсленымі рэфарматарскімі тэндэнцыямі. Сярод інш. твораў: араторыі, кантаты, царк. музыка, інстр. творы, у т. л. клавірныя санаты з рысамі раннекласічнай санатнай формы.

Літ.:

Крунтяева Т. Бальтассаре Галуппи // Крунтяева Т. Итальянская комическая опера XVIII в. Л., 1981.

т. 4, с. 473

ГАЛУРГІ́Я

(ад гала... + грэч. ergon справа),

галіна хім. тэхналогіі, якая вывучае фарміраванне і будову саляных радовішчаў, фізіка-хім. ўласцівасці саляной сыравіны, метады здабычы і перапрацоўкі прыродных солей.

Асн. прадукты галургіі — кухонная соль, натрыю сульфат, калію хларыд, калію сульфат, солі магнію, літыю, злучэнні бору, брому, ёду. Атрымліваюць з прыродных руд і расолаў шляхам растварэння, выпарэння, крышталізацыі, флатацыі. Значную ролю ў развіцці навук. асноў галургіі адыгралі працы Я.Х. вант Гофа, М.С.Курнакова, У.П.Ільінскага, А.Б.Зданоўскага, У.В.Вязавова, А.Дз.Кашкарова і інш.

На Беларусі даследаванні па галургіі праводзяцца ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі АН, Бел. тэхнал. ун-це, Ін-це Белгорхімпрам. Знаходзяцца найбуйнейшыя ў Еўропе Старобінскае і Капаткевіцка-Петрыкаўскае радовішчы сільвініту і галіту з агульным запасам солей больш за 10 млрд. т. На базе Старобінскага радовішча працуе ВА «Беларуськалій», якое выпускае калійныя ўгнаенні.

Літ.:

Галургия: Теория и практика. Л., 1983.

М.І.Вараб’ёў.

т. 4, с. 473

ГАЛУХО́ЎСКІ (Gołuchowski) Юзаф

(11 або 14.4.1797, мяст. Лончкі Кухарскія, Польшча — 22.11.1858),

польскі філосаф, адзін са стваральнікаў т.зв. нац. філасофіі. Праф. філасофіі Віленскага ун-та (1823—24). Паслядоўнік Ф.Шэлінга. Праціўнік матэрыялізму. Аўтар канцэпцыі «дзяржава—народ» як боскае стварэнне са своеасаблівым нац. духам. Мэтай філасофіі лічыў выражэнне гэтага духу. Аўтар прац «Філасофія ў яе адносінах да жыцця ўсяго чалавецтва і кожнага чалавека паасобку» (1822), «Разважанні над найгалоўнейшымі праблемамі чалавека...» (т. 1—2, 1861) і інш. Выступаў супраць усеўладдзя розуму, прызнаваў першынство пачуццёвасці і інтуіцыі. Выказваў ідэі класавага супрацоўніцтва, быў праціўнікам радыкальнага вырашэння сял. пытання і падтрымліваў прыгон. Паўплываў на філаматаў, філарэтаў і іншыя т-вы на Беларусі і ў Літве.

т. 4, с. 474

ГАЛУ́ШКА Васіль Міхайлавіч

(н. 15.5.1936, в. Дамантовічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне с.-г. навук (тэхналогія кармоў). Чл.-кар. Акадэміі аграрных навук Беларусі (1994), д-р с.-г. н. (1992), праф. (1993). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1960). З 1963 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі (адначасова з 1994 у БСГА). Навук. працы па рэцэптуры высокаэфектыўных камбікармоў, бялкова-вітамінна-мінер. дабавак і прэміксаў, рацыянальных нормах кармлення свіней і буйн. раг. жывёлы, ацэнцы пажыўнасці кармоў і павышэнні іх прадукцыйнасці.

Тв.:

Рациональное использование протеина // Пути решения проблемы белка в животноводстве. Мн., 1981;

Питательность кормов: Справ. пособие. Мн,, 1985 (у сааўт.);

Приготовление кормов для свиней. Мн., 1990 (разам з У.Б.Іофе, В.М.Гутманам).

т. 4, с. 474

Галушка Анатоль Маркавіч

т. 18, кн. 1, с. 368