Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЎРЫПІГМЕ́НТ

[ад лац. aurum (auri) золата + пігмент(ы)],

мінерал класа сульфідаў As2S3. Мае 60,9% мыш’яку і 39,1% серы.

Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Звычайна ў выглядзе ліставатых, слупкаватых або валакністых масіўных агрэгатаў. Колер ад лімонна- і залаціста-жоўтага да аранжава-жоўтага. Паўпразрысты. Бляск тлусты да алмазнага. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 3,4—3,5 г/см³. Тыповы мінерал сярэдне- і нізкатэмпературных мыш’яковых і сурмяна-ртутных радовішчаў, а таксама ў адкладах гарачых мінер. крыніц. Выкарыстоўваецца ў лакафарбавай і гарбарнай прам-сці, як мыш’яковая руда.

т. 2, с. 88

АЎРЭ́ЛІЙ Марк

(Marcus Aurelius; 26.4.121, Рым — 17.3.180),

рымскі імператар з 161, філосаф, адзін з прадстаўнікоў позняга стаіцызму. Пры ім Рым захапіў Месапатамію, устанавіў пратэктарат над Арменіяй, вёў Маркаманскую вайну 166—180 з германцамі і сарматамі. Яго твор «Адзін на адзін з сабою» даследуе пераважна этычныя праблемы. Аўрэлій лічыў, што ў свеце ўсё адбываецца паводле пэўнага парадку і справядлівасці, прасякнута божым прадбачаннем. Лёс чалавеку наканаваны, і прымаць яго трэба з радасцю; трэба радавацца таму, што маеш, кожны дзень праводзіць як апошні; людзі створаны, каб любіць сабе падобных; прызначэнне чалавека — захоўваць разумнасць і павагу да грамадскасці і дапамагаць у гэтым сваім блізкім. Адмаўляў ухваленне натоўпу, улады, багацця; жыцця, поўнай асалоды. Клопат пра пасмяротную славу лічыў марным, бо зямля — пясчынка, жыццё — бясконцы паўтор.

А.В.Рубанаў.

т. 2, с. 88

АЎРЭ́ЛІЙ ВІ́КТАР Секст

(Sextus Aurelius Victor),

рымскі гісторык 4 ст. Нарадзіўся ў Афрыцы. У 361 быў намеснікам Ніжняй Паноніі, у 389 — гар. прэфектам Рыма. Каля 360 напісаў кароткую гісторыю імператараў ад Аўгуста да Канстанцыя II «Пра цэзараў» («De Caesaribus»). Пазней гэты твор уключаны ў «Кароткую вытрымку пра цэзараў», дзе звесткі даведзены да 395, аўтарам якой памылкова лічылі Аўрэлія.

т. 2, с. 88

АЎРЭЛІЯ́Н Луцый Даміцый

(Lucius Domitius Aurelianus; 9.9.214—275),

рымскі імператар з 270. Ілірыец з Паноніі. Служыў у рым. арміі, пры імператару Клаўдзію II начальнік конніцы, пасля яго смерці абвешчаны імператарам. Аўрэліян вярнуў амаль усе страчаныя раней правінцыі і аднавіў межы Рым. імперыі: адкінуў готаў за Дунай, выцесніў алеманаў з Рэцыі і Італіі (але страціў Дакію). Правёў грашовую рэформу; у 273 задушыў у Рыме рух манетарыяў (работнікаў манетнага двара). Імкнуўся да неабмежаванай улады. Забіты змоўшчыкамі ў час падрыхтоўкі да парфянскага паходу.

т. 2, с. 88

АЎРЭ́УС

(ад лац. aureus залаты),

залатая старажытнарымская манета, якую пачаў выпускаць Юлій Цэзар пасля Гальскіх паходаў (58—51 да нашай эры). Сістэматычна чаканілася з часу праўлення Аўгуста (30 да нашай эры — 14 нашай эры) да праўлення Канстанціна І (306—337), які замяніў аўрэус солідам. За гэты час маса манеты зменшылася з 8,18—8,19 да 5,45—5,46 г.

т. 2, с. 88

АЎСЕ́КЛІС

(Auseklis; сапр. Крогземіс Мікеліс Якабавіч; 18.9.1850, г.п. Алоя, воласць Унгурпілс, Латвія — 6.2.1879),

латышскі паэт. Прадстаўнік рамантызму ў лат. літаратуры. Праследаваўся за вальнадумства. Аўтар зб. «Вершы» (1873). Выступаў супраць ням. баронаў і лат. духавенства, услаўляў свабодалюбства лат. народа, па-майстэрску выкарыстоўваў фальклорныя сюжэты, вобразы.

М.Абала.

т. 2, с. 88

АЎСЕ́Ц

(Helictotrichon),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі, Паўн. і Паўд. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды: аўсец пушысты (Helictotrichon pubescens; нар. назва заечы авёс), трапляецца па ўсёй тэрыторыі, расце на сухіх лугах, лясных палянах і ўзлесках, на адхонах, асабліва ўздоўж дарог; аўсец лугавы (Helictotrichon pratense; рэдкі від, вядомы толькі па звестках навук. літаратуры). Лугавыя кармавыя травы.

Шматгадовыя травяністыя расліны звычайна з паўзучымі падземнымі парасткамі або пазбаўлены іх і тады ўтвараюць шчыльныя дзернавінкі. Сцябло круглаватае, прамастойнае, выш. да 120 см. Лісце лінейнае, часам уздоўж складзенае. Каласкі 2—5-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка з доўгім асцюком. Мяцёлка сціснутая або раскідзістая, нярэдка гронкападобная.

т. 2, с. 88

АЎСКУЛЬТА́ЦЫЯ

(ад лац. auscultatio слуханне, выслухванне),

метад даследавання ўнутраных органаў выслухваннем. Робіцца вухам ці спец. апаратамі — стэтаскопам або фанендаскопам. Пры аўскультацыі лёгкіх выслухваюць дыхальныя шумы, хрыпы, характэрныя для запаленчых працэсаў у бронхах або лёгачнай тканцы. Па змене тону, шумах у сэрцы мяркуюць пра стан сардэчнай дзейнасці. Артэрыі выслухваюць для вызначэння артэрыяльнага ціску. Аўскультацыя жывата выяўляе наяўнасць перыстальтыкі страўніка і кішэчніка, у цяжарных — сэрцабіцце плода. Аўскультацыяй карыстаюцца і ў ветэрынарыі.

т. 2, с. 89

АЎСТРААЗІЯ́ЦКІЯ МО́ВЫ,

сям’я моў, на якіх гаворыць частка насельніцтва Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, шэрагу астравоў у Індыйскім акіяне. Уключае 8 груп моў: семанг-сакай (асліянская) — распаўсюджаны на п-ве Малака (Малайзія) і ў Паўд. Тайландзе; в’етнамская-мыонг — гал. чынам у В’етнаме (у тым ліку сучасная в’етнамская мова) і часткова ў Лаосе; мон-кхмер — на тэр. Камбоджы, М’янмы (б. Бірма), В’етнама, Лаоса і Тайланда; палаунг-ва — уздоўж граніц Кітая, Тыбета, Бутана, на тэр. В’етнама, Лаоса, Тайланда і М’янмы; нікабарскай мовы — на Нікабарскіх а-вах; мовы кхасі — у Індыі і Бангладэш; моў мунда — карыстаецца ч. насельніцтва Індыі; мовы нагалі — штат Мадх’я-Прадэш (Індыя). Кхмерская, монская і в’етнамская мовы — старапісьменныя, астатнія — бяспісьменныя або маладапісьменныя (кхасі, санталі).

т. 2, с. 89

АЎСТРАЛАПІТЭ́К

(ад лац. australis паўднёвы + грэч. pithēkos малпа),

найбольш прымітыўны від чалавека, першы прадстаўнік сям. гамінідаў. З’явіўся ў Афрыцы каля 5—4 млн. г. назад. Аўстралапітэкі мелі невял. рост (120—130 см), вагу (да 40 кг) і аб’ём галаўнога мозга (435—600 см³), масіўныя сківіцы, моцна выражаныя надброўныя дугі, пакаты лоб, падбародак адсутнічаў. Хадзілі на дзвюх нагах, былі здольныя вырабляць найпрасцейшыя каменныя прылады. Унутры віду аўстралапітэкаў вылучаюць падвіды: аўстралапітэк з Афара (australis afarensis), аўстралапітэк афрыканскі (australis afrikanus), аўстралапітэк масіўны (australis robustus, іншая назва парантрап), аўстралапітэк Бойса (australis boisei, іншая назва зінджантрап). Некаторыя вучоныя адносяць да аўстралапітэкаў і чалавека ўмелага (Homo habilis) — першага прадстаўніка роду Homo, які, верагодна, паходзіў ад аўстралапітэка з Афара ці афрыканскага.

Л.І.Цягака.

т. 2, с. 90