Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЎРА́МКАЎ Пракоп Іванавіч (16.10.1923, в. Пакроўка Родзінскага р-на Алтайскага краю, Расія — 23.1.1944, Герой Сав. Саюза (1944). Беларус. На пач. Вял. Айч. вайны добраахвотнікам пайшоў у армію. На фронце з ліст. 1941, удзельнік абароны Масквы, ваяваў на Паўн.-Зах. фронце. 22.1.1944 камандзір стралк. аддзялення сяржант Аўрамкаў у баі каля в. Амшары Новасакольніцкага р-на Пскоўскай вобласці закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота. На яго радзіме пастаўлены бюст.

т. 2, с. 87

АЎРА́МКІ ЛЕ́ТАПІС,

летапісны звод, складзены ў апошняй чвэрці 15 ст. ў Пскове або ў Ноўгарадзе на аснове больш стараж. рус. летапісных крыніц. Ахоплівае падзеі да 1469. У ім адлюстравана гісторыя Кіеўскай і Маскоўскай Русі, Ноўгарада, часткова ВКЛ. Найб. каштоўныя і цікавыя матэрыялы за 14—15 ст. У 1495 гэты летапісны звод перапісаны ў Смаленску Аўрамкам. Быў распаўсюджаны на Беларусі. На аснове Аўрамкі летапісу ўзнік Віленскі спіс, у канцы якога змешчаны тэкст «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». Звесткамі Аўрамкі летапісу часткова карыстаўся складальнік Супрасльскага летапісу 1-й пал. 16 ст. Надрукаваны Аўрамкі летапіс у Поўным зборы рус. летапісаў (т. 16, 1889).

Літ.:

Шахматов А.А. Обозрение русских летописных сводов XIV—XVI вв. М.; Л., 1938.

В.А.Чамярыцкі.

т. 2, с. 87

АЎРА́МЧЫК Мікола

(Мікалай Якаўлевіч; нарадзіўся 14.1.1920, в. Плёсы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. паэт, празаік, перакладчык. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1949). У 1942—45 у палоне, на кам.-вуг. шахтах у Руры. Пасля вайны — на аднаўленні Данбаса. У 1953—80 рэдактар аддзела паэзіі час. «Маладосць». Друкуецца з 1937. Першы зб. вершаў «Пярэдні край» (1949). У яго паэзіі шчырасць, добразычлівасць, любоў да радзімы, драматычны ваен. лёс (зб-кі «Шляхамі дружбы», 1952; «Ключы жураўліныя», 1960; «Сустрэча былых канагонаў», 1963, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964; «Універсітэцкі гарадок», 1967; «Радовішча», 1976, і інш.). Раман «Падзямелле» (1983) і аповесць «Палон» (1989) пра жорсткія баі, палон, маральнае супрацьстаянне ворагу, змаганне за чалавечую годнасць. Пераклаў на бел. мову творы Дж.Байрана, А.Міцкевіча, Л.Украінкі, М.Джаліля, Г.Эміна, паэму М.Нагнібеды «Васілёк» (1961) і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1980;

Агледзіны. Мн., 1969;

Анкета. Мн., 1990.

Літ.:

Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974. С. 113—118;

Бугаёў Д. Адкрытая душа паэта // Бугаёў Д. Талент і праца. Мн., 1979;

Лойка А. Сустрэча з чалавекам // Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968;

Лецка Я. Балючыя старонкі жыцця // Вобраз—85. Мн., 1985.

І.У. Саламевіч.

т. 2, с. 87

АЎРА́Н

(Gratiola),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах абодвух паўшар’яў, у горных сістэмах тропікаў. На Беларусі, пераважна ў паўд.-ўсх. раёнах, па заліўных лугах, забалочаных месцах, берагах рэк і вадаёмаў расце аўран лекавы (Gratiola officinalis). Культывуецца ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі.

Шматгадовая карэнішчавая травяністая расліна. Сцябло прыўзнятае або прамастойнае, выш. 10—40 см. Лісце сядзячае, процілеглае, лінейна-ланцэтнае, зубчастае. Кветкі двухполыя, белыя, адзіночныя, на доўгіх кветаножках у пазухах лісця. Плод — 2-гнездавая шматнасенная каробачка. Ядавітая і лек. расліна (слабіцельны, ірвотны, мачагонны сродак), мае гліказіды, сапаніны, алкалоіды.

т. 2, с. 87

АЎРАНГЗЕ́Б

(1618—1707),

апошні сапраўдны правіцель Мангольскай імперыі [1658—1707]. Сын Вял. Магола Шах-Джахана. У 1636—44 і 1652—57 быў намеснікам Дэкана. У барацьбе за трон 1658—59 забіў сваіх братоў-сапернікаў, арыштаваў бацьку. Завяршыў заваяванне Дэкана і Паўд. Індыі. Адзнака палітыкі Аўрангзеба — мусульм. нецярпімасць. Прыгнятаў індусаў. У часы яго праўлення ў Індыі ўмацаваліся еўрап. гандл. Кампаніі.

т. 2, с. 87

АЎРА́ТЫ,

солі золата, гл. ў арт. Золата.

т. 2, с. 87

АЎРО́РА,

у рымскай міфалогіі багіня світання, якая прыносіла дзённае святло багам і людзям. Яе ўяўлялі юнай крылатай жанчынай, якая ўзнімалася з акіяна на калясніцы, запрэжанай светлымі коньмі. У вобразнай і паэт. мове Аўрора — сінонім ранішняй зары, золаку. Адпавядае грэч. багіні Эас.

т. 2, с. 87

«АЎРО́РА»,

крэйсер рас. Балтыйскага флоту. У страі з 1903; удзельнічаў у марскіх баях пры Цусіме (май 1905), на Балтыйскім м. ў 1-ю сусв. вайну. 25.10(7.11).1917 «Аўрора» зрабіла халасты стрэл — сігнал да штурму Зімняга палаца. З 1923 вучэбны карабель. У Вял. Айч. вайну гарматы «Аўроры» выкарыстоўваліся пры абароне Ленінграда. З 1948 крэйсер стаіць на Няве як помнік Кастр. рэвалюцыі ў Петраградзе; у 1957 на ім створаны музей.

т. 2, с. 88

АЎРУ́ЦІН Анатоль Юр’евіч

(н. 3.7.1948, Мінск),

паэт, крытык, перакладчык. Скончыў БДУ (1972). Друкуецца з 1973. Аўтар зб-каў вершаў «Снегапад у ліпені» (1979), «Паваротны круг» (1983), «... З гэтага свету» (1991), кн. «Любоўнае зелле» (1992), нарысаў аб прафесіях. Перакладае на рус. мову творы М.Багдановіча, М.Танка, П.Панчанкі, Р.Барадуліна, А.Грачанікава, Г.Апалінэра, Ш.Бадлера, Г.Гейнэ, П.Элюара і інш.

т. 2, с. 88

АЎРЫ́ЛЬ (Avril) Філіп

(21.7.1654, г. Ангулем, Францыя — студз. 1698),

французскі падарожнік. Як манах-езуіт пасланы для місіянерства ў Кітай. Праз Турцыю і Іран дабраўся да Астрахані (1685—86), адтуль да Масквы. Не атрымаўшы дазволу на выезд у Кітай, высланы праз Беларусь у Польшчу. Зноў вярнуўся ў Расію і зноў не атрымаў дазволу на праезд у Кітай. Вярнуўся ў Францыю, у 1692 выдаў кнігу пра свае падарожжы, у якой апісаў жывёльны свет Беларусі, пасяленні палонных з Рэчы Паспалітай, у т. л. з Беларусі, «паміж Волгай і Масквой».

Літ.:

Пирлинг П. Французский иезуит в Москве в XVII столетии // Рус. старина. 1902. № 9.

В.П.Грыцкевіч.

т. 2, с. 88