Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

САВА́,

вёска ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Проня, на скрыжаванні аўтадарог на Горкі, Оршу і Дуброўна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПнЗ ад г. Горкі, 101 км ад Магілёва, 5 км ад чыг. ст. Зубры. 389 ж., 176 двароў (2001). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 14, с. 49

СА́ВАН (грэч. sabanon ад араб. savan; паходзіць ад назвы мясцовасці каля г. Багдад),

1) пахавальны ўбор з белай тканіны для нябожчыка.

2) У пераносным значэнні С. — покрыва, пялёнка са снегу, туману і інш. (напр., снежны С., з белых кветак С.).

т. 14, с. 49

САВА́НА (Savannah),

рака на ПдУ ЗША. Даўж. 725 км, пл. басейна 27,2 тыс. км². Пачынаецца ў Апалачах, перасякае плато Підмант і Прыатл. нізіну, упадае ў Атл. ак. Веснавыя паводкі. Сярэдні расход вады 336 м³/с. Суднаходная да г. Агаста (356 км), вышэй якога буйное вадасховішча. ГЭС. Каля вусця — порт Савана.

т. 14, с. 50

САВА́НА (Savannah),

горад на ПдУ ЗША, у штаце Джорджыя. Засн. ў 1773. 131,7 тыс. ж., з прыгарадамі каля 250 тыс. ж. (1998). Порт на Атлантычным узбярэжжы, у вусці р. Савана. Аэрапорт. Буйны цэнтр суднабуд. і суднарамонтнай, цэлюлозна-папяровай і цукр. прам-сці. Развіты таксама хім. (вытв-сць мінер. угнаенняў, пігментаў) і дрэваапр. прам-сць; вытв-сць авіяц. рухавікоў. Чайныя ф-кі. Акіянаграфічны ін-т. Марскі музей. Акварыум.

т. 14, с. 50

САВАНА́Р,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 10 км на З ад г. Браслаў. Пл. 0,75 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 3,8 м, даўж. берагавой лініі 5,1 км. Пл. вадазбору 49,2 км². Катлавіна падпруднага тыпу, падзяляецца на зах. і ўсх. катлавіны. Схілы выш. 5—10 м, стромкія, параслі хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, моцна парэзаныя, утвараюць 5 заліваў. Дно плоскае, да глыб. 1,5 м пясчанае, глыбей — сапрапелістае, каля ўсх. берага пясчаная водмель. З астравы агульнай пл. 0,8 га. Паўд.-зах. ч. возера і залівы зарастаюць. Упадаюць 2 ручаі, выток у воз. Бужа.

т. 14, с. 50

САВАНАРО́ЛА ((Savonarola) Джыралама) (21.9.1452, г. Ферара, Італія —23.5.1498),

фларэнційскі рэліг.-паліт. дзеяч, паэт. З 1475 чл. ордэна дамініканцаў, з 1479 прапаведаваў у гарадах Паўн. Італіі. З 1491 прыёр кляштара Сан-Марка ў Фларэнцыі, дзе аднавіў строгія нормы манаскага жыцця. Выкрываў тыранію Медычы, сац. кантрасты, асуджаў свецкі характар гуманіст. культуры, крытыкаваў палітыку і лад жыцця рымскіх пап, патрабаваў рэформ у каталіцкай царкве ў духу вяртання да апостальскага ідэалу. Пасля падзення тыраніі Медычы (1494) спрыяў усталяванню ў Фларэнцыі рэсп. ладу ў інтарэсах сярэдніх гарадскіх пластоў. Абапіраючыся на фанатычныя групы моладзі, урачыста спальваў прадметы раскошы і кнігі, якія супярэчылі хрысц. маралі. Дзейнасць С. выклікала канфлікт з папам Аляксандрам VI, які ў 1497 адлучыў С. ад царквы. У 1498 у час хваляванняў у Фларэнцыі С. схоплены, абвінавачаны ў ерасі і пакараны смерцю.

Літ.:

Херманн Х. Савонарола: Еретик из Сан-Марко: Пер. с нем. М., 1982.

т. 14, с. 50

САВА́ННА (ад ісп. sabana, запазычанага з мовы карыбскіх індзейцаў),

занальны тып ландшафту, утвораны спалучэннем трапічнай і субтрапічнай ксерафільнай травяністай расліннасці (пераважна злакавай) з адзіночнымі і групамі дрэў, зараснікамі хмызняку. Пашырана ў Афрыцы, Паўд. і Цэнтр. Амерыцы, Аўстраліі і Індыі. У Бразіліі С. наз. кампас, у Венесуэле і Калумбіі — льянас. Развіваюцца таксама на месцы зведзеных трапічных лясоў (другасныя С.).

Расліны С. прыстасаваны да працяглых засух: лісце цвёрдае, моцна апушанае, рэдукаванае да калючак, кара дрэў тоўстая. Травяністыя злакі выш. да 3 м. Дрэвы (акацыя, баабаб, эўкаліпт і інш.) пераважна нізкарослыя, часта з парасонападобнай кронай, у некат. (бутэлечнае дрэва і інш.) ствалы ўтрымліваюць вял. запасы вады. Багаты і разнастайны жывёльны свет: сланы, насарогі, жырафы, ільвы, зебры, антылопы; з птушак характэрны страусы. Гл. таксама Саванныя зоны.

Саванна ў сухі сезон.

т. 14, с. 50

САВА́ННЫЯ ЗО́НЫ, саваннаў і рэдкалессяў зоны,

прыродныя зоны нізкіх шырот у субэкватарыяльным і трапічным (радзей — у субтрапічным) паясах Паўн. і Паўд. паўшар’яў. Займаюць каля 40% тэр. Афрыкі (на Пд ад Сахары), пашыраны ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы, Паўд. і Паўд.-Усходняй Азіі, Аўстраліі. С.з. уласціва пасатна-мусонная цыркуляцыя паветраных мас з выразным падзелам на сухі зімовы і вільготны летні сезоны. Працягласць дажджлівага сезону скарачаецца па меры аддалення ад экватарыяльнага пояса з 8—9 месяцаў да 2—3 месяцаў, колькасць ападкаў ад 2000 да 250 мм за год. Радыяцыйны баланс складае 250—335 кДж/см² (60—80 ккал/см²). Т-ра самага халоднага месяца 4—20 °C, самага цёплага — 20—35 °C. Сутачныя ваганні т-ры паветра да 25 °C. Рачная сетка рэдкая. Рэкі мялеюць у сухі сезон, у дажджлівы — расход вады павялічваецца ў 15—20 разоў, узрастае цвёрды сцёк, схілавы і плоскасны змыў.

Рэльеф прадстаўлены згладжанымі паверхнямі, над якімі ўзвышаюцца эразійныя астанцы, захаваныя ад разбурэння шчыльнымі фералітнымі корамі. Бяссцёкавыя ўпадзіны ў вільготны перыяд забалочваюцца. У сухі сезон зніжаецца ўзровень грунтавых вод, актыўна праяўляюцца працэсы фіз. выветрывання, у больш засушлівых раёнах — дэфляцыі. Глебы чырвоныя, чырвона-карычневыя, чырвона-бурыя. чорныя, шэра-карычневыя; з вял. колькасцю аксідаў жалеза, марганцу, алюмінію; характарызуюцца прамыўным рэжымам у дажджлівы сезон. Расліннасць: розныя тыпы саваннаў, саванныя лясы, ксерафітныя рэдкалессі і хмызнякі, уздоўж рэк галерэйныя лясы. Жывёльны свет: буйныя капытныя, драпежнікі, грызуны, бегаючыя птушкі, паўзуны і насякомыя Вышынная пояснасць у гарах С.з. прадстаўлена знізу — рэдкалессямі або саваннамі, вышэй — сухімі і мезафітнымі лістападна-вечназялёнымі лясамі, яшчэ вышэй — хмызнякамі і горным стэпам. У С.з. субэкватарыяльных паясоў вылучаюцца падзоны вільготных высакатраўных саваннаў і саванных лясоў, тыповых саваннаў, апустыненых саваннаў і рэдкалессяў. Вырошчваюцца збожжавыя і клубневыя культуры, бавоўнік, джут, арахіс, сізаль, цукровы трыснёг і інш. Жывёлагадоўля (пераважна ў больш засушлівых абласцях). Ландшафты С.з. моцна зменены антрапагенным уздзеяннем (звядзенне лясоў, разворванне, выпальванне траў і інш.), што прыводзіць да іх апустыньвання.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 14, с. 50

САВА́Р,

адзінка частотнага інтэрвалу ў муз. акустыцы. 1 С. роўны частотнаму інтэрвалу з такімі адносінамі гранічных частот f1 і f2, што lg(f2/f1) = 1,0023. 1 С. = 3,32∙10​−3 актавы. Названа імем Ф.Савара.

т. 14, с. 50

САВА́Р ((Savart) Фелікс) (30.6.1791, г. Шарлевіль-Мезьер, Францыя — 16.3.1841),

французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1827). Скончыў Страсбурскі ун-т (1816). Працаваў ваен. хірургам. З 1828 прафесар эксперым. фізікі ў Калеж дэ Франс. Навук. прац па акустыцы, электрамагнетызме, оптыцы і гідрамеханіцы. Вывучаў акустычны рэзананс і заканамернасці распаўсюджвання гуку ў розных асяроддзях, распрацаваў фіз. асновы канструявання струнных інструментаў. Разам з Ж.Б.Біо эксперыментальна вызначыў індукцыю магн. поля, створанага эл. токам (гл. Біо—Савара закон). Вынайшаў прыладу для вызначэння частаты гуку (кола С.), кварцавую пласцінку для вывучэння палярызаванага святла, палярыскоп. Яго імем названа адзінка частотнага інтэрвалу ў акустыцы — савар.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

т. 14, с. 50