Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РЭНЕ́ЙСКІ (Віктар Іосіфавіч) (н. 24.1.1967, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. спартсмен, веславанне на каноэ. Засл. майстар спорту Беларусі (1989). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1990). Чэмпіён XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул) на каноэ-двойцы (у пары з М.​Жураўскім, Малдова) на дыстанцыях 500 і 1000 м; сярэбраны прызёр XXVI Алімп. гульняў (1996, г. Атланта, ЗША); 9-разовы чэмпіён свету на розных дыстанцыях (1989, 1990, 1991), сярэбраны прызёр (1991, 1995). 8-разовы чэмпіён СССР.

т. 14, с. 12

Рэнейскі Анатоль Іосіфавіч

т. 18, кн. 1, с. 444

РЭ́НЕР ((Renner) Карл) (14.12.1870, Дольні-Дунаёвіцы, Чэхія — 31.12.1950),

аўстрыйскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. З 1907 дэп. рэйхсрата Аўстра-Венгрыі. У кастр. 1918 — чэрв. 1920 дзярж. канцлер і адначасова ў ліп. 1919 — кастр. 1920 дзярж. сакратар замежных спраў Аўстр. Рэспублікі. Падпісаў Сен-Жэрменскі мірны дагавор 1919. У 1920—34 чл. Нац. савета, у 1931—33 яго першы прэзідэнт. У 1938 выступаў за аншлюс. З крас. 1945 дзярж. канцлер часовага ўрада Аўстрыі, са снеж. 1945 федэральны прэзідэнт адноўленай Аўстр. Рэспублікі. Адзін з ідэолагаў аўстрамарксізму, аўтар прац «Абнаўленне Аўстрыі» (т. 1—3, 1916), «Марксізм, вайна і Інтэрнацыянал» (1917), «Дзяржаўная гаспадарка, сусветная эканоміка і сацыялізм» (1929), «На рубяжы двух часоў» (1946, аўтабіяграфія), «Чалавек і грамадства» (апубл. ў 1952).

Літ.:

Кретинин С.В. Карл Реннер: жизнь и деятельность (1870—1950) // Новая и новейшая история. 1999. №5.

т. 14, с. 12

РЭНЕСА́НС (франц. Renaissance Адраджэнне, ад лац. renaître адраджацца),

эпоха ў гісторыі еўрап. культуры, пераходная ад сярэдневякоўя да новага часу. Гл. Адраджэнне.

т. 14, с. 12

РЭ́НІ ((Reni) Гвіда) (4.11.1575, г. Вергата, Італія — 18.8.1642),

італьянскі жывапісец. Зазнаў уплыў братоў Карачы, вывучаў творчасць Рафаэля, Караваджа, ант. мастацтва. Працаваў пераважна ў Рыме (з 1605) і Балонні (з 1622). У творчасці спалучаў вытанчанасць гарманічна-ясных, часта рэльефападобных кампазіцый з каларытам, пабудаваным на градацыях цёплых залацістых ці высветленых серабрыстых тонаў; у балонскі перыяд узмацніліся рысы элегантнай халоднай ідэалізацыі, часам сентыментальнасці. Сярод твораў: фрэска «Аўрора» ў Палацца Палавічыні-Распільёзі ў Рыме (каля 1610), карціны «Юнацтва дзевы Марыі» (1610-я г.), «Віфлеемскае забіванне немаўлят» (1612), «Аплакванне Хрыста» (1614—18), «Іосіф і жонка Пентэфрыя» і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 14, с. 12

РЭ́НІЙ (лац. Rhenium),

Re, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат н. 75, ат. м. 186, 207. Прыродны Р. — сумесь 2 ізатопаў: стабільнага ​185Re (37,4%) і слабарадыеактыўнага ​187Re (перыяд паўраспаду 5∙10​10 гадоў). У зямной кары 7∙10​−8% па масе (рассеяны элемент); ізаморфна замяшчае малібдэн у малібдэніце. Адкрыты ў 1925 ням. фізікахімікамі В. і І. Ноддак (муж і жонка); назва ад лац. Rhenus — р. Рэйн.

Серабрыста-шэры пластычны метал, tпл 3180 °C (па тугаплаўкасці другі пасля вальфраму), шчыльн. 21 010 кг/м Хімічна ўстойлівы. Раствараецца ў азотнай і гарачай канцэнтраванай сернай к-тах, пераксідзе вадароду (утвараецца рэніевая к-та HReO4). Пры награванні ў паветры (t >300 °C) акісляецца, узаемадзейнічае з фторам (адзіны метал, які ўтварае ўстойлівы гептафтарыд ReF7 — крышт. рэчыва з tпл 48,3 °C), хлорам, пры 700—800 °C з парай серы, фосфарам. Атрымліваюць з канцэнтратаў малібдэнавых руд (маюць 0,01—0,04% Р.). Выкарыстоўваюць пераважна на выраб плаціна-рэніевых каталізатараў для нафтаперапрацоўчай прам-сці (атрыманне бензіну з высокім актанавым лікам), а таксама дэталей электронных прылад, катодаў, тэрмапар, як матэрыял для эл. кантактаў і пакрыццяў, што ахоўваюць металы ад карозіі і зносу; сплавы Р. з інш. тугаплаўкімі металамі (вальфрам, малібдэн, тантал) як канстр. матэрыял у самалёта- і ракетабудаванні.

т. 14, с. 12

РЭНІ́Н,

ферментатыўны бялок, які ўдзельнічае ва ўтварэнні рэчываў, што рэгулююць крывяны ціск, водна-салявы абмен і т-ру цела. Сінтэзуецца ў нырках, потым паступае ў кроў і лімфу. Каталізуе рэакцыю адшчаплення біялагічна неактыўнага пептыду ангіятэнзіну-1 ад a2-глабуліну плазмы крыві (ангіятэнзінагену). Ангіятэнзін-1 пераўтвараецца ў ангіятэнзін-2, які валодае моцным сасудазвужальным дзеяннем, стымулюе сакрэцыю наднырачнікамі гармону альдастэрону. Утрыманне Р. ў крыві — адзін з крытэрыяў артэрыяльнай гіпертаніі, пры прагрэсіраванні якой узровень Р. ўзрастае. Зніжэнне актыўнасці Р.-ангіятэнзінавай сістэмы ў мозгу садзейнічае развіццю ліхаманкі, павелічэнне прыводзіць да зніжэння высокай т-ры цела.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 12

«РЭНО́»

(Renault S.A.),

аўтамабільны канцэрн Францыі. Засн. ў 1895 прадпрымальнікам Л.​Рэно. У 2-ю сусв. вайну прадпрыемствы канцэрна знішчаны больш чым на 80%. У 1945 нацыяналізаваны, з 1990 акц. т-ва. З 1979 супрацоўнічае з канцэрнам «Вольва», у 1993 абедзве фірмы аб’ядналіся пад назвай «Рэно-Вольва-Атаматыў». Спецыялізуецца на выпуску легкавых і грузавых аўтамабіляў тыпу «Рэно» розных мадыфікацый і цягнікоў. Штаб-кватэра ў г. Булонь-Біянкур.

т. 14, с. 12

«РЭНО́»

(Renault),

сям’я аўтамабіляў і аўтобусаў аднайм. франц. канцэрна. Легкавыя аўтамабілі выпускаюцца з 1898, грузавыя — з 1980. Большасць мадэлей легкавых аўтамабіляў пярэднепрывадныя, маюць бензінавыя рухавікі магутнасцю ад 40 да 123 кВт, найб. скорасць ад 150 да 250 км/гадз. Грузавыя аўтамабілі рознага прызначэння маюць рухавікі магутнасцю ад 36 да 390 кВт, поўную масу ад 1,31 да 40 т (аўтапаязды да 100 т). Пасажыраўмяшчальнасць аўтобусаў ад 17 да 165 чалавек.

т. 14, с. 12

РЭНО́ ((Renault) Луі) (21.5.1843, Атэн, Францыя — 8.2.1918),

французскі юрыст. Скончыў Дыжонскі (1861) і Парыжскі (1868) ун-ты. Праф. міжнар. права Парыжскага ун-та (1881). З 1880 адначасова дырэктар франц. дыпламат. архіва, з 1890 кансультаваў міністэрства замежных спраў Францыі на міжнар. канферэнцыях. У якасці эксперта ўдзельнічаў у Гаагскіх міжнар. канферэнцыях 1899 і 1907, адзін з распрацоўшчыкаў Гаагскіх канвенцый. Чл. Міжнар. трацейскага суда ў Гаазе. Нобелеўская прэмія міру 1907 (з Э.Манетам).

Да арт. «Рэно»: 1 — легкавы аўтамабіль «Рэно-Меган»; 2 — фургон «Рэно-Месенджэр В-120.45»; 3 — прычапны аўтапоезд з цягачом «Рэно-АЕ-Магнум».

т. 14, с. 13